Напрыканцы працоўнага тыдня вечарам ў пятніцу ў Мінскім гарадскім палацы культуры прайшоў “Вечар традыцыйнага беларускага танца”. У фае палаца сабраліся людзі розных пакаленняў, якіх аб’ядноўвае любоў да беларускай спадчыны. Перад гасцямі выступілі ансамблі “Шчодрыца”, “Вербіца” і “Мілавіца”, якія не толькі прадэманстравалі свой талент, але і паказалі аматарам беларускай культуры, як трэба танчыць. І ўжо ў хуткасці і стары, і малы разам з артыстамі пускаўся ў скокі. Фае палаца ператварылася ў сапраўдную танцпляцоўку. “Кракавяк па-мазырску”, “Качарга”, “Ойра” – і шмат іншых традыцыйных беларускіх танцаў навучыліся танчыць госці мерапрыемства ў гэты дзень. А лепшыя танцоры нават атрымалі ад артыстаў памятныя падарункі.
Як ні весела было, але прыйшоў час развітацца. Застаецца надзея, што гэта сустрэча была не апошняй і ў хуткім часе яшчэ больш прыхільнікаў традыцыйных каштоўнасцяў прыйдуць у гарадскі палац культуры, каб закружыцца ў віхуры беларускага танца.
Андрэй САЗОНАЎ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/andrey-sazonau
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/belaruskiya-narodnyya-tancy