Дзяржаўны стандарт на паслугі прафесійнага прыбірання памяшканняў прапануецца распрацаваць у Беларусі. Аб гэтым паведаміла дырэктар Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Ірына Асмола, піша БЕЛТА [1].
"У Дзяржстандарт звяртаюцца арганізацыі з прапановай распрацаваць стандарт на клінінгавыя паслугі, або паслугі прафесійнага прыбірання памяшканняў. Такая магчымасць разглядаецца. Сёння ў Беларусі няма стандарту, які вызначае патрабаванні да якасці такіх паслуг. У той жа час многія буйныя арганізацыі сутыкнуліся з іх няякасным аказаннем. Пры гэтым лепш за ўсё, калі будзе праводзіцца і незалежная ацэнка на адпаведнасць гэтаму стандарту, якая пацвярджае здольнасць кампаніі якасна выконваць заяўленыя паслугі", - расказала Ірына Асмола.
У Беларусі дзейнічаюць 147 дзяржаўных стандартаў, якія ўстанаўліваюць патрабаванні да якасці паслуг. Гэта рамонт бытавой тэхнікі, чыгуначных саставаў, турысцкія, лагістычныя паслугі, паслугі пральняў, электрасувязі і г.д. Пры гэтым пад абавязковую сертыфікацыю падпадаюць толькі тры віды паслуг - па рамонце і тэхнічным абслугоўванні гульнявых аўтаматаў, падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы вадзіцеляў транспартных сродкаў, а таксама шэраг паслуг у будаўнічай сферы.
Ірына Асмола адзначыла скарачэнне колькасці заявак на добраахвотную сертыфікацыю паслуг цырульняў, пральняў, па рамонце бытавой тэхнікі, сотавых тэлефонаў. "Засталася станоўчая тэндэнцыя добраахвотнай сертыфікацыі гасцінічных, турыстычных паслуг і паслуг па рамонце аўтатранспартных сродкаў. Суб'екты, якія прайшлі гэту працэдуру, разумеюць, што сертыфікат адпаведнасці - гэта паказчык канкурэнтаздольнасці і якаснага аказання паслугі", - дадала яна.
З 5 па 11 лістапада пад дэвізам "Якасць - гэта поспех!" праходзіць Еўрапейскі тыдзень якасці.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/economics/view/gosstandart-na-kliningovye-uslugi-mozhet-pojavitsja-v-belarusi-324744-2018/
[2] https://zviazda.by/be/tags/yakasc
[3] https://zviazda.by/be/tags/paslugi
[4] https://zviazda.by/be/tags/kliningavyya-kampanii
[5] https://zviazda.by/be/tags/yakasc-paslug