Кандыцыянеры ў трактарах, жыллё для кожнага работніка, мясныя бонусы... Гэтыя і іншыя выгоды прадпрыемства «Фалько-Агра» прывабліваюць да насамрэч даволі цяжкай сельскай працы спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і нават гарадской прапіскай. А ўсё таму, што тыя, хто імкнецца працаваць і ўдасканальвацца, бачаць аддачу і падтрымку ад гаспадаркі. А яшчэ — разуменне і спагаду яе кіраўніка, які заўжды гатовы, здаецца, да любых раптоўнасцяў: сюрпрызаў прыроды ці нечаканых гасцей любога рангу.
Не хваліся травою, а хваліся сенам
«Галоўнае, каб здароўе не падводзіла, а справіцца з астатнім мы сваім работнікам дапаможам», — сцвярджае Вадзім КУНЦ, дырэктар філіяла «Фалько-Агра» адкрытага акцыянернага таварыства «Агракамбінат «Дзяржынскі», пакуль вязе наш звяздоўскі дэсант на адзін з малочнатаварных комплексаў (МТК) гаспадаркі. Па шляху бачым палі, ужо цалкам падрыхтаваныя да зімы.
Сёлета тут сабралі чатыры ўкосы люцэрны і тры ўкосы злакавых траў. Прычым сенажаці так дбайна і чыста прыбралі, што яны выглядаюць як «падстрыжаныя».
— Адыходзім на зімоўку ідэальна. Па вясне не будзе ўчасткаў, дзе камусьці прыйдзе ў галаву падпаліць леташнюю траву, бо яе проста не засталося, — кажа дырэктар. — Сёлета да вясны падрыхтавана значна больш зямлі, чым у папярэднія гады. Калі не здарыцца катаклізмаў, наступны год стане больш ураджайным, чым гэты.
Нягледзячы на засушлівае лета, з-за чаго недалічыліся рапсу і збожжа, спрацавалі ў гаспадарцы нядрэнна. Аб'ём кармоў дабралі кукурузай. Зернем атрымалі ад яе ўраджайнасць 144 цэнтнеры з гектара, а сіласам — 425. А па сухім рэчыве на агульнай корманарыхтоўцы сёлета назапасілі на 1250 тон больш, чым летась. Так што карміцца жывёлам будзе чым, зрэшты, як і заўжды. Скаціна «Фалько-Агра» корміцца тым, што нарыхтавана на ўласных палетках. Купляць дадатковае харчаванне не прыходзіцца, бо аб'ём свайго разлічаны з запасам на паўтара года. Па валавой вытворчасці тут мяркуюць выйсці на 101 %.
Да прафесійнага свята амаль на ўсе палі «Фалько-Агра» ўжо ўнеслі арганіку і зааралі зямлю. Азімыя таксама ўсе пасаджаны. Наступнае поле весела зелянее лісцем — гэта рапс, які з-за цёплай восені крыху перабуяў, як яго ні стрымлівалі рэгулятарамі росту. Ён паспеў набраць цукроў і павінен добра перазімаваць, бо пункт росту яго непадалёк ад зямлі, так што градусаў 15 марозу перанясе.
— Затое як мясцовыя зайцы задаволеныя: для іх жа рапс — гэта капуста. Яны да зімы тут атлусцеюць. У ваколіцы іх шмат, і людзей без стрэльбы зусім не баяцца, — смяецца дырэктар, каментуючы навакольную карціну.
Гараджане з вышэйшай адукацыяй і будучыя кіраўнікі
Многія работнікі трапляюць у гаспадарку пасля вытворчай практыкі ў «Фалько-Агра», падчас якой яны не толькі набіраюцца вопыту, але і зарабляюць грошы. Штогод тут працуюць студэнты з БДЭУ і БАТУ. Вось і зараз два бухгалтары вучацца і працуюць.
