На старонках трэцяга тома Збору твораў Яўгеніі Янішчыц чытач упершыню пазнаёміцца з больш як 300 вершамі паэткі
Жыццёвы шлях творчай асобы — перакрыжаванне шчаслівых момантаў, узлётаў, поспеху, прызнання і няўдач, падзенняў, жахлівых чутак і… забыцця. Падаецца, што імя Яўгеніі Янішчыц, выдатнай паэткі, празаіка і жанчыны з вельмі трагічным лёсам, яшчэ доўга будзе гучаць у ліку самых таленавітых творцаў беларускай літаратуры. Днямі споўнілася б 7 0 гадоў з дня яе нараджэння, і амаль трыццацігоддзе паэткі няма з намі… Але чытачам засталіся многія яе вершы, апавяданні, успаміны сучаснікаў.
На старонках «ЛіМа» ўжо друкаваліся матэрыялы з нагоды падрыхтоўкі Збору твораў Яўгеніі Янішчыц у 4 тамах. Так, у межах гэтага грунтоўнага праекта ў Выдавецкім доме «Беларуская навука» свет пабачылі два тамы, і хутка чытач зможа пазнаёміцца з трэцім. Пра адметнасці работы над выданнем нашаму карэспандэнту распавяла адна з яго укладальніц, кандыдат філалагічных навук, старшы навуковы супрацоўнік аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Святлана Калядка
Што задумвалася і што атрымалася?
— Падчас збору і класіфікацыі матэрыялу абмяркоўвалася некалькі канцэпцый выдання. І выдаўцам прапаноўвалася іншая колькасць тамоў (не чатыры, якія рыхтуюцца сёння, а шэсць невялікіх, зручных, утульных). Першапачаткова была задума зрабіць Збор твораў, які б адпавядаў акадэмічным патрабаванням. Аднак такі тып выдання прадугледжвае строгую адпаведнасць пэўнай структуры. Таму вырашана было адысці ад акадэмічнай зададзенасці пры складанні тамоў, увёўшы ў наша выданне біяграфічнае даследаванне (уступны артыкул да першага тома), хроніку жыцця і творчасці паэтэсы, бібліяграфічны паказальнік прац пра Я. Янішчыц, вершы і іншыя творы, прысвечаныя таленавітай беларусцы (136 вершаў 95 аўтараў), радаводы па лініі маці і бацькі, успаміны родных, суседзяў, калег па працы, пісьменнікаў, знаёмых і інш. (у першых двух тамах прадстаўлены 62 аўтары).
Разам з тым сабраўся вялікі аб’ём матэрыялу з крытычнымі, літаратуразнаўчымі каментарыямі вершаў Я. Янішчыц, які таксама патрабаваў скарыстання, таму вырашана было яго размясціць побач з вершамі і паэмамі — як вельмі зручная падказка ў першую чаргу вучням, студэнтам, настаўнікам у навучальным працэсе і навукова-даследчай дзейнасці. Безумоўна, знойдуцца чытачы, якім непажадана ўздзеянне чыёйсьці думкі, няхай і прафесійнай, на ўспрыманне тэксту. Але для такіх чытачоў заўсёды на паліцах бібліятэк знойдуцца кнігі выбранай паэзіі, дзе вершы падаюцца без каментарыяў. Падчас работы над тамамі былі ўнесены некаторыя карэктывы ў размеркаванне матэрыялу: успаміны мы размяшчаем у дадатках ва ўсіх тамах (першапачаткова вырашалі ўвесці ў адзін з тамоў), а дыск з песнямі Таццяны Дайнекі (Беланогай) на словы Я. Янішчыц, а таксама дакументальным фільмам, прысвечаным паэтэсе, пераносіцца ў апошні том. Таксама быў падзелены на дзве часткі летапіс друкаваных твораў: у другім томе чытач убачыў бібліяграфічны паказальнік прац пра Я. Янішчыц у сувязі з неабходнасцю ўстанаўлення крыніцы апублікавання каментарыяў пры вершах і паэмах. У 4-м томе будзе прадстаўлена другая частка летапісу: туды ўвойдзе інфармацыя пра храналогію апублікавання ўсіх твораў паэтэсы (вершаў, паэм, перакладаў, артыкулаў, выступленняў, прадмоў, рэцэнзій, інтэрв’ю і г. д.).
