Нанесеная шкода ацэньваецца ў суму каля трох тысяч рублёў.
У Асіповіцкім раёне паблізу вёскі Орча траіх паляўнічых, якія мелі дазвол на здабычу зайцаў, затрымалі па падазрэнні ў незаконнай здабычы казулі. Паводле папярэдняй версіі, жывёлу падстрэлілі, разабралі і склалі мяса ў заплечнік, які потым схавалі ў кустах. Астатняе спакавалі ў пакет і закапалі ў лесе, прысыпаўшы гэта месца лісцем.
Пры затрыманні паляўнічыя адмаўлялі сваё дачыненне да незаконнай здабычы капытнай жывёлы. Больш за тое — сцвярджалі, што наогул не зрабілі сёння ніводнага стрэлу. Але простая праверка іх зброі паказала: з адной адзінкі нядаўна стралялі — са ствала пахла порахам. За сваю хітрасць паляўнічыя паплаціліся часовым пазбаўленнем волі, цяпер усе трое знаходзяцца ў ізалятары Асіповіцкага РАУС.
Як паведамілі ў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, па факце незаконнай здабычы казулі распачата крымінальная справа, прычыненая шкода ацэньваецца ў суму каля трох тысяч рублёў. Зброю і вопратку паляўнічых канфіскавалі і адправілі на экспертызу. Нават па самых малых слядах крыві, пакінутых на рэчах або руках падазраваных, эксперты змогуць вызначыць, ці супадае генатып з біялагічным матэрыялам незаконна здабытай жывёлы. У выпадку пацверджання браканьераў абавяжуць пакрыць шкоду і заплаціць буйны штраф альбо прызначаць пакаранне ў выглядзе абмежавання або пазбаўлення волі.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/palyavanne
[2] https://zviazda.by/be/tags/shkoda
[3] https://zviazda.by/be/tags/brakanery