— Я адразу кажу студэнтам: практыка простая, што вы ўмееце? Нічога? Значыць, навучым. Можаш кіраваць трактарам? Будзеш кіроўцам. Хочаш быць памочнікам камбайнера? Калі ласка, — расказвае Вадзім Кунц. — Сёлета чалавек сем у нас было. З ліпеня па канец кастрычніка працавалі без адпачынку. За гэты час яны і шмат ведаў атрымалі, і асвоілі розныя напрамкі сельскай гаспадаркі. А ў мяне ёсць магчымасць адабраць сабе з практыкантаў самых лепшых на працу. Хтосьці застаецца, хтосьці вырастае з нашых рамак і ідзе далей. Нікога не трымаю, рыхтуем новых. Мая задача — паказаць, што сёння рэальна рабіць прадукцыю ў гаспадарцы і зарабляць. І чым больш іх будзе, тым лепш яны будуць гэта разумець.
Апошнім часам з Дзяржынска сталі прыходзіць жанчыны з вышэйшай інжынернай ці будаўнічай адукацыяй, каб стаць у гаспадарцы аператарамі машыннага даення.
— Магчыма, іх прываблівае і зарплата, і наш сацыяльны пакет, — мяркуе дырэктар. — На комплексах ужо выйшлі на стандартны васьмігадзінны рабочы дзень у тры змены, так што ўмовы палепшыліся. А калі ў гаспадарцы працуе пара, то яны ўжо мяса ў краме амаль не бяруць: хапае паўфабрыкатаў, якімі чатыры разы на год заахвочваюць супрацоўнікаў.
Штогод з гэтай невялічкай кузні кадраў стабільна выходзяць адзін-два кіраўнікі. А большасць спецыялістаў — з вышэйшай адукацыяй. Кіраўнік сцвярджае, што яму гэта выгадна:
— Такія людзі здольны вучыцца. Два-тры разы растлумачыў, што трэба рабіць, і справа пайшла. Я вучу таму, чаго не пішуць у кнігах, тлумачу даступнай, зразумелай мовай.
А яшчэ кіраўнік адпускае людзей у адпачынак не толькі ўзімку, а і летам, падчас «гарачай» пары, не прымушае працаваць без выхадных, каб людзі не валіліся з ног. «Нават вялікі заробак не ўтрымае чалавека, калі няма адпачынку», — разумее ён і клапоціцца яшчэ пра камфорт і бяспеку працы.
Налета большасць машын, нават старых трактароў, плануюць абсталяваць кандыцыянерамі, каб людзям было бяспечна і камфортна працаваць.
— На спёцы ў кабіне пад 50 градусаў — знаходзіцца там вельмі цяжка, таму я раю хлопцам больш піць і абавязкова паспаць падчас перапынку, — кажа дырэктар. — Часта моладзь таму і не хоча заставацца працаваць, бо няма належнага камфорту, а ў неспрыяльных умовах у чалавека вялікі знос. У сельскай гаспадарцы ўвогуле цяжка працаваць, не ў кожнага здароўя на гэта хопіць.
Працоўны камфорт дае эканамічныя выгады
На пад'ездзе да МТК «Вязынка» бачым замілавальную карціну: каровы ходзяць па двары паміж двума будынкамі, сцены іх з густам распісаны малюнкамі з выявамі рагуль ды кветак. Любата ды і годзе! Далей — болей. Мясцовы мастак упрыгожыў і плот, і сцены ледзьве не ўсіх пабудоў комплексу. На ўваходзе ў адміністрацыйны будынак сустракае кароўка, а ўнутры па сцяне пляцецца вінаград. Далей цэлае памяшканне запоўнена матылькамі, праўда, не намаляванымі, а прыклеенымі да сцен. Такая прыгажосць навокал падымае настрой, і, думаецца, прыходзіць сюды на працу прыемна.
З такім меркаваннем не можа не пагадзіцца Аляксандр КАМЗОЛАЎ, памочнік начальніка малочнатаварнага комплексу «Вязынка», які працуе тут чацвёрты год, прайшоўшы шлях ад рознарабочага да намесніка кіраўніка комплексу. Мужчына родам з Данецкай вобласці. На радзіме быў інжынерам-будаўніком аўтамабільных дарог і аэрадромаў. Прыехаў у Беларусь адзін, тут знайшоў жонку, займеў дзетак, цяпер атрымлівае адукацыю заатэхніка.
— Трэба было паказаць сваё стаўленне да работы і свае ўменні, і гэта заўважылі і ацанілі. Ужо пусціў карані ў гаспадарцы і вельмі ўдзячны за адносіны і дапамогу, — кажа ён.
