Днямі ВЛКСМ адзначыў свой 100-гадовы юбілей. Камітэт па святкаванні гэтай даты ў Беларусі на дзяржаўным узроўні быў створаны задоўга да дня нараджэння некалі самай масавай маладзёжнай арганізацыі колішняй вялікай краіны. Мерапрыемствы, прысвечаныя гісторыі стварэння і развіцця ВЛКСМ, праходзілі ў Беларусі цягам усяго гэтага часу. Але іх кульмінацыя прыпала на «Камсамольскі тыдзень» непасрэдна перад самой круглай датай. Прыгадаем некаторыя імпрэзы, якія адбыліся напярэдадні 100-гадовага юбілею ВЛКСМ.
Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі — пераемнік і падаўжальнік традыцый камсамола — перад днём нараджэння свайго «старэйшага брата» даў старт маладзёжнаму марафону «Камсамолу — 100: эстафета пакаленняў».
Часткай мерапрыемства ў Рэспубліканскім доме моладзі стала мабільная экспазіцыя: калекцыя камсамольскіх білетаў і значкоў розных пакаленняў, камсамольскія курткі байцоў студэнцкіх атрадаў, выразкі з камсамольскіх газет і часопісаў, пласцінкі з камсамольскімі песнямі, фатаграфіі, плакаты, падарункі і сувеніры, уручаныя ЦК камсамола. У дзень старту марафону арганізатары праекта кінулі кліч для збору камсамольскіх экспанатаў па ўсёй краіне. Пачын быў падхоплены актывістамі Саюза моладзі ў раёнах і гарадах краіны. Яны правялі дыялогі пакаленняў, сустрэліся з камсамольцамі розных гадоў. Падчас сустрэч, а таксама пошукавай работы запісваліся гісторыі відавочцаў тых падзей, збіраліся прадметы (узнагароды, фатаграфіі і іншае), якія адлюстроўваюць гісторыю камсамольскага руху ў кожным рэгіёне.
Па ініцыятыве Мінскай гарадской арганізацыі БРСМ у сталіцы на доме з канспіратыўнай кватэрай Мінскага партыйнага падполля ў 1941—1943 гадах была адкрыта памятная шыльда.
Напярэдадні юбілейнай даты Выдавецкі дом «Звязда» па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі выдаў кнігу «У рытме імклівых гадоў. Нарысы гісторыі камсамола Беларусі» [4]. На 280 старонках аўтарскі калектыў упершыню больш чым за трыццаць гадоў вырашыў прааналізаваць той шлях, які прайшла вядучая маладзёжная арганізацыя: ад перадумоў узнікнення да сённяшняга дня. Сярод тых, хто на падставе архіўных і асабістых дакументаў рыхтаваў кнігу, — вядомыя айчынныя вучоныя, публіцысты, большасць з якіх мае ўласны вопыт работы ў камсамоле і БРСМ. Першапачатковы тыраж кнігі — 2,5 тысячы экзэмпляраў, якія паступяць у продаж і бібліятэкі. Як паабяцалі аўтары, «хутчэй за ўсё, гэта толькі пачатак вялікай работы па асэнсаванні і аналізе гісторыі маладзёжнага руху ў нашай краіне. Наперадзе яшчэ не адна публікацыя і кніга». І неўзабаве было абвешчана, што калектыўную манаграфію да 100-годдзя камсамола Беларусі выдадуць да 2020 года. Гэта будзе яшчэ адна кніга, якая дазволіць найбольш поўна раскрыць гісторыю станаўлення і развіцця маладзёжнага руху ў краіне.
Урачыстая цырымонія гашэння паштовай маркі «100 гадоў камсамолу» прайшла ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску ў гэтыя ж дні. Асновай для яе стала рэпрадукцыя карціны «Партрэт студэнткі», якую ў 1971 годзе алеем на палатне напісаў мінскі мастак Віктар Пратасеня. Марка надрукаваная ў выдавецтве «Беларускі Дом друку» тыражом у 48 тысяч.
Праект быў падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Нацыянальным мастацкім музеем, дзе адкрылася выстаўка «Юнацтва камсамольскае». У экспазіцыі прадстаўлена больш за 60 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, створаных у 1920—1980-я гады, якія адлюстроўваюць гісторыю камсамольскага руху. Выстаўка павінна стаць адным з зыходных пунктаў планамернай і буйнамаштабнай падрыхтоўкі да 100-годдзя камсамола Беларусі, якое будзе адзначацца ў верасні 2020 года. Выстаўка «Юнацтва камсамольскае» будзе экспанавацца ў Нацыянальным мастацкім музеі да 25 лістапада.
Памятны знак «Студэнцкім студатрадам», прысвечаны 55-годдзю студатрадаўскага руху ў Беларусі, устанавілі ў сталіцы 26 кастрычніка. Ён заняў сваё месца на тэрыторыі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Яно выбрана не выпадкова. Менавіта на базе колішняга палітэха быў сфарміраваны першы беларускі студэнцкі будаўнічы атрад. У 1963 годзе ва Уральскую вобласць Казахстана выехалі 2,5 тысячы беларускіх студэнтаў з 16 ВНУ краіны, з іх 600 студэнтаў БПІ.
Першым камандзірам Беларускага зводнага цаліннага атрада быў выпускнік Беларускага політэхнічнага інстытута Ноліс Варонін. Працоўны семестр доўжыўся 70 дзён. Зводны атрад удзельнічаў у будаўніцтве 362 аб'ектаў жыллёвага і культурна-бытавога прызначэння ў 41 гаспадарцы Заходне-Казахстанскага краю. У стэпе было пабудавана 100 жылых дамоў, 18 інтэрнатаў, 34 культурна-бытавыя аб'екты,
6 майстэрняў, 8 школ.
За актыўны ўдзел у трэцім працоўным семестры і дасягнутыя высокія вынікі ў рабоце камсамольская арганізацыя Беларускага політэхнічнага інстытута была занесена ў Кнігу Гонару ЦК ВЛКСМ, 16 чалавек былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. А ў 1984 годзе па выніках Усесаюзнага агляду студэнцкіх будаўнічых атрадаў БПІ было прысуджана першае месца сярод вышэйшых навучальных устаноў СССР.
У гэты ж дзень, дакладней, у ноч з 26 на 27 кастрычніка, у Мінску прайшла ноч камсамольскага кіно «Час выбраў нас». У кінатэатры «Камсамолец» гараджанам і гасцям сталіцы з 22 гадзін вечара да 6 гадзін раніцы дэманстравалі аднайменную пяцісерыйную стужку Міхаіла Пташука, знятую на кінастудыі «Беларусьфільм». Фільм расказвае пра гераічную барацьбу камсамольцаў-падпольшчыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Гэта толькі невялікая частка мерапрыемстваў, якія прайшлі ў краіне да 100-годдзя ВЛКСМ.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] http://zviazda.by/be/news/20181023/1540312985-vyyshla-kniga-u-rytme-imklivyh-gadou-narysy-gistoryi-kamsamola-belarusi
[5] https://zviazda.by/be/tags/brsm
[6] https://zviazda.by/be/tags/vlksm
[7] https://zviazda.by/be/tags/moladz
[8] https://zviazda.by/be/tags/kamsamol