Апошнім часам шмат кажуць пра неабходнасць прышчэпак, у прыватнасці ад такой небяспечнай інфекцыі, як адзёр. Але як даведацца, ці рабілі іх у далёкім для многіх дзяцінстве? Што рабіць, калі некалькі гадоў таму пераехалі ў іншы горад і замацаваліся за новай паліклінікай і звестак аб прышчэпках няма? Нарэшце, медыцынская карта разам з пералікам прышчэпак магла згубіцца... Рабіць іх зноў ці ўсё ж ёсць спосаб знайсці пра іх звесткі? Аб гэтым мы распыталі загадчыка аддзялення імунапрафілактыкі Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Марыну КАЧКАН.
— Марына Віктараўна, як даведацца пра свой прышчэпкавы статус, калі згублена амбулаторная карта?
— Згодна з заканадаўствам, звесткі аб выкананых прафілактычных прышчэпках уносяцца ў форму № 112/у «Гісторыя развіцця дзіцяці» (у дзяцей) ці форму № 025/у-07 «Медыцынская карта амбулаторнага хворага» (у дарослых) і форму № 063/у «Карта прафілактычных прышчэпак». Адпаведна, калі згублена амбулаторная карта, звесткі аб атрыманых прышчэпках можна атрымаць з карты прафілактычных прышчэпак, якая вядзецца ў амбулаторна-паліклінічнай арганізацыі аховы здароўя па месцы жыхарства (месцы аказання медыцынскай дапамогі).
— Калі не атрымліваецца ехаць у іншы горад і шукаць гэтыя звесткі, прышчэпкі ад таго ж адру варта рабіць наноў?
— Згодна з Нацыянальным календаром прафілактычных прышчэпак Беларусі, прышчэпкі супраць адру праводзяцца дзецям ва ўзросце 1 і 6 гадоў. Пры адсутнасці звестак аб прышчэпках супраць адру даведацца, ці ёсць імунітэт супраць гэтага захворвання, можна, здаўшы аналіз крыві. Гэта магчыма зрабіць у РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі (г. Мінск, вул. Філімонава, 23) ці ў недзяржаўным медыцынскім цэнтры — на платнай аснове. Пры нізкім узроўні імунітэту супраць адру ці яго адсутнасці рэкамендуецца зрабіць прышчэпку.
— Якія прышчэпкі рабіць, калі звесткі пра іх не ўдалося знайсці?
— Пералік прафілактычных прышчэпак рэгламентаваны Нацыянальным календаром прафілактычных прышчэпак Беларусі. Інфармацыя пра іх размешчана на афіцыйным сайце [4] Міністэрства аховы здароўя. Згодна з календаром, у нашай краіне праводзяцца прышчэпкі супраць 12 захворванняў: вірусны гепатыт В, туберкулёз, коклюш, дыфтэрыя, слупняк, поліаміэліт, гемафільная інфекцыя тыпу b (ХІБ-інфекцыя), адзёр, эпідэмічны паратыт, краснуха, пнеўмакокавая інфекцыя, грып.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] http://minzdrav.gov.by/ru/
[5] https://zviazda.by/be/tags/kraina-zdarouya