Чаму нельга насіць мабільнік у кішэні штаноў? Як своечасова выявіць прастатыт і рак прастаты? Якія хваробы падпільноўваюць пажылых мужчын? Пра тое, як захаваць мужчынскае здароўе, расказала ўролаг-андролаг вышэйшай катэгорыі, загадчык уралагічнага аддзялення медыцынскага цэнтра «Ладэ» Вольга АНТОНАВА.
— Вольга Віктараўна, да вас звяртаюцца пераважна мужчыны. Мяркуючы па тым, што на прыём да вас няпроста запісацца — усё занята на некалькі тыдняў наперад, вы лёгка знаходзіце з імі агульную мову...
— Работа з любымі пацыентамі патрабуе вялікай аддачы. Мужчыны звяртаюцца з інтымнымі праблемамі, і тут патрэбны асаблівы падыход, вялікі такт, павага. Затое калі давер заваяваны, яны прыходзяць толькі да мяне. Тут недапушчальны фармальны падыход, важна і выслухаць, і дакладна адказаць на ўсе пытанні, што хвалююць пацыента, і дасягнуць выніку ў лячэнні. Заўсёды стараюся дапамагчы кожнаму так, як калі б гэта быў мой сваяк.
— Чаму вы выбралі такую нежаночую спецыяльнасць?
— Я хацела быць доктарам яшчэ са школы, бо і мая мама — урач, але аб такой спецыялізацыі, канешне, не марыла. У медінстытуце вучылася на хірургічным патоку. Калі размяркоўвалі, а я была кволая, худзенькая дзяўчынка, траўматолагам мяне не ўзялі — вырашылі, што ўпраўляць рукі і ногі ў мяне не хопіць сілы. Размеркавалі ва ўралогію. Я асвоіла гэту спецыяльнасць і засталася ў ёй.
— З якімі праблемамі прыходзяць мужчыны?
— З прастатытамі, з разнастайнымі парушэннямі сексуальнай сферы: гэта эрэктыльная дысфункцыя, адсутнасць жадання, кароткі палавы акт — самыя розныя парушэнні. Таксама калі ёсць праблемы з зачаццем дзіцяці. Калі ў пары год-два-тры няма дзетак, пачынаецца абследаванне мужчыны і жанчыны. Мужчына ў такіх выпадках звяртаецца да андролага.
— Якое найбольш распаўсюджанае захворванне ў мужчын?
— Прастатыт. Гэта запаленчы працэс у прастаце, і яму ўсе ўзросты пакорныя. Ён можа быць бактэрыяльны і небактэрыяльны, калі яго выклікаюць сядзячая работа, адсутнасць палавога жыцця працяглы час, пераахаладжэнне — маржаванне, купанне ў халоднай вадзе пасля лазні. Усім сваім пацыентам я рэкамендую пазбягаць халодных басейнаў, не акунацца ў снег ці палонку пасля лазні. Прастата любіць цяпло, а холад для яе недапушчальны. Важна весці рухомы лад жыцця. Сядзячая работа ўсіх нас знішчае. Заўсёды неабходна рабіць перапынкі: пасядзелі 45 хвілін — усталі, пахадзілі, размяліся, папрысядалі. Варта хоць бы хадзіць пешшу, калі не атрымліваецца рабіць спецыяльную гімнастыку для паляпшэння крыватоку ў вобласці таза. Ёсць адпаведныя комплексы практыкаванняў, якія паляпшаюць адток крыві, сакрэту з прастаты і дапамагаюць пазбавіцца ад прастатыту. Яшчэ адзін фактар — рэгулярнасць палавога жыцця. Згодна з рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, два-тры разы ў тыдзень лічыцца аптымальным рытмам палавога жыцця. Падкрэслю, што менавіта столькі, а не пяць разоў у дзень і не раз у месяц.
— Пяць разоў у дзень таксама шкодна?
— Так, негатыўныя наступствы магчымыя, бо адбываецца перапаўненне таза крывёй, можа з'явіцца цягнучы боль. Акрамя гэтага, з прастатытам не рэкамендуецца перарваны палавы акт. Што датычыцца харчавання, нашым мужчынам карысныя прадукты, багатыя на цынк — марская рыба, увогуле ўсе віды морапрадуктаў, лепш жывёльнага паходжання — васьміног, вустрыцы, мідыі, кальмары. Са звыклых нам прадуктаў багатыя на цынк чарніцы, арэхі, белае гарбузовае семя. Прастата без цынку працаваць не можа.
— Вітамінныя комплексы з цынкам могуць іх замяніць?
— Можна ўжываць і вітамінныя комплексы, але з ежы цынк засвойваецца лепш. Ад прастаты залежыць не толькі палавая цяга і якасць сексу, але і апладняльная здольнасць сперматазоідаў. Мы не дарма называем прастату другім сэрцам мужчыны.
— Якія сімптомы прастатыту могуць насцярожыць?
— Найперш з'яўляецца боль пад яечкамі, у зоне прамежнасці — або дастаткова востры, або ныючы. Таксама боль можа быць у самым нізе жывата і аддаваць у пахвінную вобласць. Можа пачашчацца мочаспусканне і слабець напор струменю ці ўскладняцца мочаспусканне раніцай. У палавым жыцці класічным сімптомам з'яўляецца скарачэнне палавога акта да некалькіх фрыкцый, таксама характэрна зніжэнне жадання займацца сексам. На ўсё гэта варта звяртаць увагу. І не трэба сядзець і чакаць, бо хвароба сама не праходзіць, яна забіраецца ўглыб і развіваецца. Варта звяртацца да доктара, пралячыцца, каб не было хранічнага запалення. Сёння мы навучыліся добра спраўляцца з гэтай хваробай, прычым не толькі медыкаментозна. Вельмі эфектыўныя фізіяпрацэдуры: ударнахвалевая тэрапія, магніта- і лазератэрапія. Яны дазваляюць не толькі ліквідаваць запаленне і ўзмацніць адток крыві, але палепшыць патэнцыю, эрэкцыю і працягласць палавога акта.
— Фізіятэрапія выкарыстоўваецца ў комплексе з медыкаментозным лячэннем?
— Працэдуры могуць прызначацца і асобна — для прафілактыкі. Ці калі мужчына, скажам, хоча абнавіць сваё палавое жыццё, жадае новых адчуванняў у сексе. Цяпер з'явіліся такія сучасныя методыкі, якія дазваляюць пры дапамозе апаратаў ударнахвалевай тэрапіі ажыццяўляць глыбокі масаж, адбываецца паляпшэнне адтоку, з'яўляюцца новыя сасуды і нервы. Дзякуючы гэтаму больш яркімі становяцца адчуванні — у 40 гадоў як у 18.
— З якімі праблемамі ў палавым жыцці часцей звяртаюцца мужчыны?
— Найчасцей скардзяцца на адсутнасць жадання. Такое здараецца на фоне агульнай дэпрэсіі ці псіхалагічных праблем, стрэсаў, парушэння гарманальнага фону. І тут варта разбірацца. Але гэта ўсё выпраўляецца. Таму трэба звяртацца да ўрача.
— Спісваць адсутнасць жадання на ўзрост не варта?
— Ні ў якім разе. Кожная акалічнасць мае свае прычыны, і іх варта ліквідаваць. Яшчэ адна праблема — эрэктыльная дысфункцыя, і яна таксама мае некалькі фактараў. Па-першае, многія мужчыны прымаюць прэпараты — сардэчныя, для паніжэння ціску, а некаторыя з іх, як правіла, звужаюць сасуды. Па-другое, вялікую ролю ў пагаршэнні эрэкцыі адыгрывае курэнне. Пачак цыгарэт у дзень вядзе да вельмі сур'ёзных наступстваў. Калі на прыём прыходзіць мужчына з парушэннем эрэкцыі, як правіла, ён курыльшчык. Таму пацыентам я раю хоць бы зніжаць паступова колькасць цыгарэт, калі ўжо не атрымліваецца зусім кінуць курыць. Цяпер існуе вялікая колькасць методык, якія дазваляюць аднавіць эрэкцыю. У нас з'явіліся прэпараты, якія прымаюцца не разава, а курсам ад аднаго да шасці месяцаў, яны цалкам рэабілітуюць сасуды, і эрэкцыя аднаўляецца.
На невялікую працягласць палавога акта можа ўплываць і запаленчы працэс у прастаце, і шмат іншых прычын. Гэта сёння таксама лечыцца эфектыўнымі методыкамі, якіх мы, дарэчы, яшчэ 10 гадоў таму не мелі ў сваім арсенале.
— Як часта мужчыны павінны правярацца на рак?
— Пасля 45 гадоў усім мужчынам варта здаваць аналіз крыві на ПСА (прастатычны спецыфічны антыген). Гэта анкамаркер раку прастаты. Нават калі вас нічога не турбуе, раз у год усё роўна варта здаваць гэты аналіз і жыць спакойна. Пры перавышэнні паказчыка трэба разбірацца, што адбываецца ў прастаце. Ён сігналізуе не толькі пра рак, але і пра абвастрэнне запалення і некаторыя іншыя паталагічныя моманты. Таму важна кантраляваць гэты паказчык. Рак не мае асаблівых сімптомаў, можа нічога не балець, не парушацца мочаспусканне, падчас ультрагукавой дыягностыкі яго можна не заўважыць. Для таго каб выявіць анкалогію, патрэбны агляд уролага і аналіз крыві на ПСА.
