У летапісе жыцця беларусаў Тальяці — новыя старонкі
Насычаны лістапад у беларускай суполкі “Нёман”! 5-га чысла правялі Дзень дружбы ў дзіцячай бібліятэцы №12 Аўтаграда: была прэзентацыя пра Беларусь, віктарына (лепшым — салодкія прызы). Я разам з дзецьмі чытала й абмяркоўвала цікавае апавяданне. І мульцік разам глядзелі. Хораша ў гэтай бібліятэцы: па-дамашняму цёпла і ўтульна. І ў снежні, дарэчы, будуць сустрэчы ў бібліятэках.
Далей — пра штогадовую акцыю “Нашы людзі”, што праходзіць у Тальяці пры падтрымцы гарадміністрацыі. На гэты раз мы падалі арганізатарам кандыдатуру Сяргея Шылкіна — і намеснік старшыні праўлення Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Нёман” па працы з моладдзю, сувязях са СМІ стаў лаўрэатам у намінацыі “Мужчына-лідар”. Мяркую, чытачы “ГР” ведаюць з публікацый пра добрыя справы Сяргея Аляксандравіча. Віншуем!
І яшчэ — пра “Сэрца маці”: пад такою назвай мы ладзілі святочную імпрэзу ў 48-й гімназіі імя Алега Далгова. На гэты раз выступалі тры гурты нашай суполкі: народны ансамбль беларускай песні “Купалінка”, моладзевы яго склад “Беларусачкі”, дзіцячы “Зорачкі”. Гучалі новыя песні, а вершы пра маму, бабулю чыталі Мацвей Палухін, Варвара Сматрова, Яўгенія Смякалава, Валерыя Труфанава ды 5-гадовы Дзяніс Шчацінін. У праграме паўдзельнічаў і гурт балетнага танца “Креатив”. Свята прайшло ярка, сардэчна, душэўна.
Людміла Дзёміна, г. Тальяці
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[2] https://zviazda.by/be/tags/rasiya