На парламенцкіх слуханнях на тэму прававых і практычных аспектаў паляпшэння інвестыцыйнага клімату ў Беларусі сустрэліся не толькі дэпутаты і парламентарыі, кіраўнікі мясцовых і рэспубліканскіх органаў дзяржаўных кіравання, але і інвестары, эксперты, прадстаўнікі міжнародных арганізацый. Наш карэспандэнт паслухаў удзельнікаў і сабраў галоўнае з іх выступленняў.
Павінны стаць найлепшымі
Як адзначыў першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандр ТУРЧЫН, сёння ў нашай краіне створаны спрыяльныя ўмовы для інвеставання.
«Інвестар можа разлічваць на палітычную і сацыяльную стабільнасць, адсутнасць якіх-небудзь узрушэнняў. У сваю чаргу, Беларусь разглядае замежныя інвестыцыі як дадатковую крыніцу фінансавых рэсурсаў краіны для абнаўлення і пашырэння асноўнага капіталу, — сказаў першы віцэ-прэм'ер. — Інвестыцыйнае заканадаўства краіны пабудавана на сусветных прынцыпах. Яно гарантуе ўсе правы інвестарам, не падзяляючы іх на ўнутраных і знешніх».
Аляксандр Турчын нагадаў, што ў нашай краіне дзейнічае закон «Аб інвестыцыях», распрацаваны пры ўдзеле Міжнароднай фінансавай карпарацыі. Акрамя таго, было падпісана больш за 60 міжнародных пагадненняў аб заахвочванні і абароне інвестыцый. Беларусь — паўнапраўны член шматбаковага агенцтва па гарантаванні інвестыцый. Усё гэта абараняе інвестара і страхуе рызыкі па прынятых міжнародных стандартах.
Паводле яго слоў, практычна ўся тэрыторыя нашай краіны — гэта сукупнасць прэферэнцыйных рэжымаў, у межах якіх інвестарам даюцца падатковыя, мытныя льготы і іншыя перавагі для паспяховай рэалізацыі праектаў.
Першы віцэ-прэм'ер звярнуў увагу, што ўдасканаленне дзелавога і інвестыцыйнага клімату ў Беларусі праводзіцца на сістэмнай аснове. Ён расказаў, што нядаўна ўрадам была прынятая новая праграма дзейнасці да 2020 года. У ёй пытанне ўдасканалення інвестыцыйнага клімату замацавана ў якасці аднаго з прыярытэтаў эканамічнай палітыкі найбліжэйшага часу. «Пастаўлена амбіцыйная задача стварэння ў Беларусі найлепшых у ЕАЭС умоў для прыцягнення інвестыцый, вызначаны механізмы яе рашэння», — адзначыў ён.
Акрамя таго, вядзецца работа па карэкціроўцы закона «Аб інвестыцыях», што дасць магчымасць забяспечыць удасканаленне нормаў, якія датычацца гарантый абароны правоў інвестараў.
Яшчэ Аляксандр Турчын паведаміў, што цяпер сумесна з экспертамі Сусветнага банка ствараецца праект стратэгіі прыцягнення прамых замежных інвестыцый у краіну да 2025 года. У ёй вызначаюцца кірункі і меры па паляпшэнні інвестыцыйнага і дзелавога клімату, ажыццяўляецца ацэнка рэгулятарных і адміністрацыйных бар'ераў, якія перашкаджаюць прыцягненню інвестыцый.
Перабор з абаронай
Наступным на тэму павышэння інвестыцыйнай прывабнасці як найважнейшай умовы забеспячэння эфектыўнага эканамічнага росту ў Беларусі выступіў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Валерый ВАРАНЕЦКІ.
«Наша членства ў Еўразійскім эканамічным саюзе, бясспрэчна, найважнейшы фактар, які пазітыўна ўплывае на інвестыцыйную прывабнасць эканомікі Беларусі, — адзначыў дэпутат. — Разам з тым трэба прызнаць, што эканамічны саюз у рамках ЕАЭС пакуль не стаў рэальнасцю. Па сутнасці, тут няма не толькі ўласцівых любому эканамічнамусаюзу адзіных эканамічнай, прамысловай, сельскагаспадарчай, транспартнай, энергетычнай і іншых палітык, але і іх належнай каардынацыі».
