У наступным годзе Мінгарвыканкам плануе ўкараніць дадатковую меру сацыяльнай падтрымкі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны — паслугу выкліку экстраннай дапамогі спецыяльнай мабільнай універсальнай прыладай. Гэта так званы дыстанцыйны патранаж дома.
У сувязі з гэтым камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і камітэт па ахове здароўя Мінгарвыканкама, а таксама Мінскае гарадское ўпраўленне МНС сумесна з ветэранамі вайны і працы пратэсціравалі дадзены сэрвіс ад цэнтра дапамогі «Лінія жыцця 24», каб праверыць якасць паслугі. Удзел у пілотным праекце прынялі пажылыя маламабільныя, адзінокія або адзінока пражываючыя людзі.
Персанальная медыцынская сігналізацыя «Лінія жыцця 24» — гэта сістэма маніторынгу і экстраннага выкліку дапамогі для пажылых людзей. Яна ўяўляе сабой спецыяльны кулон, адзін націск на які дазваляе чалавеку не толькі падаць сігнал SОS, але і пагаварыць з аператарам. Убудаваны модуль GРS (геалакацыя) можа вызначыць, дзе пенсіянер знаходзіцца, а адмысловы датчык падзення паведаміць, што з чалавекам нешта здарылася, калі ён сам не ў сілах нічога сказаць, напрыклад страціў прытомнасць.
Як паказвае практыка, большасць няшчасных выпадкаў з пажылымі людзьмі здараецца, калі яны знаходзяцца адны, без сведак. Старому складана, а часта і проста немагчыма пры гэтым дацягнуцца да тэлефона, а непрытомны чалавек сам сабе дапамагчы не можа. Між тым медыкі добра ведаюць, што ў выпадку інсульту ці інфаркту вельмі важна аказаць медыцынскую дапамогу як мага хутчэй — гэта так званае правіла залатой гадзіны. Тады імавернасць ускладненняў і смерці зніжаецца ў пяць разоў — так сцвярджае сусветная статыстыка.
На «Лініі жыцця 24» кругласутачна дзяжурыць аператар з медыцынскай адукацыяй і практычным вопытам працы ў медыцынскіх установах. Ён вызначае прычыну выкліку, а калі чалавек знаходзіцца без прытомнасці, то па яго месцазнаходжанні (якое, нагадаем, аўтаматычна вызначае функцыя геалакацыі) накіроўвае неабходную дапамогу, перш за ўсё «хуткую». Пры неабходнасці таксама далучае МНС, міліцыю і іншыя службы, паведаміўшы ўсю патрэбную інфармацыю аб абаненце (яна ўжо захоўваецца ў базе даных, бо з уладальнікам «трывожнай кнопкі» або яго найбліжэйшымі сваякамі папярэдне заключаецца дагавор аб абслугоўванні).
Аператар таксама кантралюе, каб выклік прынялі ў хуткай дапамозе ці іншай экстраннай службе і накіравалі сваіх спецыялістаў, дыстанцыйна трымае сувязь з пацыентам да іх прыезду, падтрымлівае яго псіхалагічна, затым даведваецца, у якую бальніцу чалавека адвезлі ці якая іншая дапамога была аказана, і перадае інфармацыю аб гэтым яго сваякам.
— Дадзены сэрвіс арыентаваны на пажылых, людзей з хранічнымі захворваннямі, у якіх існуе рызыка рэзкага пагаршэння самаадчування аж да страты прытомнасці, інвалідаў, адзінокіх, якім важна адчуванне дапамогі і падтрымкі ў экстраннай сітуацыі, — адзначае адзін з заснавальнікаў цэнтра дапамогі «Лінія жыцця 24» Уладзімір Казакоў. — Акрамя таго, сэрвіс проста неабходны людзям, якія пакутуюць на дэменцыю, бо дазваляе аператыўна і з высокай дакладнасцю вызначаць месцазнаходжанне чалавека, які мог згубіцца з-за правалу ў памяці.
Падобныя службы догляду пажылых людзей і асоб з хранічнымі захворваннямі ўжо каля 30 гадоў паспяхова працуюць у многіх краінах свету. І іх папулярнасць расце з кожным годам. На Захадзе лічаць кожную капейку і разумеюць, што інсульт ці інфаркт, які пачынаюць лячыць са спазненнем, выліваецца ў значныя сумы грошай — і для саміх людзей, і для дзяржавы, і гэта ўжо не кажучы пра іншыя, нематэрыяльныя страты.
Уладзімір Казакоў упэўнены, што праекты, падобныя да «Лініі жыцця 24», абавязаны імкнуцца да супрацоўніцтва з дзяржавай. «На развітых рынках такія сэрвісы існуюць галоўным чынам дзякуючы страхавой медыцыне, якая падтрымліваецца дзяржавай. Таму мы звярнуліся па падтрымку і працуем сумесна з камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, — падзяліўся ён. — Паслуга выкліку экстраннай дапамогі праз мабільную ўніверсальную прыладу павысіць узровень бяспекі самастойнага пражывання ветэранаў і ў перспектыве зможа стаць адной з формаў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якія замяняюць стацыянар».
Святлана БУСЬКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-busko
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/sacyyalnaya-padtrymka
[4] https://zviazda.by/be/tags/veterany-vyalikay-aychynnay-vayny