Арыгінальны супрацьпухлінны прэпарат “Тэмадэкс”, распрацаваны навукоўцамі Белдзяржуніверсітэта, выйдзе на фармацэўтычны рынак Паўднёвай Амерыкі. Урачы-нейрахірургі з пяці клінік Калумбіі сустрэліся з кіраўніцтвам БДУ. У склад дэлегацыі, якая наведала беларускую ВНУ, увайшлі спецыялісты па вывучэнню, абследаванню і лячэнню розных форм анкалагічных захворванняў.
У рамках афіцыйнага візіту ў Беларусь спецыялісты прынялі ўдзел у правядзенні аперацыі ў Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска з выкарыстаннем “Тэмадэкса”. Правялі яе прафесар кафедры нервовых і нейрахірургічных захворванняў БДМУ Аляксандр Фядулаў і ўрач-нейрахірург вышэйшай катэгорыі Дзмітрый Вееўнік.
“Тэмадэкс” распрацаваны навукоўцамі НДІ фізіка-хімічных праблем БДУ і вырабляецца на прадпрыемстве “Унітэхпрам БДУ”. Прэпарат не мае сусветных аналагаў і ўяўляе сабой гідрагелевую тэрапеўтычную сістэму для лакальнай хіміятэрапіі злаякасных пухлін галаўнога мозгу. Ён прымяняецца для знішчэння ракавых клетак, якія засталіся пасля правядзення хірургічнай аперацыі, і прадухіляе рэцыдывы: даказана, што лекавы сродак павялічвае працягласць жыцця пацыента.
Ініцыятарам сустрэчы нейрахірургаў з Калумбіі з кіраўніцтвам БДУ стаў генеральны дырэктар кампаніі Double Bond Pharmaceutical (Швецыя) Ігар Локаць. Кампанія падпісала ў 2015 годзе дагавор з распрацоўшчыкамі прэпарата па яго прасоўванні на рынках далёкага замежжа. У бліжэйшы час плануецца абмеркаваць дэталёвыя пытанні па пастаўцы проціпухліннага лекавага сродку “Тэмадэкс” у калумбійскія клінікі.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/navuka
[2] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[3] https://zviazda.by/be/tags/preparat
[4] https://zviazda.by/be/tags/psupracpuhlinny-preparat
[5] https://zviazda.by/be/tags/kalumbiya
[6] https://zviazda.by/be/tags/leki