Сёлета Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава адзначае 40-годдзе са дня заснавання. Гэта значны культурны і духоўны цэнтр не толькі Гомельшчыны, але і суседніх рэгіёнаў іншых краін — Браншчыны і Чарнігаўшчыны. Карэспандэнт "Звязды" даведалася, у чым феномен папулярнасці музея і як яго супрацоўнікам удаецца прыцягваць турыстаў з усяго свету.
Асабісты падыход да захавання спадчыны
Чым вядомая Ветка? Унікальнымі калекцыямі стаабрадніцкіх і беларускіх народных ікон, старадрукаваных і рукапісных кніг, дзівосных ручнікоў і традыцыйных строяў. Работы мясцовых "золатакавалёў", вышывальшчыц, рэзчыкаў па дрэве — рукатворны цуд. Аднак галоўны скарб музея не рэдкія экспанаты, а тыя людзі, якія тут працуюць.
З самага пачатку музей трымаецца на ідэі асабістага падыходу да захавання спадчыны. Гэта запавет яго заснавальніка — Фёдара Рыгоравіча Шклярава. Карэнны веткаўчанін са стараабрадцаў быў зачараваны культурай роднага краю. У 60-х гадах ён пачаў збіраць прадметы побыту, іконы, кнігі, саматканыя рэчы і іншыя "цікавінкі", якія ў той час можна было знайсці ў кожным доме на Веткаўшчыне. Мясцовы люд дбайна захоўваў спадчыну ў часы рэвалюцый і войнаў. Шкляраў разумеў, што такую спадчыну ад продкаў ні ў якім разе нельга страціць. Музей стаў другім домам Фёдара Рыгоравіча: ён уласнымі рукамі стварыў знакамітыя разныя вароты і дзверы для будынка, а ў аснову фондаў лягла яго асабістая калекцыя рарытэтаў.
Паслядоўнікі Шклярава — такія ж апантаныя людзі. Што цікава, у музеі зусім няма экскурсаводаў у класічным разуменні. Толькі навуковыя супрацоўнікі, кожны з якіх мае сваю адмысловую тэму. Генадзь Лапацін адзін з найлепшых фалькларыстаў Беларусі, знаўца традыцый і абрадаў. Ларыса Раманава таксама вывучае фальклор, але перш за ўсё курыруе педагагічны кірунак музея. Галоўны захавальнік фондаў Святлана Лявонцьева літаральна жыве ў старадрукаваных і рукапісных кнігах. Дырэктар музея Галіна Нячаева, як ніхто іншы, раскажа пра веткаўскі іканапіс. Яна ж раскрывае загадкі касмалагічнага боку жыцця чалавека. Натуральна, калі прайсціся па музеі з рознымі супрацоўнікамі, пачуеш абсалютна розную інфармацыю. Што каму бліжэй, той пра тое і гаварыць будзе.
— Любы прадмет і з'ява — гэта "тэкст" духоўнай традыцыі. Мы не разглядаем ікону як ікону, ручнік як ручнік, гаршчок як гаршчок. Гэта, перш за ўсё, носьбіты інфармацыі. У адным кантэксце гэтыя сімвалы чытаюцца так, у другім — гэтак, — тлумачыць Галіна Нячаева.
У Веткаўскім музеі якраз працуюць людзі, якія ўмеюць гэтыя "тэксты" чытаць. Кожная рысачка на гаршку, шывок на ручніку, слова ў песні мае пад сабой сакральную аснову. Гэта код, перададзены продкамі. У час татальнай глабалізацыі, сцірання культурных адрозненняў (як натуральнага, так і наўмыснага) надзвычай важна часцей пазіраць назад, каб не забыцца пра тое, хто мы ёсць і адкуль выйшлі.
Формула поспеху гэтага музея простая: шануй сваё, тым і будзеш цікавы. Тут гісторыя чалавецтва раскрываецца праз прызму аднаго асобна ўзятага рэгіёна — ад першых стаянак амаль да сучаснасці. З 12 тысяч(!) экспанатаў выпадковых няма, усё выключна мясцовае — Веткаўскае і памежных раёнаў. А супрацоўнікі з такой цеплынёй расказваюць пра родны край, што, адкуль бы ні прыехалі турысты, яны пачынаюць яго любіць.
