Простае і цёплае
Згодна з законамі фізікі падобнае адштурхоўваецца, а супрацьлеглае прыцягваецца. Але ў людзей усё інакш. Таму музыкі сябруюць са скульптарамі, фатографы з пісьменнікамі, а часопіс «Маладосць» з гуртом «Laudans», у песнях якога выказваюцца думкі, што кожны чалавек — творчая асоба і калі ты любіш сваю справу — гэта ўжо творчасць (не можам не пагадзіцца) J
Чаму «М»ы згадалі гурт «Laudans»? Ёсць нагода. Гурт працягвае рыхтаваць сваіх слухачоў да з’яўлення альбома «Звязаны з часам» і на пачатку снежня запісаў кліп на песню «Агмень». Са слоў удзельнікаў гурта (а іх двое: Андрэй Лугін і Алёна Палачанская), «Агмень» — своеасаблівы пераход ад альбома да альбома, таму і кліп з’яўляецца працягам мінулага і не мае завяршэння: за ім пойдзе яшчэ адзін.
Што гэта, пра што і як? Усё проста і пра простае, а таму пра важнае і цёплае. Пра неабходнасць ісці за сваім пакліканнем, пра неабходнасць знайсці сваю справу жыцця. Удзел у здымках прымалі сябры і родзічы членаў гурта (глядзіце і ўбачыце).
Між іншым, тыя слоўцы, што ў дужках, хоць і занялі такое сціплае месца, але з’яўляюцца самымі важнымі з гэтага тэксту. Бо пра сапраўднае непатрэбна шмат гаварыць, патрэбна з гэтым знаёміцца самому і самому рабіць пэўныя высновы. Бо ў кожным з нас свой агмень.
Дзмітрый ШУЛЮК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/laudans