Дзяржаўны дэпартамент Злучаных Штатаў накіраваў у штаб-кватэру Сусветнага паштовага саюза ліст аб дэнансацыі. Адміністрацыя Дональда Трампа незадаволена тым, што дастаўка пакета з Кітая ў ЗША абыходзіцца танней, чым унутры гэтай краіны.
«Гэта абцяжарвае амерыканскую паштовую сістэму, якой прыходзіцца ўстанаўліваць больш высокія тарыфы для амерыканскіх кампаній для перакрыжаванага субсідавання, а гэта, у сваю чаргу, азначае страту рабочых месцаў», — зазначыў высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі Дональда Трампа.
Цяпер Злучаныя Штаты будуць самастойна ўстанаўліваць тарыфы на перасылку пакетаў вагой да двух кілаграмаў, каб выправіць сур'ёзны эканамічны перакос.
Зрэшты, працэс выхаду зойме каля года. А ў гэты час ЗША будуць весці перагаворы аб змене тарыфаў на ўзроўні Сусветнага паштовага саюза. Па словах прэс-сакратара Белага дома Сары Сандэрс, калі саюз перагледзіць тарыфы, то ЗША адклічуць ліст аб дэнансацыі.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/kantakt