Не ўмееш — навучаць
Веткаўскі музей, знаходзячыся ў гарадку з насельніцтвам менш за 10 тысяч чалавек, мае філіял у абласным цэнтры — Гомелі. Гэта ўнікальная з'ява для Беларусі. Невялікі аднапавярховы будынак знаходзіцца на тэрыторыі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Звонку нічога не выдае ў ім "чужака", ён цудоўна ўпісваецца ў агульную канцэпцыю дваранскай раскошы. Затое ўнутры пачуваеш сябе быццам у вясковай хаце. Ручнікі, іконы, некалькі ткацкіх станкоў.
— Паспрабуеце? — з ходу пытаецца загадчык філіяла Пятро Цалка, жэстам запрашаючы прысесці за кросны.
— Дык я ж не ўмею!
— Нічога, мы навучым. У нас адзін станок спецыяльна для наведвальнікаў запраўлены. З кожнага, хто прыходзіць, па нітцы — глядзіш і палатно атрымаецца.
У памяшканні невялікай музейнай майстэрні на сцяне вісіць вялізнае пано з мноства асобных кавалкаў тканіны з вышытымі птушкамі. Усе яны розныя, таму што рабілі іх таксама наведвальнікі.
— Першапачаткова філіял задумваўся як цэнтр адраджэння рамёстваў. У нас працуе клуб "Параскева", дзе кожны ахвотны можа навучыцца ткаць, выкройваць і вышываць. Ужо тры чалавекі, натхніўшыся музейнымі заняткамі, паставілі ў кватэрах кросны.
Пятро такі ж апантаны сваёй тэмай, як і яго калегі з Веткі. Падчас вучобы ва ўніверсітэце проста ў інтэрнаце абсталяваў майстэрню і пачаў спасцігаць таямніцы "бабулінага рамяства". Так хацеў навучыцца ткаць! Хлопец жартаўліва называе сябе "маркетынгавым ходам" у рабоце музея:
— Бывае, спецыяльна прыходзяць людзі, каб паглядзець на хлопца за кроснамі. Дзіўна гэта для вясковай культуры, дзе ткалі толькі дзяўчаты. З іншага боку, калі паглыбіцца ў гісторыю ткацтва, то не ўсё так адназначна. Зірнём на старажытныя гравюры ці грэцкія амфары і ўбачым на іх выключна мужчын, якія ткуць. Мужчыны працавалі і ў еўрапейскіх ткацкіх мануфактурах. А хто стаяў ля вытокаў знакамітых слуцкіх паясоў? Ян Маджарскі з сынам Лявонам. Хоць у маім выпадку інакш было б немагчыма. Пакуль сам ткаць не навучышся, не спазнаеш рамяство рукамі, то і расказваць іншым пра яго не зможаш. У музей часта прыходзяць дзеці. Ты ж не будзеш з імі навуковымі тэрмінамі размаўляць. Галева, рэмізка, батан, вал... Бабулі-ткачыхі з вёскі так не кажуць. У іх тлумачэнне простае: "Ета козлы, на которых стояць кросны. А ета чолночок. Чаму чолночок? Ну таму што ён плавае..." Вось гэта зразумела і ўсе запомняць.
Поўнае пагружэнне
Музей у Ветцы — гэта перш за ўсё шыкоўная пастаянная экспазіцыя, якая ў поўнай меры адлюстроўвае хараство і ўнікальнасць культуры рэгіёна. У філіяле ж робяць акцэнт на зменныя выстаўкі. Прыадкрываюць толькі маленькую часцінку таго, што маецца на Веткаўшчыне. Абуджаюць апетыт. Пасля абавязкова хочацца глыбей акунуцца ў свет таямнічых ікон, кніг і ручнікоў. За гэтым народ і едзе ў райцэнтр.
На мінулым тыдні ў філіяле адбылося адкрыццё выстаўкі аднаго экспаната — рукапісу "Чырвонае Евангелле" (ХVІ стагоддзе).
