Нацыянальны статыстычны камітэт апытаў 6,9 тысячы асоб з інваліднасцю. Пытанні датычыліся жыллёвых умоў і маёмасці, здароўя, адукацыі, занятасці, даступнасці паслуг, сацыяльнага забеспячэння і сацыяльных кантактаў. Аб выніках выбарачнага абследавання расказала намеснік старшыні Белстата Алена Кухарэвіч.
Амаль траціна людзей з інваліднасцю ў працаздольным узросце працуюць. Пры гэтым жанчын згаданай катэгорыі больш, чым мужчын.
На занятасць асоб з інваліднасцю ўплываюць як іх фізічныя магчымасці, так і абмежаваная канкурэнтаздольнасць на рынку. Так, 13 % непрацуючых людзей з асаблівасцямі развіцця хацелі б працаваць. Траціна з іх знаходзяцца ў актыўным пошуку пасільнай занятасці.
95 % хатніх гаспадарак з інвалідамі ў якасці асноўных крыніц сродкаў да існавання ўказалі пенсію, 42 % — даходы ад работы па найме. У 45 % сем'яў з дзецьмі-інвалідамі працуе толькі адзін з бацькоў (звычайна бацька). Амаль у кожнай пятай сям'і няма працуючых дарослых, бо звычайна гэта няпоўныя сем'і, у якіх адзін дарослы вымушаны клапаціцца пра дзіця.
Пасля заканчэння школы працягваюць навучанне 28 % маладых людзей з інваліднасцю, з іх 15 % — у ВНУ.
Вынікі абследавання паказалі, што беларусы яшчэ не да канца гатовыя прыняць інвалідаў як раўнапраўных. Так, высветлілася, што кожны другі інвалід ва ўзросце 18 гадоў і старэй лічыць, што грамадства не разумее яго праблемы і ставіцца да іх абыякава. 5 % мяркуюць, што навакольнае асяроддзе мае шмат стэрэатыпаў і праяўляе дыскрымінацыю. Толькі 44 % адзначылі праявы талерантнасці да іх праблем. Чвэрць інвалідаў, якія пражываюць адны, часта адчуваюць адзіноту. Тым не менш, нягледзячы на жыццёвыя цяжкасці, 43 % асоб з асаблівасцямі развіцця ацанілі сваю бягучую жыццёвую сітуацыю ў той ці іншай ступені пазітыўна.
Па выніках абследавання, жыллёвыя ўмовы ў людзей з інваліднасцю не горшыя, чым у сярэднестатыстычных хатніх гаспадарак. У сярэднім на чалавека прыходзіцца 30 кв. м агульнай плошчы жылля. Кватэры і дамы абсталяваны цэнтральным ацяпленнем, водаправодам, каналізацыяй, гарачым водазабеспячэннем, ваннай або душам.
Святлана Бусько
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-busko
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/lyudzi-z-invalidnascyu-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/belstat