Адразу чатыры каманды Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта выйшлі ў паўфінал чэмпіянату свету па праграмаванні сярод студэнтаў. Гэту магчымасць яны заваявалі ў чвэрцьфінале прэстыжных спаборніцтваў, якія завяршыліся ў Мінску.
Абсалютным пераможцам чвэрцьфіналу стала каманда факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, якая рашыла 11 з 12 задач за найменшы час. У яе склад увайшлі першакурснік Аляксандр Кернажыцкі і студэнты другога курса Фёдар Карабейнікаў і Ягор Дубовік. Гэта адно з найлепшых вынікаў выступленняў студэнтаў Белдзяржуніверсітэта за апошнія гады.
Таксама па выніках чвэрцьфіналу ў паўфінале выступяць тры каманды Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, дзве — з Латвійскага універсітэта і па адной з Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Балтыйскага Федэральнага ўніверсітэта імя Імануіла Канта (Расія), Вільнюскага ўніверсітэта, Вільнюскага тэхнічнага ўніверсітэта імя Гедыміна і Каўнаскага тэхналагічнага ўніверсітэта.
Удзельнікамі адборачнага этапу спаборніцтваў у Мінску сталі 45 студэнцкіх каманд з Беларусі, Латвіі, Літвы і Калінінградскай вобласці Расіі З іх шэсць зборных выступалі за факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ.
У чвэрцьфінале студэнтам прапаноўвалася вырашыць 12 алгарытмічных задач за 5 гадзін. Згодна з рэгламентам кожнай камандзе прадастаўляўся адзін камп’ютар. Перамога прысуджалася зборнай, якая рашыла большую колькасць задач за найменшы час.
Паўфінал чэмпіянату свету па праграмаванні адбудзецца ў снежні гэтага года ў Санкт-Пецярбургу. А фінал пройдзе ў г. Порту (Партугалія) у красавіку 2019 года.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/infarmatyka
[2] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[3] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya