Трэцякурсніца факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ Анастасія Шалыгіна прадставіць Беларусь на Міжнародным маладзёжным конкурсе сацыяльнай рэкламы “Разам супраць карупцыі!". Дзяўчына перамагла ў нацыянальным адборачным этапе конкурсу ў намінацыі “Лепшы плакат”.
Аўтарам “Лепшага відэа” стаў інструктар-метадыст па фізкультурна-аздараўленчай, культурна-масавай і сацыяльнай рабоце кандытарскай фабрыкі “Слодыч” Іван Шевмера.
Усяго журы ў адборачным нацыянальным этапе конкурсу ацаніла каля 900 плакатаў і 200 відэаролікаў, выкананых у розных жанрах, стылях і тэхніках. Удзел у конкурсу ўзялі студэнты, работнікі дзяржаўных органаў, прадпрыемстваў, устаноў адукацыі і грамадскіх арганізацый.
Пераможцаў выбірала камісія ў складзе прадстаўнікоў Генеральнай пракуратуры Беларусі, міністэрстваў унутраных спраў, адукацыі, інфармацыі, антыманапольнага рэгулявання і гандлю, ЦК БРСМ, праўлення Беларускага саюза кінематаграфістаў і Беларускага саюза мастакоў.
Конкурс арганізаваны ў рамках работы Міждзяржаўнага савета па супрацьдзеянні карупцыі. Гэта найбуйнейшы міжнародны праект, накіраваны на прыцягненне ўвагі моладзі да адной з найвастрэйшых сацыяльных праблем. Адборачныя туры адначасова праходзілі ў шасці краінах: Арменіі, Беларусі, Казахстане, Кыргызстане, Расіі і Таджыкістане. Усяго было заяўлена 1500 відэаролікаў і 8000 плакатаў.
Імёны пераможцаў Міжнароднага маладзёжнага конкурсу сацыяльнай рэкламы “Разам супраць карупцыі!” назавуць ў пачатку снежня ў Маскве. У дзвюх намінацыях “Лепшы плакат” і “Лепшае відэа” будуць прадстаўлены 12 работ фіналістаў адборачных этапаў краін-удзельніц.
Арганізатарам конкурсу выступае Генеральная пракуратура Расіі, адным з суарганізатараў — Генеральная пракуратура Беларусі.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/razam-suprac-karupcyi
[2] https://zviazda.by/be/tags/konkurs
[3] https://zviazda.by/be/tags/final