Двухдзённая міжнародная навуковая канферэнцыя "Фарміраванне беларускай дзяржаўнасці ва ўмовах геапалітычных зрухаў XX стагоддзя” адкрыецца 29 лістапада ў Белдзяржуніверсітэце. Форум прысвечаны 100-годдзю ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Святкаванне гадавіны падзей, якія прадвызначылі далейшы шлях развіцця беларускай дзяржаўнасці, прыпадае на 1 студзеня 2019 года.
На дыскусійных пляцоўках выступяць каля 100 навукоўцаў з 35 устаноў Беларусі, Расіі, Украіны, Чэхіі, Польшчы і Германіі. Гісторыкі абмяркуюць асноўныя пытанні станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці ў ХХ —пачатку XXI стагоддзяў і дадуць ацэнку падзеям таго часу. У полі зроку ўдзельнікаў форуму будуць праблемы трансфармацыі палітычнай сістэмы Беларусі ў постсавецкі час, здабыццё і ўмацаванне незалежнасці ў канцы XX—пачатку XXI стагоддзяў, а таксама геапалітычны патэнцыял краіны ў сучасных умовах.
Вучоныя прадставяць свае даклады ў сямі тэматычных секцыях. 30 лістапада ў рамках правядзення канферэнцыі пройдзе пасяджэнне навуковага круглага стала "Моладзь у дзяржаваўтваральных працэсах на тэрыторыі Беларусі ў ХХ стагоддзі”. Мадэратарамі дыскусіі выступяць прарэктар па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях БДУ Іван Янушэвіч, дэканы гістарычнага факультэта і факультэта філасофіі і сацыяльных навук Аляксандр Каханоўскі і Вадзім Гігін.
Па выніках форуму плануецца публікацыя зборніка дакладаў, а таксама яго размяшчэнне ў Электроннай бібліятэцы БДУ і навуковай электроннай бібліятэцы e-library.ru.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/100-god-bssr
[2] https://zviazda.by/be/tags/100-goddze-bssr