Ці мае права на дапамогу ў сувязі з нараджэннем дзіцяці ўсынавіцель, калі на падставе рашэння суда аб усынаўленні зменена дата нараджэння дзіцяці і яго ўзрост стаў менш за 6 месяцаў? На момант усынаўлення дзіцяці было 11 месяцаў (дата нараджэння — 11.10.2017), але рашэннем суда яго дата нараджэння была змененая, і дзіця стала маладзейшым (новая дата нараджэння — 15.07.2018). Рашэнне суда аб усынаўленні ўступіла ў сілу з 25.09.2018.
(Ірына, г. Гомель).
Адказвае кансультант упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Святлана Коваль:
— Права на аднаразовую дапамогу ў сувязі з нараджэннем дзіцяці маюць асобы, якія ўсынавілі (удачарылі) дзіця ва ўзросце да 6 месяцаў (арт. 11 закона «Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей»).
Памер дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці вызначаецца на дату нараджэння ўсыноўленага дзіцяці.
Пры вызначэнні права на дапамогу ў сувязі з нараджэннем дзіцяці і памеру гэтай дапамогі разглядаецца дата нараджэння дзіцяці, якая змешчана ў пасведчанні аб яго нараджэнні, гэта значыць 15.07.2018. Паколькі дзіця 15.07.2018 года нараджэння, і ўсыноўленае 25.09.2018 (ва ўзросце да 6 месяцаў), права на дапамогу ў сувязі з нараджэннем дзіцяці ваша сям'я мае.
Звярнуцца па прызначэнне дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці неабходна на працягу 6 месяцаў з дня ўступлення ў сілу рашэння суда аб усынаўленні дзіцяці — у вашым выпадку не пазней за 25.03.2019 года.
Дакументамі, на падставе якіх вам будзе прызначана ўказаная дапамога, з'яўляюцца пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці і копія рашэння суда аб усынаўленні (удачарэнні). Пры гэтым усынавіцель (удачарыцель) замест поўнай копіі рашэння суда можа прадставіць частковую выпіску з гэтага рашэння без указання звестак аб мінулым дзіцяці.
Дадаткова варта адзначыць, што з дня ўступлення ў сілу рашэння суда аб усынаўленні дзіцяці (з 25.09.2018) ваша сям'я мае права і на прызначэнне дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў.
Святлана БУСЬКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-busko
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-i-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta