У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску сёння адбудзецца прэм'ера "Сымона-музыкі", паведамілі БЕЛТА [1] ў тэатры.
Гледачоў запрашаюць паглядзець сучаснае тэатральнае ўвасабленне класічнага твора Якуба Коласа "Сымон-музыка". У новым спектаклі абяцаюць шмат музычных, пластычных і танцавальных нумароў. Акрамя таго, будзе іншым фінал. "Каб заняць дастойнае месца ў жыцці, чалавек павінен прайсці праз мноства выпрабаванняў. Звычайны беларускі юнак, чытаючы ўслых новыя і новыя радкі паэмы, прымярае на сябе і вобраз, і лёс Сымона - музыканта, які атрымаў ад бога талент і незвычайнае разуменне свету. І каб застацца самім сабой, яму трэба пераадолець некалькі перашкод", - расказалі ў тэатры.
За аснову спектакля ўзята першая рэдакцыя паэмы, датаваная 1918 годам. Таксама выкарыстаны больш познія - другая і трэцяя. Жанр пастаноўкі абазначаны як "мелодыя парванай струны".
Пастаноўку ажыццявіў мастацкі кіраўнік тэатра Міхаіл Краснабаеў. Музыку да спектакля стварыў кампазітар Арцём Краснабаеў, харэаграфія Дзіяны Юрчанка. Афармленне і касцюмы падрыхтавала галоўны мастак Коласаўскага тэатра Святлана Макаранка.
Класічную гісторыю разыграюць у асноўным маладыя акцёры. У галоўнай ролі - Дзмітрый Каваленка. Народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс увасобіць адразу чатыры вобразы - Стары, Курыла, Жабрак і дзед Даніла. Вобраз Ганны, каханай Сымона, стварае актрыса Настасся Рэўчанка-Лук'янава. Галоўным антыподам Сымона будзе малады Князь, ролю якога выканае Яўген Бераснеў. У эпізадычных ролях заняты Георгій Лойка, Алена Шарэпчанка, Аляксандр Базук, Анжаліка Баркоўская, Генадзь Гайдук, Раіса Грыбовіч і іншыя артысты.
Прэм'ера прысвечана дню заснавання Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа і 100-годдзю напісання і публікацыі першай рэдакцыі паэмы "Сымона-музыка".
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/culture/view/kolasauski-teatr-pradstavits-novae-prachytanne-symona-muzyki-73813-2018/
[2] https://zviazda.by/be/tags/vicebsk
[3] https://zviazda.by/be/tags/teatr
[4] https://zviazda.by/be/tags/premera