А адлегласць гэтая па прамой на самалёце — каля дзесяці тысяч кіламетраў. Тым не менш мы прадаём у найбуйнейшую астраўную дзяржаву свету калійныя ўгнаенні, гетэрацыклічныя злучэнні азоту, шыны, поліаміды, шпалы, медыцынскую мэблю, трактары, апаратуру і абсталяванне.
Купляем там натуральны каўчук, пальмавы і какосавы алей, оптавалакно, лекі, волава, паперу, какаву, фарбавальнікі, абсталяванне для друкавання, рыбу і іншае. Дарэчы, тавараабарот з гэтай краінай за дзевяць месяцаў сёлета на 74 % перавысіў леташні паказчык і склаў амаль 200 мільёнаў долараў (за ўвесь 2017 год — 158 мільёнаў). Гэта, можа, і не шмат, але, напрыклад, з Венгрыяй, да якой у дзесяць разоў бліжэй, мы нагандлявалі ўсяго на 148 мільёнаў долараў. Пры гэтым сальда ў нас з Інданезіяй дадатнае і роўнае суме ўсяго тавараабароту з Венгрыяй.
На такім фоне фестываль «Экспа-Фэст Інданезія-Беларусь 2018» ладзіць асабліва прыемна. Да таго ж, сёлетняе свята прымеркавана да 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж краінамі. Арганізатарам выступіла пасольства Рэспублікі Інданезія ў Беларусі пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь і Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Інданезія ў Расіі і Рэспубліцы Беларусь Вахід Мухамед СУПРЫЯДЗІ адзначыў, што фестываль упершыню арганізаваны з такім размахам. На выстаўцы размясцілася каля 20 стэндаў, дзе можна было ўбачыць і набыць інданезійскія прадукты, прадметы інтэр'ера, тэкстыльныя вырабы, сувеніры і многае іншае.
— Два дні таму мы паспяхова правялі беларуска-інданезійскі бізнес-форум, на якім абмеркавалі магчымасці для супрацоўніцтва, — абвясціў наведвальнікам фестывалю пасол і выказаў надзею на далейшае ўмацаванне двухбаковых адносін.
Начальнік упраўлення Азіі, Аўстраліі і Акіяніі Міністэрства замежных спраў Беларусі Сяргей Цярэнцьеў дадаў, што за 25 гадоў удалося значна паглыбіць палітычныя і гандлёвыя сувязі, дзякуючы чаму інданезійцы, у прыватнасці, ведаюць такія беларускія брэнды, як БелАЗ, Мінскі трактарны завод, Беларуськалій.
Аб планах па арганізацыі ў кастрычніку наступнага года нацыянальнай беларускай экспазіцыі ў Джакарце паведаміў на адкрыцці фестывальнай экспазіцыі старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч.
Дарэчы, Інданезія з'яўляецца найбуйнейшай краінай Паўднёва-Усходняй Азіі і займае чацвёртае месца па колькасці насельніцтва (больш за 261 мільён чалавек). Яна адносіцца да катэгорыі найбольш перспектыўных у эканамічным плане краін, якія развіваюцца.
Ганна ЮНЧЫЦ
Фота Андрэя САЗОНАВА
Больш фота [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ganna-yunchyc
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] http://zviazda.by/be/news/20181125/1543139155-ekspa-fest-indaneziya-belarus-2018-prahodzic-u-stalicy
[4] https://zviazda.by/be/tags/belekspa
[5] https://zviazda.by/be/tags/indaneziya
[6] https://zviazda.by/be/tags/belarus