У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны паведамілі пра тое, як з пачатку апошняга асенняга месяца ў краіне зменяцца дзяржаўныя выплаты для пенсіянераў, сем'яў з дзецьмі і людзей з інваліднасцю, а таксама крытэрыі патрэбнасці пры вызначэнні права на дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу.
Працоўныя пенсіі павысяцца
У нашай краіне з 1 лістапада павышаюцца працоўныя пенсіі, у сярэднім на 5,3 %. Чакаецца, што сярэдні памер працоўных пенсій вырасце да 388,1 рубля, а сярэдні памер пенсіі па ўзросце — да 393,96 рубля. У гэтым годзе працоўныя пенсіі беларусаў ужо павышаліся двойчы — з 1 мая і 1 жніўня. У цэлым, як адзначаюць у Мінпрацы, у выніку зробленых у гэтым годзе пераразлікаў працоўныя пенсіі павялічацца на 22 %.
Вырастуць бюджэт пражытковага мінімуму і дзіцячыя дапамогі
З 1 лістапада вырасце бюджэт пражытковага мінімуму (БПМ) і, адпаведна, паднімуцца мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі, некаторыя дзіцячыя дапамогі, прывязаныя да БПМ, а таксама зменяцца мінімальныя спажывецкія бюджэты.
Бюджэт пражытковага мінімуму ў лістападзе складзе 214,21 рубля. Ён будзе дзейнічаць да канца студзеня 2019 года.
Павелічэнне БПМ адаб'ецца і на аднаразовай дапамозе ў сувязі з нараджэннем першага дзіцяці, якая цяпер будзе раўняцца 2142,7 рубля, пры нараджэнні другога і наступных дзяцей памер аднаразовай дапамогі складзе 2998,94 рубля. Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, складзе 214,21 рубля.
Дапамога сем'ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў (штомесячная) складзе 107,11 рубля.
Дапамога на дзяцей, старэйшых за 3 гады, з асобных катэгорый сем'яў, прадугледжаных заканадаўствам (штомесячная):
— на дзяцей, старэйшых за 3 гады, якія выхоўваюцца ў такіх сем'ях (акрамя дзіцяці-інваліда), — 107,11 рубля;
— на дзіця-інваліда, старэйшага за 3 гады, — 149,95 рубля.
Дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў (штомесячная):
— з І і ІІ ступенню страты здароўя да спаўнення дзіцяці 18 гадоў і з ІІІ і ІV ступенню страты здароўя да спаўнення дзіцяці 3 гадоў — 214,21 рубля;
— з ІІІ і ІV ступенню страты здароўя пасля спаўнення дзіцяці 3 гадоў — 257,05 рубля;
— дапамога на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека (штомесячная), складзе 149,95 рубля.
Павялічацца памеры мінімальных спажывецкіх бюджэтаў
Таксама з лістапада ўстаноўлены новыя памеры мінімальных спажывецкіх бюджэтаў (МСБ) для розных сацыяльна-дэмаграфічных груп:
для працаздольнага насельніцтва — 446,02 рубля;
для пенсіянераў — 349,35 рубля;
для студэнтаў — 328,98 рубля;
для дзяцей ва ўзросце да трох гадоў — 282,23 рубля;
для дзяцей ва ўзросце ад трох да шасці гадоў — 365,35 рубля;
для дзяцей ва ўзросце ад шасці да васямнаццаці гадоў — 379,23 рубля;
для сям'і з чатырох чалавек — 347,74 рубля;
для маладой сям'і з трох чалавек — 377,03 рубля.
Гэтыя памеры мінімальных спажывецкіх бюджэтаў будуць дзейнічаць да 31 студзеня 2019 года.
Святлана БУСЬКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-busko
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/prazhytachny-minimum
[4] https://zviazda.by/be/tags/pracounyya-pensii
[5] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-pracy