Першы адкрыты міжнародны фальклорны фестываль-конкурс "Прамень" пройдзе 17-18 лістапада ў Гомелі ў Гарадскім цэнтры культуры, паведамілі БЕЛТА [1] ў ГЦК.
На сцэне цэнтра аматарскія і прафесійныя калектывы, індывідуальныя выканаўцы з усіх рэгіёнаў Беларусі прадставяць кампазіцыі традыцыйнага фальклору, а таксама аўтарскія творы ў фальклорнай стылістыцы. Па словах арганізатараў, фэст аб'яднае каля 120 чалавек.
Лепшых трэба будзе вызначыць у намінацыях "Вакал", "Інструментальнае выканальніцтва", "Харэаграфія". Журы, у склад якога ўвойдуць вядомыя артысты, педагогі творчых дысцыплін, рэжысёры, кіраўнікі калектываў, дзеячы культуры і мастацтваў, назаве таксама ўладальнікаў Гран-пры і спецыяльных узнагарод.
Акрамя конкурснай праграмы для ўдзельнікаў і гасцей фэсту запланаваны розныя майстар-класы.
Лепшыя нумары прагучаць на гала-канцэрце, дзе таксама выступяць лідэр этна-трыа "Троіца" Іван Кірчук, фолк-праект "Ягорава гара". Па выніках конкурсу будзе створаны каталог выканаўцаў і калектываў, якім прапануюць удзел у новых творчых праектах.
Арганізатарамі фестывалю выступаюць Гарадскі цэнтр культуры, прадзюсерскі цэнтр "Ягорава гара". Сярод асноўных мэтаў мерапрыемства - захаванне і папулярызацыя фальклорных традыцый, нацыянальнай культуры, выяўленне і падтрымка таленавітых выканаўцаў. Плануецца, што фолк-фэст стане штогадовым.
Спасылкі
[1] http://www.belta.by
[2] https://zviazda.by/be/tags/falklor