У суботу лясныя прыгажуні зазіхацелі навагоднімі гірляндамі адначасова ва ўсіх мястэчках Гродзенскай вобласці. А вось героі і забаўкі, дзякуючы якім у той дзень ствараўся святочны настрой, у кожным раёне былі свае.
Ашмянскія Дзяды Марозы і Снягуркі прыехалі да ёлкі на незвычайных «карэтах». Тут вам і мотаблок, упрыгожаны казачным аленем, і легкавушка, якую апранулі ў адзенне Дзеда Мароза, і апырсквальнік «Раса», на капоце якога зіхацеў агнямі сімвал надыходзячага года — свіння. Разам з персанажамі мульціка «Шчанячы патруль», бабай Ягой, Лесуном яны забаўлялі дзятву і дарослых.
У Астраўцы Снегавік, Снежная каралева і пушыстыя лясныя жыхары бадзёрылі прысутных зарадкай і вясёлымі карагодамі.
А вось зялёная прыгажуня ў Карэлічах атрымала падарункі ад мясцовых жыхароў, і ўпрыгожылася самаробнымі шарамі, шышкамі, казачнымі дамкамі, паравозікамі і свінкамі.
Ірына СІДАРОК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/grodzenshchyna