Канец каляндарнага года для тэатраў, як правіла, праходзіць з перадсвяточным настроем і адпаведным напаўненнем афішы, дзе вялікую долю паказаў займаюць казкі. Вялікі тэатр Беларусі ўжо дзевяць гадоў мае праект, які можна назваць казачным — з пункту гледжання адметнасці і маркетынгавага ходу ў прасоўванні спектакляў ды папулярызацыі самога тэатра, які традыцыйна адносяць да высокага мастацтва, пра якое часта кажуць «не для ўсіх». Опера і балет — для ўсіх, даказвае тэатр, прыцягваючы розную публіку шляхам адметных праектаў. Адзін з іх — Мінскі міжнародны Калядны оперны форум.
Яго з’яўленне напачатку было казачным: праз самую магчымасць бачыць выдатных артыстаў і цудоўныя пастаноўкі з розных краін. І вось крыху менш за дзесяцігоддзе тэатру спатрэбілася на тое, каб прыцягваць гледача на форум дзякуючы ўласным пастаноўкам, якія мелі рэзананс і выклікалі цікавасць. І пры гэтым колькасць краін — удзельніц Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму не зменшылася, а, наадварот, павялічылася. Трэба ўмець!..
«Калі мы пачыналі, было ўсяго дзевяць краін. Сёлета ўдзел у мерапрыемствах форуму пацвердзілі 34 краіны, у тым ліку на конкурс вакалістаў паступіла больш за 330 заявак з 26 краін, — патлумачыў генеральны дырэктар Вялікага тэатра Уладзімір Грыдзюшка. — Гэта сведчыць пра вялікі аўтарытэт, які набыў форум, і пра ўвагу сусветнай культурнай грамадскасці, якую ён выклікае».
Сёлета Мінскі міжнародны Калядны форум пройдзе з 13 па 21 снежня. Аматарам варта загадзя паклапаціцца пра квіткі. Таму што форум дазваляе не толькі далучыцца да лепшых пастановак бягучага рэпертуару нашага тэатра, але і ўбачыць у галоўных партыях зорак сусветнай опернай сцэны.
У праграме Каляднага форуму — чатыры оперныя пастаноўкі. На адкрыццё 13 снежня — прэм’ера оперы-буф «Дон Паскуале» Гаэтана Даніцэці. Спектакль, які, паводле галоўнага дырыжора тэатра Віктара Пласкіны, быў зроблены спецыяльна для моладзі (яго ўдзельнікі — учарашнія стажоры Вялікага тэатра, а цяпер яго супрацоўнікі) і павінен стаць «бадзёрым, звонкім, вясёлым і добрым пачаткам, які задасць святочны тон фестывалю».
У праграму ўключаныя дзве вельмі папулярныя оперы Джакома Пучыні «Тоска» і «Багема» (16 і 17 снежня). Пастаноўкі гэтых опер у нашым тэатры ацэненыя гледачамі. Але ў партыі Флорыі Тоскі гэтым вечарам на сцэну выйдзе сербская спявачка Драгана Радакавіч, а ў ролі Каварадосі выступіць уладальнік расійскай тэатральнай прэміі «Залатая маска», заслужаны артыст Расіі і народны артыст Татарстана, прэм’ер Марыінскага тэатра Ахмед Агадзі. Дырыжыраваць будзе маэстра з Італіі Джанлука Марчана. А ў тых, хто яшчэ не паспеў паглядзець самы гучны спектакль мінулага сезона — «Багему» ў пастаноўцы народнага артыста Расіі Аляксандра Цітэля, ёсць магчымасць гэта зрабіць у перадкалядныя дні: памножыць свята праз мастацтва. І прэм’ера ўжо гэтага сезона — «Саламея» Рыхарда Штрауса ў пастаноўцы Міхаіла Панджавідзэ — надасць філасофскага настрою з думкамі пра лёс свету напярэдадні свята Нараджэння Хрыстовага (20 снежня). Так, у гэтай оперы ў якасці госця — расійскі тэнар Дзмітрый П’яноў, які спявае партыю Ірада.
Акрамя спектакляў, паслухаць знакамітых гасцей форуму можна падчас канцэртаў. Сёлета ўпершыню ў Мінску выступіць з сольнай праграмай адна з самых запатрабаваных оперных спявачак Вольга Перацяцька, уладальніца рэдкага каларатурнага сапрана. Канцэрт пройдзе ў суправаджэнні сімфанічнага аркестра Вялікага тэатра Беларусі, але пад кіраўніцтвам дырыжора Джанлукі Марчана. І яшчэ адзін канцэрт — на ўрачыстае закрыццё (21 снежня) з удзелам артыстаў 15 краін. Прыемна, што ў ліку зорак да нас прыязджаюць лаўрэаты Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў папярэдніх гадоў. З імі на адну сцэну выйдуць пераможцы сёлетняга конкурсу. Гэтым вечарам за дырыжорскім пультам будзе народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў.
Дарэчы:
V Мінскі міжнародны Калядны конкурс вакалістаў пройдзе з 14 па 19 снежня.
У спаборніцтве прадугледжаны тры туры: два першыя — пад акампанемент фартэпіяна, трэці (фінальны) адбываецца на галоўнай сцэне, дзе канкурсант у суправаджэнні аркестра выконвае сцэну з оперы (яму дапамагаюць артысты Вялікага тэатра Беларусі).
Прызавы фонд конкурсу складае 28 000 долараў ЗША. Уладальнік Гран-пры згодна з умовамі атрымлівае грашовую ўзнагароду ў памеры 10 000 долараў ЗША. Адзнака за I прэмію складае 8 000, лаўрэат II прэміі атрымае 6 000, а III — 4 000 долараў ЗША адпаведна.
Марыя АСІПЕНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-asipenka
[2] https://zviazda.by/be/tags/teatr