Прэзентацыя першага студыйнага кампакт-дыска “Зялёны явар, дуброва. Музыка Полаччыны” фальклорнага гурта “Варган” прайшла ў Мінску
Вечарынка ў “Грай-кафэ”
Традыцыйныя спевы й музыка беларусаў яшчэ шырэй пайшлі ў свет дзякуючы альбому “Зялёны явар, дуброва. Музыка Полаччыны” фальклорнага гурта “Варган”. “Кампакт-дыск дае магчымасць пачуць беларускую традыцыйную музыку ў неапапсаванай форме, да таго ж і ў непсеўдафальклорным выглядзе, а найбольш прыбліжанай да традыцый Полацкай зямлі”, — лічыць Сяржук Доўгушаў, кіраўнік праекта “Традыцыя”, у плыні якога й з’явіўся альбом. Як вядома, Полаччына, музычны вобраз якой прадставіў “Варган”, калісьці была цэнтрам фарміравання старажытнай Крывіцкай зямлі. У альбоме, дарэчы, ёсць гучанне варгана: гэты музінструмент быў пашыраны на беларускіх землях з часоў ранняга Сярэднявечча. Некалькі варганаў, гаварылі полацкія госці на прэзентацыі ў Мінску, было знойдзена пад час раскопак у старажытным Полацку — тое зрабіў малады археолаг Аляксей Коц, адзін з удзельнікаў гурта “Варган”. Для гэтых энтузіястаў, аднадумцаў варган — як своеасаблівы “партал”, які дазваляе вандраваць у прасторы й часе, паглыбляцца ў гукавую стыхію мінуўшчыны.
Музычны партрэт Полаччыны дапаўняюць і такія знакавыя для рэгіёна старажытныя інструменты, як дуда й колавая ліра. З імі знаёміў слухачоў на прэзентацыі вядомы музыка, этнограф і мастак Алесь Лось. Свае галасы з кампазіцый, што склалі кампакт-дыск, падаюць цымбалы, гармонік, скрыпка й бубен. Увогуле ж там прадстаўлены песні ды інструментальныя кампазіцыі, якія даўней гучалі на Полацкай зямлі, арганічна ўпляталіся ў гадавое каляндарнае кола. “Варганцы” спяваюць абрадавыя песні, прымеркаваныя да знакавых святаў, лірычныя: жаночыя й мужчынскія. На дыску 18 трэкаў — песні, найгрышы, нават “цярэшкі”. Некалькі песень запісала спявачка з “Варгана” Ганна Лутава ад сваёй бабулі: Ганны Міхайлаўны Шчарбаковай з вёскі Шастова Полацкага раёна.
І яшчэ — пра гучанне кампазіцый, песень з альбома. Было ў мяне ўражанне асабістай прысутнасці там, дзе робіцца палявы запіс, гэта значыць на нейкім свяце, вечарынцы, ігрышчы. Сяржук Доўгушаў, ініцыятар стварэння альбома, спадзяецца: яго добра ўспрымуць на Віцебшчыне, на Полаччыне. Да таго ж, падзяліўся меркаваннем, варта знаёміць з традыцыйнымі спевамі й беларусаў замежжа. Таму ён збіраецца прэзентаваць дыск у сваіх замежных паездках.
