Учора ў Палаце прадстаўнікоў адбылася сустрэча намесніка старшыні ніжняй палаты беларускага парламента Баляслава ПІРШТУКА з чэшскай дэлегацыяй на чале з дэпутатам ніжняй палаты парламента Чэшскай Рэспублікі, кіраўніком чэшска-беларускай міжпарламенцкай групы дружбы Даніэлем ПАЎЛАСАМ.
Баляслаў Пірштук з задавальненнем адзначыў, што адносіны з чэшскімі калегамі набываюць пазітыўны і дынамічны характар.
Віцэ-спікер ахарактарызаваў адносіны з чэшскімі дэпутатамі на міжнародных пляцоўках як добрыя і падзякаваў ім за падтрымку падчас пасяджэння Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якое адбылося ў ліпені 2017 года ў Мінску.
Намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў закрануў таксама тэму садзейнічання развіццю эканамічных сувязяў паміж краінамі. «Беларускі бок вельмі зацікаўлены, каб раслі тэмпы гандлёва-эканамічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва, — сказаў ён. — У нас з'явілася пэўная станоўчая дынаміка за апошнія два-тры гады, але раней паказчыкі былі больш важкімі, гэта значыць, што патэнцыял вышэйшы».
Баляслаў Пірштук выказаў задаволенасць ростам долі высокатэхналагічных паслуг ва ўдзельнай вазе ўзаемнага гандлю. Ён падкрэсліў зацікаўленасць у стварэнні сумесных вытворчасцяў, у супрацоўніцтве ў галіне энергетыкі, транспарту, прамысловасці, інфармацыйных тэхналогій, турызме.
«У наступным годзе ў канцы красавіка — пачатку мая мы правядзём канферэнцыю па падтрымцы праекта эканамічнага Шаўковага шляху, у якой, па папярэдніх даных, возьме ўдзел 23 дзяржавы. Запрашаю вашых калег, думаю, гэта будзе цікава, бо тэма прасоўвання ідэі «Адзін пояс — адзін шлях» дастаткова актуальная для многіх дзяржаў Еўропы, асабліва для бізнес-структур», — анансаваў віцэ-спікер.
Апроч іншага, парламентарыі абмеркавалі тэму міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Віцэ-спікер прапанаваў актывізаваць работу над сумеснымі дакументамі ў галіне навукі, тэхналогій, абароны інвестыцый, у сферы культуры мемарандумам паміж міністэрствамі юстыцыі дзвюх краін.
У сваю чаргу Даніэль Паўлас выказаў упэўненасць, што гэта сустрэча, як і будучыя, закладваюць аснову добрых сувязяў паміж Чэхіяй і Беларуссю. «У сучасным свеце шмат праблем, але я перакананы, што супрацоўніцтва паміж народамі — залог паляпшэння сітуацыі, — сказаў ён. — У мінулым у нас было шмат агульных тэм, і пасля апошніх парламенцкіх выбараў у Чэхіі наш урад настроены на аднаўленне былых адносін».
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/parlament
[4] https://zviazda.by/be/tags/chehiya