Калектыў «Фалько-Агра», кажуць, увогуле інтэрнацыянальны. Раней было шмат перасяленцаў з Казахстана, многія з якіх цяпер ужо на пенсіі. Шмат украінцаў, якія працуюць на самых розных пасадах. Ёсць малдаване, татары, расіяне. «Я ж бяру на працу чалавека, які хоча рабіць, а не падбіраю па нацыянальнасці», — заўважае Вадзім Кунц.
З клопатам пра чалавека будуецца і ўся работа тут. Супрацоўнікі атрымліваюць у карыстанне жыллё, якое праз 15 гадоў работы ў гаспадарцы можна прыватызаваць. Нават пасля выхаду на пенсію людзі застаюцца жыць у выдзеленых дамах ці могуць набыць іх ва ўласнасць.
Нягледзячы на сучаснае абсталяванне МТК, тэхналагічна расці заўжды ёсць куды, упэўнены кіраўнік «Фалько-Агра»:
— Прагрэс не стаіць на месцы, а палепшаныя ўмовы працы даюць эканамічныя выгады. І мы заўжды вучымся: і я, і мае спецыялісты.
На будаўніцтва папярэдняга комплексу гаспадарка ўзяла крэдыт, які выплачвае дагэтуль. Каб знізіць нагрузку на бюджэт прадпрыемства, наступны МТК узводзяць сваімі сіламі, выкарыстоўваючы ўласныя сродкі і тэхніку. Наймаюць толькі бульдозер ды каток і бяруць крэдыт на абсталяванне. Налета новы аб'ект, разлічаны на 600 дойных кароў і цялушак, мяркуюць запусціць.
Як пакорміш — так і падоіш
Малако «Фалько-Агра» не кісне, і гэта не жарт! Зрабіць з яго смятану ці тварог без закваскі немагчыма нават пасля трох дзён на сонцы ці тыдня ў халадзільніку. Пры гэтым у прадукт не дадаюць ніякіх рэчываў.
— Звычайна малако стэрылізуецца ці пастэрызуецца, каб пазбавіць яго ад бактэрый, а наша застаецца жывым, і ў ім няма ніякіх бактэрый. Яно фактычна лекавае, і яго выкарыстоўваюць для гатавання дзіцячага харчавання, — тлумачыць Вадзім Кунц. — Мы проста вытрымліваем тэхналогію, а якасць кармоў правяраем двойчы на месяц.
Дзякуючы павелічэнню надояў, а сёлета будзе каля 9600 кілаграмаў з каровы, прыбытак ад здачы малака ў гаспадарцы таксама крыху павялічыўся, нягледзячы на тое, што закупачны кошт на прадукцыю зменшыўся да 62 капеек за літр.
Памеры надояў залежаць не толькі ад харчавання, а і ад генаў жывёл.
— Паляпшаючы генетыку, мы штогод атрымліваем усё больш малака. Мы скрыжоўваем жывёл, якія даюць 8-9 тон малака на год з тымі, хто дае 13—15 тон, — тлумачыць дырэктар. — Каб атрымаць добры вынік, трэба, каб былі падрыхтаваныя кадры, здольныя ўлічваць генетычныя паказчыкі жывёл, тэхналагічныя магчымасці, якасць кармоў і своечасовасць усіх складальнікаў працэсу.
«Фалько-Агра» атрымлівае прыбытак і ад ялавічыны, якая сёлета дазволіла атрымаць рэнтабельнасць. Звяно гаспадаркі — сямейная пара тэхнікаў-асеменатараў Ганна і Сяргей Манахавы і заатэхнік-селекцыянер Таццяна Шчадро — заняло другое месца на рэспубліканскіх спаборніцтвах па ўзнаўленні.
Ірына Сідарок, Алена Даўжанок, Андрэй Сазонаў
УНП 601064189
На правах рэкламы
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/author/alena-dauzhanok
[3] https://zviazda.by/be/author/andrey-sazonau
[4] https://zviazda.by/be/ekanomika
[5] https://zviazda.by/be/selskaya-gaspadarka
[6] https://zviazda.by/be/tags/zyamli-nadzeynaya-apora
[7] https://zviazda.by/be/tags/reklama-na-partale