Невядомае, якое стала вядомым
— Дзякуючы доступу да матэрыялаў сямейнага архіва Яўгеніі Янішчыц і супрацоўніцтву з намі на ўсіх этапах падрыхтоўкі выдання сына паэтэсы, Андрэя Янішчыца, упершыню апублікаваны 5 празаічных твораў (усяго ўведзены ў том 21 твор). Паэма «Завеі снежаньскай пялёсткі» ўпершыню прадстаўлена ў 2-м томе (пасля публікацыі ў газеце «ЛіМ»). Акрамя таго, сабраны 136 вершаў 95 аўтараў, прысвечаных паэтэсе. І ўсё ж вернемся да прозы… Гэта абсалютна новая старонка біяграфіі Я. Янішчыц, вартая асобнага вывучэння. Таму што празаічныя творы, напісаныя за перыяд з 1965 па 1988 гг., розныя па тэматыцы і ідэйным вырашэнні, цікавыя тым, што ў іх па-новаму загучаў талент пісьменніцы. Яе апавяданні пра гаротны жаночы лёс, пра адказнасць за памылкі маладосці, пра адзіноту, пра чалавека працы... І ўсе іх аб’ядноўвае ўсё тая ж любоў да чалавека, якая праходзіць праз усю творчасць паэтэсы.
Цікавінкі трэцяга тома
— Першапачаткова ставілася задача выдання трэцяга тома да юбілею паэтэсы. Але, на жаль, у сувязі з апрацоўкай вялікага аб’ёму матэрыялу для выдання, мы спазніліся… Трэці том, на маю думку, самы ўнікальны. Па вялікім рахунку, гэта знаёмства з невядомай нам аўтаркай, у творчай спадчыне якой яшчэ шмат не раскрыта. У трэцім томе чытач пазнаёміцца з новымі творамі Яўгеніі Янішчыц, агульная колькасць якіх складае амаль 750 вершаў. Вершы размеркаваны па некалькіх раздзелах: гэта творы, апублікаваныя ў калектыўных зборніках, часопісах і газетах, што не ўвайшлі ў паэтычныя зборнікі (каля 400 вершаў), вершы, выяўленыя ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, Літаратурным музеі Яўгеніі Янішчыц на Піншчыне, у сямейным архіве паэтэсы (каля 250 вершаў), а таксама якія ўваходзілі ў першы рукапісны зборнік вучаніцы Жэні «Першыя россыпы» (58 вершаў) і ў сшыткі, знойдзеныя на гарышчы бацькоўскага дома ў 2000-я гады (40 вершаў). У асобныя раздзелы ўключаны чарнавыя накіды і двухрадкоўі. Безумоўна, уражвае лічба: больш за 300 вершаў чытач убачыць упершыню. І гэта творы, напісаныя не толькі ў школьны перыяд, што падпадаюць пад вызначэнне «вучнёўскія», але і завершаныя высокамастацкія тэксты, створаныя ў апошнія гады жыцця. Варта нагадаць, што ў 1986—88 гадах было апублікавана некалькі падборак вершаў Яўгеніі Янішчыц з пазнакай «Для новай кнігі “Твая прысутнасць”».
Некаторыя вершы з гэтых падборак, а таксама з сямейнага архіва паэтэсы трапілі на старонкі зборніка «Выбранае», падрыхтаванага В. Коўтун і А. Канапелькай у 2000 годзе. Астатнія творы чакалі свайго часу і ўвойдуць у наша выданне ўпершыню. Практычна перад чытачом паўстануць вершы з неапублікаванага зборніка з ідэйна-тэматычнымі вектарамі ў новыя вымярэнні, у нечым падобныя і ўсё ж больш адрозныя ад вершаў папярэдніх зборнікаў.
