У Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі адбылося ўрачыстае адкрыццё новага корпуса магнітна-рэзананснай тамаграфіі.
У трохпавярховай прыбудове да лячэбна-дыягнастычнага корпуса бальніцы, дзе ўстаноўлены сучасны апарат МРТ, размясціліся таксама адміністрацыя, бухгалтэрыя і іншыя службы. На будаўніцтва аб'екта было выдаткавана каля 2 мільёнаў рублёў. Набыццё 18-тоннага тамографа абышлося Міністэрству аховы здароўя ў 540 тысяч еўра. Гэты апарат больш дасканалы і дазваляе з найбольшай дакладнасцю вызначыць захворванні на ранніх стадыях іх развіцця.
— Магнітна-рэзанансная і камп'ютарная тамаграфія — гэта тое, на што робіцца стаўка ў дыягностыцы дзеля своечасовага аказання медыцынскай дапамогі. У краіне прыняты курс на сціранне межаў паміж рэгіянальнымі, міжабласнымі, міжраённымі медустановамі і стварэнне рэгіянальных медыцынскіх цэнтраў. Чалавек павінен атрымаць дапамогу па месцы свайго жыхарства, — падкрэсліў у сваёй прамове падчас адкрыцця міністр аховы здароўя Валерый МАЛАШКА.
Губернатар вобласці Уладзімір ДАМАНЕЎСКі адзначыў, што ў краіне шмат чаго робіцца для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя. Летась у Магілёве былі ўведзены ў строй хірургічны корпус і цыталагічная лабараторыя ў абласным анкадыспансеры, а таксама лабараторыя даследаванняў харчовых прадуктаў на базе абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
Адкрыццё новага корпуса гарадской бальніцы таксама не канчатковы этап у рэканструкцыі ўстановы. На чарзе — завяршэнне капітальнага рамонту радзільнага дома, мадэрнізацыя іншых карпусоў.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/sacyyalnaya-padtrymka
[4] https://zviazda.by/be/tags/magilyou
[5] https://zviazda.by/be/tags/balnica
[6] https://zviazda.by/be/tags/hutkaya-medycynskaya-dapamoga
[7] https://zviazda.by/be/tags/mrt