Як паведамілі ва УСК па Гродзенскай вобласці, Шчучынскім раённым аддзелам Следчага камітэта расследуецца крымінальная справа па факце крадзяжу шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненага ў буйным памеры. Злачынства, як лічыць следства, здзейснена галоўным санітарным урачом Шчучынскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
Службовая асоба падазраецца ў тым, што ў перыяд з лютага 2017-га па жнівень 2018 года выкрала амаль 12 тысяч рублёў, якія былі налічаны супрацоўнікам у якасці прэміі. Некаторыя «шчасліўчыкі» пасля атрымання грошай вярталі кіраўніку да паловы выплачанай ім сумы.
Для ўстанаўлення фактычных абставін здзяйснення злачынства будзе праведзена фінансавая праверка. Акрамя таго, канфіскавана і вывучаецца фінансава-гаспадарчая дакументацыя, апытваюцца работнікі арганізацыі, праводзяцца розныя следчыя і працэсуальныя дзеянні.
Да падазраванага прыменена мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту. Раней да крымінальнай адказнасці ён не прыцягваўся. Прычыненую матэрыяльную шкоду кампенсаваў добраахвотна ў поўным аб'ёме. У мэтах забеспячэння маёмасных спагнанняў следчыя наклалі арышт на яго маёмасць, у тым ліку на аўтатранспартны сродак.
Сяргей КУЛАКОЎ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-kulakou
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] https://zviazda.by/be/tags/kryminal
[5] https://zviazda.by/be/tags/shchuchyn