— Дагэтуль ён выстаўляўся ў закрытым выглядзе. Народ пытаўся: "А што ўнутры?" Паказаць кнігу паўнавартасна даволі складана, перад музейшчыкамі пастаянна стаіць выбар — вокладка альбо змест, — кажа Пятро. — Мы прапаноўваем унікальную магчымасць апынуцца "ўнутры" старажытнага рукапісу і разгледзець яго з усіх бакоў. Цікавы ход у афармленні выстаўкі прыдумаў наш будучы супрацоўнік, студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Аляксандр Нікіцін. Ён па-маладому смела пафарбаваў столь у чырвоны колер і ўпрыгожыў выявамі фрагментаў з вокладкі. Яна быццам накрывае наведвальнікаў. У зале даецца дэталёвы разгляд чатырох частак Евангелля. Веткаўскія мастакі для кожнай зрабілі буквіцу ў своеасаблівым стылі. Падчас экскурсіі тлумачацца шматлікія выслоўі, якімі мы сёння карыстаемся нават не задумваючыся, а ўпершыню яны былі ўжытыя менавіта ў тэкстах Евангелля. Пакідаючы выстаўку, мы прапаноўваем наведвальнікам праявіць творчасць. На сцяне зрабілі контур адной са старонак рукапісу — бяры фарбы і размалёўвай мудрагелістую буквіцу, як душа пажадае.
Здаецца, экспанат адзін, а колькі актыўнасцяў вакол яго можна стварыць.
Ножкі хочуць танцаваць
Візітная картка філіяла Веткаўскага музея ў асенне-зімовы перыяд — этна-вечарыны, якія ладзяцца штомесяц. Народ на іх збіраецца розны: ад міліцыянераў і настаўнікаў да пенсіянераў і завадчан. Кожная сустрэча складаецца з дзвюх частак — адукацыйнай і спеўна-танцавальнай.
— Спачатку расказваем пра мясцовыя асаблівасці пэўнага абраду ці свята, якому прысвечана вечарына. Што, як і для чаго рабілі нашыя продкі сто-дзвесьце гадоў таму. А пасля пачынаецца ўласна вечарына, дзе кожны — удзельнік, — дзеліцца Пятро. — Мы танчым не проста беларускія народныя танцы, але канкрэтна "веткаўшчыну". Што запісалі ў экспедыцыях, тое і скачам. Музыкаў запрашаем з розных гомельскіх вёсак, гучыць толькі жывая музыка. І, вядома, аніводнае беларускае свята не абыходзіцца без багатага стала. Удзельнікі звычайна прыносяць смакату з сабою. Адшукваюць старадаўнія рэцэпты сваіх бабуль.
Напрыклад, не так даўно ў філіяле прайшла "Жаніцьба коміна", якую калісь адзначалі па заканчэнні работ на полі. Хутка пачнецца Піліпаўскі пост і будуць "кудзельныя сустрэчы" з пераціраннем лёну і прадзеннем. Ладзяць тут і рэканструкцыю вясковага вяселля, гукаюць вясну і рыхтуюцца да пахавання "стралы" (старажытны абрад на Гомельшчыне, які праводзілі напрыканцы вясны, каб выклікаць дождж).
— Неверагодна папулярны ў нас цыкл Калядных вечарын. Прыходзяць на іх цэлымі сем'ямі. Дзецям — батлейка і асобная прастора з цацкамі, дарослым — варажба, танцы, ігрышчы. Калі будзеце ў студзені гуляць па парку Румянцавых-Паскевічаў і ўбачыце дзяўчат, якія тын каля царквы абдымаюць, не пужайцеся: гэта нашы, — папярэджвае загадчык філіяла. Цікава, што для тых, хто прыходзіць на вечарыны ў нацыянальным строі, уваход бясплатны.
— Першым часам некаторыя надзявалі на сустрэчы вышымайкі, — успамінае Пятро. — Але нагледзеўшыся на музейных супрацоўнікаў у аўтэнтычных вышытых кашулях, таксама пераходзілі на сапраўднае традыцыйнае адзенне. Шылі яго па тэхналогіях Веткаўскага раёна.
Сёлета супрацоўнікі філіяла паспрабавалі новы фармат работы з наведвальнікамі — зладзілі летнік ў вёсцы Неглюбка. Групу з 10 чалавек вучылі сакрэтам ткацтва і не толькі. Раніцамі спявалі, бралі майстар-класы ў мясцовых бабуль, слухалі лекцыі па сімволіцы арнаменту. Не абышлося і без этна-дыскатэкі пад гармонік пры святле керасінкі.
Вось так весела, шумна, без нудных расповедаў экскурсаводаў людзі, самі таго не заўважаючы, спазнаюць гісторыю Веткаўшчыны.
Ганна КУРАК
Мінск — Ветка — Гомель — Мінск
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ganna-kurak
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/vetka