Нядаўна такі музей сапраўды з’явіўся ў актавай зале Чыркавіцкай сярэдняй школы Светлагорскага раёна. А прыехаў ён з Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь. Суправаджала экспанаты загадчыца аддзела старадрукаваных і рэдкіх выданняў гэтай установы Святлана Паўлавіцкая.
Настаяцель Баравікоўскай царквы Святой вялікапакутніцы Варвары архімандрыт Аляксей і яго нязменны памочнік Аляксандр Коршук гэтым візітам проста прадоўжылі сваё супрацоўніцтва з Прэзідэнцкай бібліятэкай. Напярэдадні была своеасаблівая прэзентацыя духоўна-патрыятычнай работы сельскага храма ў сталічных сценах. Дырэктар бібліятэкі Сяргей Квачан, які таленавіта ўмее пашыраць духоўную прастору свайго кніжнага дзецішча, вырашыў падоўжыць пачатае праз новую акцыю — «Музей у чамадане».
Мы часам забываем, што Беларусь — дзяржава са сваёй больш як тысячагадовай гісторыяй і такой жа старажытнай пісьменнасцю ды багатай палітрай старадрукаваных кніг. Нашы кніжніцы бяруць пачатак у ІХ стагоддзі…
У Прэзідэнцкай бібліятэцы Беларусі сёння захоўваецца больш як 75 тысяч кніг, часопісаў, газет і іншых дакументаў, датаваных ад ХVІ стагоддзя да нашага часу. Зразумела, у музейны чамадан змясцілася няшмат. Вось фрагмент старажытнаяўрэйскай рэлігійнай рэліквіі на пергаменце — Торы (у бібліятэцы ён 11-метровы). Цікава, што літары іўрыту, якім яна напісана, засталіся нязменныя ў плыні тысячагоддзяў. А вось адно з кірылічных выданняў — «Служэбнік», датаванае XVIIІ стагоддзем. «Мінея дадатковая» — пачатку XIХ стагоддзя. Госця дэманструе падручнік «Гісторыя геалогіі», на якім ёсць нават нямецкі штамп са свастыкай, бо акупанты збіраліся вывезці гэту кнігу ў ліку іншых кніжных рарытэтаў у Германію. Бачым і «Пачатковую геаграфію» 1925 года. Некаторыя ўнікальныя выданні чыркавіцкія школьнікі маглі не толькі ўбачыць, але і патрымаць у руках, рэальна далучыўшыся да далёкага ад нас часу. Напрыклад, кнігу Максіма Багдановіча «Вянок», выдадзеную ў 1913 годзе, упершыню з хваляваннем узяў у рукі і я. А яшчэ мы ўбачылі выданні нашых землякоў — Івана Мележа, Андрэя Макаёнка, Івана Шамякіна, Анатоля Грачанікава, Уладзіміра Ліпскага і іншых… Усе з аўтографамі.
А як захапілі школьнікаў мініяцюрныя, не больш за два сантыметры, кніжачкі! Некаторыя ўнікальныя выданні можна было ўбачыць на экране манітора. З’явіўся на ім і знакаміты «Статут Вялікага Княства Літоўскага» 1588 года. А затым — кнігі з бібліятэкі Радзівілаў, выданні па юрыдычным праве пачатку ХVI стагоддзя…
Дзіўныя пачуцці адчулі і мы з Соф’яй Шах, калі з чароўнага чамадана дасталі некалькі нашых кніг, падораных у свой час Прэзідэнцкай бібліятэцы. З адной я і прачытаў урывак паэмы «Ала», далучаючы школьнікаў да трывожнай, трагічнай памяці часоў Вялікай Айчыннай вайны. Чытала свае вершы і Соф’я Шах — пра Радзіму, пра беларускую мову, пра вернасць нашым духоўным вытокам.
І, вядома ж, вельмі хораша ўспрынялі ўсе своеасаблівую пропаведзь архімандрыта Аляксея пра сэнс чалавечага жыцця, які бярэ свой пачатак у раннім дзяцінстве, пра праваслаўную кнігу — невычэрпную крыніцу маралі.
У гэты ж дзень завочную экскурсію ў Прэзідэнцкую бібліятэку змаглі здзейсніць і вучні Баравікоўскай сярэдняй школы. Хочацца пажадаць музею ў... чамадане новых маршрутаў па гарадах і вёсках Беларусі.
Ізяслаў КАТЛЯРОЎ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/knizhny-svet