Як паведамілі ў Следчым камітэце, скончана расследаванне крымінальнай справы аб махлярстве: 28-гадовы раней судзімы ўраджэнец Вілейкі ў перыяд з верасня 2017 года да верасня бягучага года выманіў грошы і маёмасць у 11 чалавек.
Мужчына, праяўляючы немалую фантазію, складаў розныя легенды для сваіх знаёмых, каб атрымаць ад іх грашовыя сродкі. Напрыклад, ён казаў пра тое, што яго бацька валодае бізнесам у Нарвегіі. Або расказваў пра цяжкахворую маці (якая на самай справе знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі).
Так, абвінавачаны атрымаў ад знаёмага 300 долараў, паабяцаўшы яму аформіць неабходныя дакументы для працаўладкавання ў фірму яго бацькі ў Нарвегіі, дзе той змог бы атрымліваць вялікую заработную плату.
Таксама мужчына браў грошы ў знаёмых, кажучы, што хоча купіць аўтамабіль ці што-небудзь з нерухомасці. Ахвярамі станавіліся і жанчыны, з якімі ён знаёміўся ў інтэрнэце. Мужчына браў у іх грошы нібыта для аплаты стаматалагічных паслуг, куплі жылля і аўтамабіля. Адна з пацярпелых, напрыклад, паддаўшыся на яго ўгаворы, здавала ў ламбард ювелірныя вырабы, якія мужчына абяцаў выкупіць пазней.
У ходзе расследавання праведзены допыты, вочныя стаўкі з удзелам абвінавачанага і пацярпелых, вывучана змесціва электронных прылад. Былі прааналізаваны звесткі аб тэлефонных перамовах і канфіскаваная дакументацыя, у тым ліку ў банкаўскіх установах і фірме, якая займалася здачай аўтамабіляў у арэнду.
Усяго ўстаноўлена 46 эпізодаў супрацьпраўнай дзейнасці абвінавачанага. Агульная сума шкоды склала больш за 56 тысяч рублёў.
Дзеянні жыхара Вілейкі кваліфікаваны па ч. 4 арт. 209 (махлярства) КК РБ. Да яго прыменена мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. Крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.
Некалькі іншыя злачынства, але па тым жа артыкуле, здзяйсняў раней судзімы 49-гадовы ўраджэнец Брэсцкай вобласці ў перыяд з 2016 да 2018 года на тэрыторыі Мінска.
Прадстаўляючыся святаром, пад маркай правядзення абраду асвячэння жылля, ажыццяўлення ахвяраванняў, набыцця царкоўных свечак для правядзення набажэнства, развіцця камерцыйнай дзейнасці — ён завалодаў грашовымі сродкамі грамадзян на агульную суму больш за 49 тысяч рублёў.
Устаноўлена, што мужчына ніколі святаром не быў. Ён выкарыстаў адпаведнае царкоўнае адзенне і начынне, каб лягчэй было ўваходзіць у давер да людзей.
Усяго ўстаноўлена 12 эпізодаў такой злачыннай дзейнасці. Следчымі дапытана больш за 30 чалавек, праведзены вочныя стаўкі паміж пацярпелымі і абвінавачаным, вобыск па месцы жыхарства ілжэсвятара, накладзены арышт на яго маёмасць.
Мужчыну прад'яўлена абвінавачанне па ч. 4. арт. 209 КК РБ. Да яго прыменена мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. Крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.
Сяргей КУЛАКОЎ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-kulakou
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] https://zviazda.by/be/tags/mahlyarstva