— У якім узросце ўзнікае адэнома прастаты?
— Гэта частая з'ява, і звязана яна з узроставымі змяненнямі ў мужчын. Як правіла, пачатковыя яе прыкметы фарміруюцца пасля 50—55 гадоў, у старэйшым узросце яна сустракаецца ў кожнага чацвёртага мужчыны. Гэта дабраякаснае разрастанне тканкі на фоне зніжэння актыўнасці тэстастэрону. Адэному можна лічыць своеасаблівым праяўленнем мужчынскага клімаксу. У жанчын свае праявы, а ў мужчын — свае. Першыя прыкметы, якія павінны насцярожыць мужчыну ва ўзросце — начныя пад'ёмы, больш за раз за ноч, аслабленне напору струменю мачы, ускладнены пачатак мочаспускання раніцай. Дзесьці сімптомы пераклікаюцца з прастатытам, і толькі доктар-уролаг можа разабрацца ў гэтай сітуацыі. Часта сустракаюцца спалучэнні адэномы і прастатыту. Адэномы баяцца не варта, на яе мы моцна паўплываць не можам, гэта генетычнае захворванне. Як было ў бацькі, так будзе і ў сына. Якіх памераў яна будзе, куды будзе разрастацца, залежыць ад спадчыннасці. Неабходна раз на год кантраляваць паказчыкі ПСА, рабіць ультрагукавую дыягностыку і праходзіць агляд уролага.
— Наколькі часта сустракаецца мужчынская бясплоднасць?
— Роля мужчынскай бясплоднасці, на жаль, расце. Нормы ў спермаграме, а гэта аналіз, які паказвае канцэнтрацыю сперматазоідаў, іх рухомасць, марфалогію, з гадамі зніжаюцца і зніжаюцца. Калі раней нормай лічылася іх колькасць у 50 мільёнаў, цяпер — 15 мільёнаў. Так знізіліся нормы за апошнія 40 гадоў. Сёння суадносіны мужчынскай і жаночай бясплоднасці 50 на 50. Ёсць банальныя яе прычыны, якія мы можам лёгка ліквідаваць, напрыклад, варыкознае расшырэнне вен вакол яечка — варыкацэле. Гэта добра лечыцца, ёсць сучасныя мікрахірургічныя аперацыі, якія дазваляюць праз дзве гадзіны сесці за руль і паехаць з клінікі, з часам не застаецца нават шрамаў. А ёсць генетычныя паломкі, на якія мы паўплываць не можам. Тады прыходзіцца прыбягаць да дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій. Але ў выніку мы ўсё роўна прыходзім да доўгачаканага выніку — нараджэння дзіцяці.
Правілы, якія дазволяць захаваць мужчынскае здароўе:
— Усім мужчынам рэкамендуецца весці здаровы лад жыцця, займацца хоць бы аздараўленчай гімнастыкай, больш рухацца, хадзіць пешшу, не пераахалоджвацца, не ныраць у ледзяную ваду. Есці прадукты, багатыя на цынк, менш ужываць вяндліны. Весці рэгулярнае палавое жыццё. Пазбягаць стрэсаў, паколькі гэта ўплывае на ўвесь арганізм. Не курыць, цыгарэты ўплываюць нават горш, чым алкаголь. Калі мужчына рыхтуецца стаць бацькам, зрэдку дапусцімы бакал чырвонага віна, а вось курэнне варта звесці да нуля. Таксама тым, хто збіраецца стаць бацькам, варта пазбягаць кантакту са шкоднымі вытворчасцямі і рэчывамі — лакамі, фарбамі, бензінам. Ноутбук павінен знаходзіцца за 40—50 сантыметраў ад органаў таза, гэтак жа, як і мабільны тэлефон. Сядзенне з падагрэвам варта ўключаць на 3—5 хвілін, на гарачым сядзенні лепш не ездзіць. Сперматазоіды — гэта бялок, і ён звернецца ад тэмпературы. (У кітайцаў нават ёсць такі спосаб засцярогі ад цяжарнасці: за суткі да мяркуемай сустрэчы гарачая-гарачая ванна на 40 хвілін, і ў гэтыя суткі зачацця не будзе.)
З гэтай прычыны не пажадана і саўна. Мужчыны, якія засцерагаюцца ад прастатыту, не павінны маржаваць.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/kraina-zdarouya