Ён падкрэсліў: у выніку ўзнікаюць шматлікія бар'еры, канфіскацыі, абмежаванні. Акрамя таго, замежныя інвестары, якія вырабляюць высакаякасную прадукцыю ў Беларусі (фармальна на тэрыторыі Мытнага саюза), не заўсёды могуць свабодна прадаваць яе ў межах ЕАЭС. На думку Валерыя Варанецкага, гэта нонсэнс, які наносіць шкоду інвестыцыйнай прывабнасці як Беларусі, так і ўсяго саюза.
«Пакуль прадстаўнікі дзяржаў — членаў ЕАЭС у створаных інтэграцыйных структурах больш займаюцца пратэкцыянізмам уласных эканомік, чым думаюць пра інтарэсы і канкурэнтаздольнасць за ўвесь ЕАЭС, — заявіў дэпутат. — Калі не распачаць тут рашучых мер, гэты праект можа быць пастаўлены пад пагрозу».
Паводле яго слоў, з мэтай збалансаванага і ўстойлівага развіцця неабходна нарошчваць эканамічнае супрацоўніцтва не толькі з Расіяй, краінамі ЕАЭС, але і з ЗША, ЕС, іншымі эканомікамі свету, якія растуць. Для паляпшэння інвестыцыйнай прывабнасці нашай краіны трэба таксама працаваць над іміджам Беларусі за мяжой, упэўнены Валерый Варанецкі.
Якія перспектывы?
Аб задачах на будучыню расказаў міністр эканомікі Беларусі Дзмітрый КРУТОЙ.
«Па выніках дзевяці месяцаў бягучага года мы бачым, што адзначаецца станоўчая дынаміка тэмпаў росту інвестыцый у цэлым па рэспубліцы. Тэмп — 109,8 %, пры гэтым ёсць апераджальны рост выдаткаў на набыццё машын, абсталявання, гэта значыць матэрыяльнай асновы нашай эканомікі, у тым ліку ў межах буйных інвестыцыйных праектаў, мадэрнізацыі нафтаперапрацоўчых заводаў, будаўніцтва АЭС, — адзначыў ён. — У структуры інвестыцый у рэальны сектар эканомікі 100 найбуйнейшых праектаў займаюць каля 40 %».
Акрамя таго, прыцягнута 1,4 мільярда долараў прамых замежных інвестыцый, гадавое заданне практычна выканана. Калі параўнаць з 2017 годам, то адбыўся прырост у 47 %. Цікава, што замежны капітал працягвае пераважаць у хутка акупных галінах беларускай эканомікі, у першую чаргу — у гандлі і сферы паслуг. Па словах міністра, стаіць задача паступова праводзіць пераарыентацыю і на прамысловы сектар.
Цяпер пра перспектывы:
«Да 2025 года мы плануем на першачарговыя інфраструктурныя праекты прыцягнуць каля 6 мільярдаў долараў, у тым ліку з выкарыстаннем механізму дзяржаўна-прыватнага партнёрства», — заявіў Дзмітрый Крутой.
А зараз — канкрэтныя задачы на будучыню. Яны даволі амбіцыйныя: увайсці ў топ-30 рэйтынга Dоіng Busіnеss, павялічыць да 2025 года аб'ём агульных інвестыцый у краіне да 53 мільярдаў рублёў, што складае рост практычна ў два разы да цяперашняга ўзроўню.
Як гэтага дасягнуць? У міністра эканомікі ёсць адказ і на гэтае пытанне. Так, неабходна завяршыць работу па карэкціроўцы заканадаўчай базы, упарадкаваць шэраг пастаноў урада, якія датычацца заключэння інвестыцыйных дагавораў, рэалізаваць «дарожную карту» зняцця бар'ераў і выключэнняў у ЕАЭС.
Таксама трэба спрашчаць працэдуры і скарачаць тэрміны атрымання ўсіх дазволаў, па магчымасці ў найбліжэйшай перспектыве стварыць поўную лічбавую аснову ажыццяўлення гэтых працэсаў з мэтай выключэння асобаснага і суб'ектыўнага фактараў чыноўнікаў любога ўзроўню для прыняцця рашэнняў.
«Важнай тэмай цяпер заняўся ўрад у частцы падрыхтоўкі інвестыцыйных пляцовак з гатовай транспартнай, інжынернай інфраструктурай», — адзначыў ён.