Застаецца памяць
— У трэці том будуць уключаны ўспаміны 30 аўтараў, сярод якіх паэты, празаікі, журналісты (іх запісвае і апрацоўвае Таццяна Аўсяннікава). Аб’ядноўвае ўспаміны самых розных людзей боль з-за той даўняй трагедыі 25 лістапада 1988 года, якая і сёння крывавіць сэрцы. «Не ўбераглі» праходзіць эмоцыяй роспачы, шкадавання ў згадках пра паэтэсу. Успаміны П. Савоські, Б. Сачанкі, В. Тараса і многіх іншых нельга чытаць без душэўнага трымцення, у іх надрыў, горыч страты. Многія, хто ведалі Жэню Янішчыц, жадаюць выказацца, паказаць яе ў розных ролях, пашкадаваць яе і паўшчуваць, і пры гэтым у іх выказваннях няма негатыву, капання ў перыпетыях лёсу, жадання вынесці на прысуд факты пацікавей і «пажаўцей». Безумоўна, у біяграфіі паэтэсы ёсць шмат непрыемных гісторый, калі яе крыўдзілі, зневажалі, ёй зайздросцілі і прынародна змешвалі з брудам, пра што згадваецца і ва ўспамінах. Аднак шмат пра што і сёння не расказаць — не прыйшоў час, не саспелі і не выкрышталізаваліся думкі для агучвання ў сведкаў розных падзей, ды і ці трэба варушыць мінулае ў пошуках факцікаў, якія зноў заплямяць неаднойчы пры жыцці паэтэсы запэцканае зайздроснікамі імя? Яўгенія Янішчыц баялася і не прымала адчужэнне, недавер, маскарад, як яна сама прызнавалася, «у свеце, акрамя дабраты і спагады, суперажывання і шчырасці, ёсць зло, зайздрасць, двурушша і проста подласць, што ёсць людзі (як гэта выразна выявілася ў час перабудовы!) не больш, не менш — як “прадукт свайго часу”!» І на такіх людзей на жыццёвым шляху ёй вельмі «шчасціла».
Містыка і факты
— Містыка суправаджае таленавітага паэта і пры жыцці, і пасля яго смерці. Пра містычныя знакі згадвалі ўдзельнікі свята паэзіі на радзіме паэтэсы, на Піншчыне, яшчэ ў 1998 годзе, пра што пісала Л. Рублеўская: «І, мусіць такі, сама Яўгенія Янішчыц не хацела б, каб госці ад’язджалі. Недзе пад Старобінам спусціла пярэдняе кола. Купка знакамітых творцаў апынулася сярод цёмных палескіх балот, на пустой дарозе. I вось — можна гэта лічыць супадзеннем — толькі апоўначы нешта наладзілася… I толькі на наступны дзень мы даведаліся — зноў можаце лічыць гэта супадзеннем, — што прадстаўнікі “Чырвонай змены” і “Звязды”, прадмет нашай зайздрасці, бо ехалі ў Мінск на машыне, таксама, толькі на іншай дарозе, стаялі з-за тэхнічнай непаладкі, прычым ажно пяць гадзін...» Мяне ў свой час здзівіў і вельмі ўзрушыў іншы факт. У тэатры аднаго акцёра «Зніч» пад кіраўніцтвам Г. Дзягілевай з 2001 года ставіцца монаспектакль «Прыпадаю да нябёс», прысвечаны жыццю і творчасці Яўгеніі Янішчыц. Творы паэтэсы гучаць у прачытанні заслужанай артысткі Беларусі, адной з вядучых актрыс Тэатра юнага гледача — Ларысы Горцавай. Больш за тое, гэтых дзвюх жанчын — паэтэсу і актрысу — звяла разам не толькі сцэна, але і кватэра на вул. Ульянаўскай, што на першым паверсе, якая пасля пераезду Ларысы Горцавай у 1977 годзе перайшла да Яўгеніі Янішчыц. Не думаю, што Ларыса Горцава думала, што зноў іх шляхі перакрыжуюцца, што ёй давядзецца ўжывацца ў такую няпростую ролю, аднак тое, як яна пераўтвараецца ў Жэню Янішчыц, з якой інтанацыяй, максімальна блізкай да арыгінала, яна чытае яе вершы, прымусіла мяне ўздрыгануцца, замерці ад незразумелых прадчуванняў на ўвесь час спектакля. Такіх і падобных фактаў, звязаных з асобай Яўгеніі Янішчыц, нямала агучана ў артыкулах, ёй прысвечаных, і ва ўспамінах.
Марына ВЕСЯЛУХА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryna-vesyaluha
[2] https://zviazda.by/be/tags/litaratura