Энергія продкаў
Між тым у культурных асяродках замежжа бадай што й не знаёмы з беларускай традыцыйнай музыкай. Бо інтарэс да этнічнай, аўтэнтычнай музыкі ў саміх нас узнік параўнальна нядаўна. “Большасць людзей, на жаль, знаёмы толькі са сцэнічнымі формамі фальклору, — тлумачыць кіраўніца гурта “Варган” Вольга Емяльянчык. — А гэта — зусім іншае мастацтва, яно вельмі адрозніваецца ад аўтэнтычнага. Перад усім па той прычыне, што аўтэнтычны фальклор ніколі не быў прызначаны для сцэны. Гэта музыка, якая гучала пад час святаў, абрадаў, бяседаў і патрабавала ўдзелу ўсіх людзей. Калі танцы — то ўсе танчаць, калі нехта песню завёў — то ўсе падхопліваюць. Гэтыя песні даўгія, сюжэтныя, і чалавеку недасведчанаму вельмі цяжка такі матэрыял успрыняць, калі ён гучыць са сцэны”, На яе думку, традыцыйны фальклор і разлічаны на аматара: “У адрозненне ад поп-музыкі, якая лёгка ўспрымаецца й можа гучаць фонам, многія музычныя жанры, напрыклад, джаз, ці сімфанічная музыка, патрабуюць спецыяльнага настрою й падрыхтоўкі. Гэта ж датычыць і традыцыйнай музыкі. Калі ж слухач настроены адпаведным чынам, такая музыка можа закранаць вельмі глыбокія струны душы”.
Аднак і ў “Грай-кафэ” ў Мінску, дзе прэзентаваўся кампакт-дыск, “Варган” выйшаў на сцэну, выступаў. “Людзей выпадковых на прэзентацыі не было: яны хацелі пачуць беларускую народную песню, музыку. Публіка вельмі цёпла нас прымала, так што й мы спявалі ў асалоду, на добрым узроўні”, — дзялілася ўражаннямі Вольга Емяльянчык. А прычыну свайго захаплення народнымі спевамі яна тлумачыць так: “Як дакранаешся й паглыбляешся ў культуру традыцыйных беларускіх спеваў, то яна не адпускае і дае вельмі шмат жыццёвых сіл. Для мяне, напрыклад, выкананне аўтэнтычных песень — гэта спосаб аднаўлення энергетычнай сувязі з продкамі”.
Песні ад бабуль і дзядуль
Аўтэнтычным спевам і музыцы нельга навучыцца па нотах: яны ж не перадаюць характар і манеру выканання. Тое можна пераняць толькі з голасу вясковых выканаўцаў. Такіх бабуль і дзядуль і знаходзяць Вольга Емяльянчык ды аднадумцы з гурта “Варган”, які яна стварыла. “Варганцы” — гэта людзі-энтузіясты, гатовыя ездзіць па вёсках Беларусі, каб прадоўжыць народную песенную традыцыю. Каштоўны набытак гуртоўцаў, якім яны гатовы дзяліцца з іншымі, — аўдыёзапісы, прывезеныя імі з этнаграфічных экспедыцый у беларускую глыбінку.
Фальклорны гурт “Варган” утварыўся ў 2010 годзе на базе гістарычна-філалагічнага факультэта Полацкага дзяржуніверсітэта. Аснова рэпертуару сёння — беларускія традыцыйныя песні розных жанраў: каляндарныя, сямейна-абрадавыя, лірычныя. Прычым з розных рэгіёнаў Беларусі. Асаблівая ж увага — да спеўных традыцый Беларускага Падзвіння, па якім і ладзіцца большасць этнаграфічных экспедыцый.
Цяпер “Варган” — гэта і творчая лабараторыя, і сяброўскае кола душэўных людзей, што вывучаюць, пераймаюць, прадаўжаюць традыцыі беларускай культуры. На базе гістфака штотыдзень праходзяць рэпетыцыі, ладзяцца майстар-класы па традыцыйных беларускіх танцах, бываюць і творчыя сустрэчы з цікавымі людзьмі, гуртамі з Беларусі й замежжа. Сама ж Вольга Емяльянчык, дацэнт кафедры гісторыі й турызму Полацкага дзяржуніверсітэта, нязменная кіраўніца й натхняльніца гурта, больш за 10 гадоў праводзіць вакальныя майстар-класы па традыцыйным беларускім спеве ў Польшчы й Беларусі.
Ганна Лагун
Фота: Андрэй Землякоў
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/polack
[2] https://zviazda.by/be/tags/muzyka