"Вялікі гістарычны атлас Беларусі", які ствараўся больш як 10 гадоў, прэзентуюць 21 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, паведамілі БЕЛТА [1] ў аддзеле па сувязях з грамадскасцю ўстановы.
"Больш за дзесяць гадоў спатрэбілася гісторыкам, картографам і іншым спецыялістам для стварэння першага ў Беларусі найбольш поўнага і навукова выверанага гістарычнага атласа, які ўяўляе сабой фундаментальнае чатырохтомнае выданне. Тэматычныя раздзелы кніг прысвечаны ваенна-палітычным падзеям, адміністрацыйным пераўтварэнням, сацыяльна-эканамічнаму і культурнаму развіццю, а таксама духоўнаму жыццю грамадства", - расказалі ў бібліятэцы.
На старонках атласа чытач знойдзе больш за 400 унікальных карт, у аснове кожнай - арыгінал-крыніца. "Чатыры тамы атласа дапаўняюць генеральныя карты, на якіх паказаны ўсе значныя населеныя пункты адпаведнага часу з абазначэннем прыналежнасці. Геаграфічны паказальнік знаёміць чытача з гістарычнымі і сучаснымі назвамі ўсіх населеных пунктаў, размешчаных на генеральнай карце, прыналежнасцю да паветаў і маёнткаў, часам першага згадвання ў крыніцах, варыянтамі і змяненнямі назваў", - адзначылі ў аддзеле па сувязях з грамадскасцю.
Галоўная ідэя праекта - даць грамадскасці нагляднае ўяўленне аб гісторыі Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён. Кожны з тамоў адлюстроўвае лёсавызначальныя этапы этнагенезу беларусаў, іх складанага шляху да ўтварэння самастойнай дзяржавы.
Асноўную ролю ў арганізацыі работ па стварэнні атласа, выкананне картаграфічных работ і яго фінансаванне ажыццявіла РУП "Белкартаграфія" Дзяржаўнага камітэта па маёмасці. Несумненная заслуга ў падрыхтоўцы выдання належыць вучоным інстытута НАН Беларусі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, спецыялістам Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі, іншых дзяржаўных органаў і арганізацый.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/culture/view/sozdavavshijsja-bolee-10-let-vjaliki-gistarychny-atlas-belarusi-prezentujut-21-nojabrja-v-326034-2018/
[2] https://zviazda.by/be/tags/gistoryya
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/atlas
[5] https://zviazda.by/be/tags/gistarychny-atlas
[6] https://zviazda.by/be/tags/kartagrafiya