У Прэзідэнцкай бібліятэцы Беларусі разгорнута выстава фотамастака Уладзіміра Цвіркі
Году малой радзімы прысвяціў сваю фотавыставу “Сілуэты спадчыны” мастак-дызайнер, вітражыст, фотамастак і вандроўнік Уладзімір Цвірка. Многія касцёлы, цэрквы, палацы, якія патрапілі ў фотааб’ектыў майстра, пабудаваны ў XVІ—XX стагоддзі й занесены ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Выстава праходзіць у Прэзідэнцкай бібліятэцы, што ў Доме Ураду і паблізу знакамітага Чырвонага касцёла.
Праект “200 унікальных турыстычных маршрутаў па маёй Беларусі” Уладзімір Цвірка распачаў восем гадоў таму. “Спачатку было ў мяне толькі жаданне вандраваць і фатаграфаваць. Паступова пры тым збіраліся й кнігі пра гісторыю, архітэктуру, асаблівасці прыроды Беларусі. Ды раптам я ў тым збіральніцтве зразумеў, што назапашаную інфармацыю нельга ўжо хаваць — яна павінна паслужыць таксама іншым падарожнікам. Так з’явілася жаданне падзяліцца сваімі ўражаннямі з іншымі”, — расказаў мне Уладзімір Андрэевіч.
На фотавыставе прадстаўлены фотаздымкі больш чым сарака помнікаў архітэктуры, на якія, на думку аўтара, варта паглядзець зблізку. Між тым у архіве Уладзіміра Цвіркі ўжо назбірана каля 3 мільёнаў (!) выяў гістарычных аб’ектаў спадчыны. Некаторыя будынкі даўніны ў ягонай калекцыі зняты з розных ракурсаў, у розную пару года, сутак.
Уладзімір Цвірка лічыць: з цягам часу ягоны арўны матэрыял падвысіцца ў цане. Ужо й цяпер ён цікавы не толькі турыстам, але й архітэктарам, рэстаўратарам, мастакам, якія зберагаюць матэрыяльныя каштоўнасці Беларусі. Тым больш важная праца энтузіяста, што былыя сядзібы, даўнія помнікі, асабліва ў далёкай глыбінцы, бывае, застаюцца сам-насам з часам і абставінамі, а гэта ім, як і старым людзям — не на карысць...
Ганна Лагун
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/gistoryya