16 лістапада ў НАН Беларусі (пр. Незалежнасці, 66) адкрыецца маштабная выстава навукова-тэхнічных дасягненняў вучоных. На ёй будзе прадстаўлена больш за 300 новых распрацовак і тэхналогій.
Выстава будзе складацца з 7 кластараў, звязаных з прыярытэтнымі навуковымі напрамкамі. У рамках экспазіцыі можна будзе азнаёміцца з інфармацыйна- камунікацыйнымі і авіякасмічнымі тэхналогіямі (Беларускай касмічнай сістэмай дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, беларускім офісным суперкам’ютарам “Скіф-Геа”, тэхналогіяй аўтаматычнай ідэнтыфікацыі і электронных дзелавых аперацый); электратранспартам, у тым ліку персанальным, а таксама аўтакампанентамі (суперкандэнсатарным назапашвальнікам энергіі для пасажырскага электробуса).
Наведвальнікі змогуць убачыць апошнія дасягненні ў галіне біятэхналогій, медыцынскіх і фармацэўтычных тэхналогій. Не застануцца без увагі оптыка і лазерная фізіка, лазерныя сістэмы і тэхналогіі ў медыцыне, экалогіі, прамысловасці, метралогіі і абароне інфармацы, нана- і адытыўныя тэхналогіі (кампазіцыйныя матэрыялы, матэрыялы для экструзійнага 3D-друку), агратэхналогіі (інавацыйныя гатункі сельскагаспадарчых культур з высокімі паказчыкамі прадуктыўнасці і якасці; функцыянальныя прадукты харчавання), а таксама інавацыйнае машынабудаванне для сельскай гаспадаркі.
Многія распрацоўкі беларускіх вучоных не маюць аналагаў у свеце. Напрыклад, Фізіка-тэхнічны інстытут прадэманструе ахоўна-дэкаратыўныя пакрыцці на тытанавых імплантатах. Яны дазваляюць палепшыць біясумяшчальнасць, зносаўстойлівасць і каразійную трываласць медыцынскіх імплантатаў з тытанавых сплаваў.
У холе другога паверха Прэзідыума НАН Беларусі можна будзе азнаёміцца з экспазіцыямі гуманітарнага профілю: археалагічнай, выставай сучасных кніжных выданняў, выставай літаратуры, прысвечанай гісторыі Акадэміі навук.
У свабодным доступе будзе знаходзіцца абноўленая пастаянна-дзеючая выстава "Дасягненні айчыннай навукі -- вытворчасці".
З віртуальнай выставай НАН Беларусі на рускай і англійскай мовах можна азнаёміцца па адрасе http://ictt.by/exh-nasb/.
15 --16 лістапада адбудуцца ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 90-годдзю НАН Беларусі. Чакаецца прыезд вядомых навукоўцаў Саюзнай дзяржавы, СНД, вядучых замежных Акадэмій навук, сусветных навукова-даследчых арганізацый і цэнтраў. 16 лістапада ў Вялікай канферэнц-зале Прэзідыума НАН Беларусі адбудзецца ўрачысты сход навуковай грамадскасці краіны, прысвечаны 90-годдзю НАН Беларусі, дзе будуць узнагароджаны лепшыя навукоўцы краіны.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/navuka