“Маладосць” & “Маладосць”
28 лістапада стартаваў праект “Маладосць” & “Маладосць” – вынік калабарацыі вечна маладога часопіса і яго кнігагандлёвага цёзкі, які належыць “Белкнізе”. Цяпер такога кшталту імпрэзы з інтэлектуальнымі размовамі ў акружэнні кніг, выступленнямі пісьменнікаў і супольнымі чытаннямі будуць праходзіць на пастаяннай аснове ў 2-ю і 4-ю сераду кожнага месяца.
Першая “дабл-маладосцеўская” літаратурная серада атрымала простую і ёмістую назву – “Знаёмства”. Культавая кнігарня “Маладосць” стала месцам, дзе “часопісныя” і “кніжныя” маладосцеўцы праз шмат гадоў зноў зрабілі вялікі крок насустрач адзін аднаму. У якасці надзвычайных і паўнамоцных паслоў выступілі начальнік аддзела арганізацыі гандлю і рэкламы ААТ “Белкніга” Андрэй Радыгін і галоўны рэдактар “Маладосці” Святлана Воцінава, якія выказалі надзею, што супрацоўніцтва літаратурна-кніжных сваякоў выйдзе на новы ўзровень.
Больш падрабязна пра багатую гісторыю ўзаемадносін абедзвюх “Маладосцей” распявялі ветэран кнігагандлю Святлана Гурына і адзін з былых рэдактараў нашага часопіса Алесь Камароўскі. Іх сентыментальныя ўспаміны перанеслі прысутных у часы, калі ў гэтым самым памяшканні выступалі Быкаў і Караткевіч.
Эстафету ад аксакалаў перанялі рэдактары “Маладосці” Дзмітрый Шулюк і Крысціна Бандурына. Хто ведае, магчыма ў будучыні і іх з’яўленне ў легендарнай кнігарні будуць згадваць з такой цеплынёй?
Фінальным акордам сустрэчы стала выступленне Алеся Камоцкага, які сваімі песнямі праводзіў, па яго словах, не толькі імпрэзу, але і… восень!
Наступная сустрэча ў межах праекта “Маладосць” & “Маладосць” адбудзецца праз два тыдні ў тым жа месцы (вул. Багданавіча, 68) і ў той жа час (16-00). Гэты вечар будзе прысвечаны Чынгізу Айтматаву. Убачымся!
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/maladosc-maladosc
[2] https://zviazda.by/be/tags/belkniga
[3] https://zviazda.by/be/tags/maladosc-2