Адной з асноўных тэм перамоў стала адкрыццё еўрапескага рынку беларускім кампаніям, якое, на думку Прэзідэнта, пакуль даецца не так проста.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што традыцыйна сустракаецца з пасламі, якія працуюць у нашай краіне, каб разумець перспектывы адносінаў Беларусі са значнымі дзяржавамі, адной з’яўляецца для нас і Германія. Прэзідэнт падкрэсліў: “Германія нас вельмі цікавіць у сувязі з тым, што, па-першае, немцы нас разумеюць, успрымаюць. Па-другое, гэта тэхналагічная, магутная краіна, і мы зацікаўлены ў інвестыцыях і тэхналогіях вашай краіны. А таксама ў нас існуе шэраг іншых інтарэсаў, пра якія я гатовы з вамі сёння пагаварыць”.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што чакае ад гэтай сустрэчы поўнай яснасці, чаго б Германія хацела ад Беларусі. “І я шчыра вам скажу, чаго бы мы хацелі атрымаць ад Германіі і ад Еўрасаюза”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка і дадаў, што наш прынцып адзіны — з суседзямі, якім з’яўляецца і ЕС, трэба будаваць адносіны і жыць нармальна.
Прэзідэнт падкрэсліў, што не трэба ставіць Беларусь перад выбарам: Захад ці Усход? Наша краіна будуе мірную палітыку, сыходзячы з нацыянальных інтарэсаў і ўлічваючы інтарэсы нашых суседзяў. “Мы ніколі не станем асяродкам напружаннасці ў Еўропе”, — запэўніў Лукашэнка.
“Мы ніколі не будзем праблемай для Еўрапейскага саюза, у тым ліку і для Германіі. Тое ж самае мы б хацелі ад Германіі. Мы хацім, каб Германія, разумеючы нас, рабіла канкрэтныя крокі насустрач. Гэта ж ненармальна, калі мы адкрытая краіна для ўсяго Еўрапейскага саюза, а нават гандляваць з вамі не можам, бо вы агароджу выставілі. І нават да агароджы нікога не падпускаеце. Горш, чым у Трампа з Мексікай, сцяна выбудаваная. Толькі яна нябачная, эканамічная. Таму мы хацелі б, каб мы нарэшце знялі гэтыя агароджы і, калі Еўрапейскі саюз так прыхільны да рыначнай эканомікі, ну чаго ж агароджвацца”, — выказаў сваё меркаванне Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы пра палітычныя і эканамічныя адносіны, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Германіі ў Беларусі Петэр Дэтмар заўважыў, што гэты год найбольш паспяховы і важны ў нашым двухбаковым супрацоўніцтве. Пасля размовы з Прэзідэнтам спадар пасол пракаментаваў, што неабходна ідэнтыфікаваць прыярытэтныя напрамкі двухбаковага супрацоўніцтва, перш за ўсё, у сферы эканомікі. У шэраг галін, якія цікавяць, уваходзіць захаванне пазітыўнага інвестыцыйнага клімату Беларусі. Важна, каб і далей адносіны Беларусі і ЕС развіваліся канструктыўна і паспяхова, як і сёння.
Надзея АНІСОВІЧ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/nadzeya-anisovich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[4] https://zviazda.by/be/tags/germaniya-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/eurapeyski-rynak
[6] https://zviazda.by/be/tags/eurapeyski-sayuz