"Жаніховы агледзіны" арганізуюць 8 снежня ў Полацкім раёне, паведаміў [1] Полацкі раённы Цэнтр культуры.
Незвычайнае спаборніцтва ў стылі народных забаваў пройдзе ў аграгарадку Гараны. Тут збяруцца найлепшыя жаніхі з усіх чатырнаццаці сельсаветаў раёна. У якасці групы падтрымкі разам з імі прыедуць сваты і па адным сябры. Ім трэба будзе прэзентаваць сваіх малайцоў у самым лепшым свеце. Сур'ёзныя намаганні трэба будзе прыкласці і маладым людзям: у барацьбе за тытул самага зайздроснага жаніха іх чакаюць няпростыя выпрабаванні на сілу, спрыт, розум і гаспадарлівасць, нават танцы на лаўцы.
Абавязковай умовай удзелу ў спаборніцтве стане наяўнасць у жаніхоў падарунка для нявесты, зробленага сваімі рукамі. Пры гэтым выбар і фантазію маладых людзей у гэтым заданні не абмяжоўвалі.
Яркіх нот ў свята дададуць народныя забавы, вясковы гумар і душэўныя песні ад ансамбля "Ферцінка", майстар-клас па бытавых беларускіх танцах ад народнага фальклорнага ансамбля "Галасы спадчыны" Багатырскага сельскага Дома культуры.
Арганізатарамі свята выступаюць Полацкі раённы Цэнтр культуры, аддзел культуры Полацкага райвыканкама і Гаранскі сельсавет.
Спасылкі
[1] https://vk.com/wall-119452617_891
[2] https://zviazda.by/be/tags/zhanih
[3] https://zviazda.by/be/tags/polacki-rayon
[4] https://zviazda.by/be/tags/rayonny-centr-kultury