Міністр расказаў, што ў гэтай сферы была дасягнута пэўная мяжа, а прамога бюджэту ўжо не хапае, таму Прэзідэнт падтрымаў ініцыятыву ўрада і дазволіў прыцягваць крэдытныя рэсурсы на гэтыя кірункі.
Акрамя таго, у найбліжэйшы час плануецца поўнасцю перафарматаваць работу Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі. Прапановы практычна падрыхтаваны. Навошта трэба змяняць сістэму? Каб зрабіць гэты інстытут паўнавартасным «адным акном» для інвестараў.
Якія яшчэ праблемы?
Гэтую тэму ў сваім выступленні закрануў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы Уладзіслаў ШЧЭПАЎ. Ён адзначыў, што Беларусь імкнецца заняць лідарскія пазіцыі ў гэтай сферы, таму праблемы разгледзець неабходна.
Дэпутат звярнуў увагу на наступнае: калі ў 2010 годзе ўдзельная вага інвестыцый у ВУП складала 33,7 %, то пачынаючы з 2016 года інвестыцыі не перавышаюць 21 %. Што гэта значыць? Напрыклад, абсталяванне на прадпрыемствах у сучасных умовах мадэрнізацыі і рабатызацыі: тэрміны яго абнаўлення складаюць ад трох да дзесяці гадоў. Па словах Уладзіслава Шчэпава, аб'ём інвестыцый у 20 % — гэта крытычны ўзровень, які не дазваляе забяспечыць канкурэнтаздольнасць беларускай эканомікі.
Потым ён агучыў праблемы: першая — аб'ёмы прыцягнення інвестыцый. Другая — тэхналагічная структура інвестыцый: 48,9 % з іх — гэта будаўніча-мантажныя работы, папросту кажучы, грошы ўкладаюць у сцены, а не ў абсталяванне. «Сітуацыю трэба кардынальна змяняць», — канстатаваў старшыня камісіі па эканамічнай палітыцы.
Трэцяя праблема: больш за 60 % агульнага аб'ёму інвестыцый прыпадае на Мінск, Мінскую і Гродзенскую вобласці.
Аб свабодных эканамічных зонах
Міністр фінансаў Беларусі Максім ЕРМАЛОВІЧ звярнуў увагу прысутных на стымуляванне інвестыцый.
«У мэтах узмацнення стымуляцыйнага складніка спецыяльнага рэжыму падаткаабкладання рэзідэнтаў СЭЗ да ўжо наяўных ільгот у праекце новай рэдакцыі Падатковага кодэкса дадаткова закладваюцца і новыя меры падатковага стымулявання, новыя льготы і прэферэнцыі, — расказаў ён. — Для ўдасканалення інвестыцыйнай дзейнасці ў СЭЗ без часовага абмежавання на ўвесь перыяд іх функцыянавання да 31 снежня 2049 года прадугледжваецца вызваленне ад падатку на прыбытак у частцы атрыманага рэзідэнтамі СЭЗ прыбытку ад рэалізацыі тавараў уласнай вытворчасці».
Дарэчы, на сённяшні дзень падатковая нагрузка для рэзідэнтаў СЭЗ складае 3,9 %.
Міністр фінансаў таксама нагадаў прысутным пра рашэнне Аляксандра Лукашэнкі аб пашырэнні межаў СЭЗ. Навошта? Гэта дазволіць размясціць рэзідэнтаў з улікам перспектыў іх развіцця, арганізаваць новыя рабочыя месцы, аптымальна задзейнічаць свабодныя зямельныя ўчасткі.
«Ёсць таксама і патрэба ў дадатковым развіцці інжынернай і транспартнай інфраструктуры СЭЗ, — адзначыў Максім Ермаловіч. — Гэтыя інвестыцыі, якія мяркуецца прыцягнуць у міжнародных фінансавых інстытутаў, дазволяць давесці аб'ём агульных інвестыцый у свабодныя эканамічныя зоны да 1 мільярда долараў».
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
Фотаздымкі прадастаўлены прэс-службай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzislau-lukashevich
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/investycyi
[4] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika
[5] https://zviazda.by/be/tags/investar
[6] https://zviazda.by/be/tags/finansy
[7] https://zviazda.by/be/tags/investavanne