Міёма маткі — адно з самых распаўсюджаных гінекалагічных захворванняў, якое сустракаецца як мінімум у трэці жанчын, старэйшых за 35 гадоў, а пасля 40 — амаль у кожнай другой. Такі дыягназ пужае і выклікае ў пацыентак шмат пытанняў. Частку з іх мы задалі акушэру-гінеколагу 11-й гарадской паліклінікі г. Мінска, клінічнаму ардынатару кафедры акушэрства, гінекалогіі і рэпрадуктыўнага здароўя Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Святлане КРЭЕР.
— Святлана Аляксандраўна, што такое міёма маткі?
— Дабраякасная пухліна, якая развіваецца з гладкамышачнай і злучальнай тканкі маткі. Гэта самае распаўсюджанае новаўтварэнне, якое займае першае месца ў структуры ўсіх пухлін палавых органаў у жанчын. Найбольш часта яе дыягнастуюць ва ўзросце 35—55 гадоў. У жанчын, старэйшых за 30 гадоў, распаўсюджанасць складае 20—30 %, у старэйшых за 40 гадоў — 40 %.
— З-за чаго яна ўзнікае?
— Апошнім часам значна змяніліся і пашырыліся ўяўленні аб прычынах узнікнення і росту міёмы маткі. Існуе некалькі тэорый. Першая з іх — спадчынная, якая разглядае міёму як генетычна абумоўленае захворванне. У блізкіх сваячак хворых міёма маткі сустракаецца ў 2-3 разы часцей, чым у папуляцыі. Ужо знойдзены мутацыі генаў HMGІ(C) і HMGІ(Y), якія ў норме кадзіруюць бялкі, адказныя за перанос генетычнай інфармацыі. Другая — запаленчая тэорыя. Запаленне, справакаванае інфекцыяй, вядзе часам да паталагічнага аднаўлення тканак і фарміравання зачаткаў вузлоў міёмы. Трэцяя — імуналагічная тэорыя, дзе ключавую ролю адыгрывае імунная сістэма. І апошняя — гарманальная тэорыя.
— Гармоны ўплываюць на далейшы рост міёмы?
— Няма сумненняў, што палавыя гармоны рэгулююць рост міёмы маткі. У параўнанні з навакольнымі тканкамі ў міяматозных вузлах змяшчаецца ў два разы больш эстрагенных рэцэптараў, а прагестэронавых — у тры разы. Адпаведна, абедзве групы жаночых палавых гармонаў могуць істотна ўплываць на рост сфарміраваных міяматозных вузлоў.
— Як жанчына можа адчуць, што ў яе міёма?
— Клінічная карціна гэтага захворвання разнастайная, залежыць ад размяшчэння вузла, тэмпаў росту, спалучэння міёмы маткі з іншымі паталогіямі. Нярэдка захворванне мае бессімптомны характар і з'яўляецца «знаходкай» падчас ультрагукавога абследавання. Жанчыну могуць непакоіць парушэнні менструальнага цыкла (матачныя крывацёкі), доўгія і інтэнсіўныя месячныя, перыядычныя ці пастаянныя болі ўнізе жывата ці ў вобласці паясніцы, парушэнні функцыі суседніх органаў. Калі міёма размяшчаецца ў вобласці пярэдняй сценкі маткі, адбываецца сцісканне мачавога пухіра і расстройства мочаспускання. Калі міёма размяшчаецца па задняй сценцы маткі, жанчына можа скардзіцца на гемарой і хранічныя запоры.
— Як дыягнастуюць і лечаць міёму?
— У сучасных умовах зрабіць гэта проста. Клінічныя прыкметы, скаргі, агляд гінеколага, ультрагукавое даследаванне органаў малога таза — асноўныя метады. Дадатковыя — магнітарэзанансная тамаграфія і гістэраскапія.
Сярод сучасных тэндэнцый у лячэнні — органазахавальныя аперацыі, укараненне малаінвазійных тэхналогій. Медыкаментознае (гарманальнае) лячэнне скіравана на тармажэнне росту пухліны, змяншэнне памераў вузлоў, захаванне рэпрадуктыўнай функцыі, паляпшэнне якасці жыцця. Хірургічнае лячэнне прымяняецца пры міёме вялікіх памераў, субмукознай міёме, сімптоме сціскання суседніх органаў, хуткім росце міёмы, вострым парушэнні сілкавання вузла, міёме, якая праяўляецца працяглымі і інтэнсіўнымі месячнымі, якія вядуць да анеміі.
— Як можна папярэдзіць гэту хваробу?
— Здароўе кожнага з нас прыкладна на пяцьдзясят працэнтаў залежыць ад ладу жыцця. Таму важна найперш правільна харчавацца, павялічыць у сваім рацыёне колькасць прадуктаў, багатых на ненасычаныя тлустыя кіслоты. Старацца нармалізаваць вагу пры атлусценні. Пры наяўнасці міём у блізкіх сваячак супрацьпаказаныя празмерны загар, цеплавыя працэдуры. Пазбягаць інфекцый, абортаў, інвазійных умяшанняў. І абавязкова прыходзіць на прыём да гінеколага раз на год, а таксама з такой жа перыядычнасцю рабіць ультрагукавую дыягностыку органаў малога таза.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/kraina-zdarouya