Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь правяла чарговае пасяджэнне пятай сесіі.
Прыпыненне аперацый над рахункам будзе праводзіцца зыходзячы з добрасумленнасці плацельшчыка. Калі ён на працягу паўгоддзя адказна выконваў абавязкі, будзе давацца перыяд для пагашэння задоўжанасці 5-10 дзён. Таксама ўрэгуляваны пытанні спагнання дэбіторскай запазычанасці, налічэння пені, удакладнены тэрміны і перыяды правядзеня залікаў па падатках.
— Мы ведаем, што існуе шэраг праблем у гаспадарчай дзейнасці, калі прыпыненне аперацый па рахунках блакуе ўсю дзейнасць прадпрыемстваў. Гэтыя пытанні ўрэгуляваны. Падатковыя органы пайшлі насустрач бізнесу , — паведаміла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Людміла Ніжэвіч.
Вырашана адна з галоўных задач, якая была пастаўлена Прэзідэнтам, — дакумент, нягледзячы на яго аб’ём, просты ў выкарыстанні, лічыць дэпутат. Былі выкаранены неўзгодненасці, неяснасці. Для гэтага, па словах Ніжэвіч, сістэмна прапрацаваны разделы, часткі і артыкулы.
— Гэты дакумент — вынік працы вялікага калектыва працоўных дзяржаўных органаў з прыцягненнем бізнес-супольнасці, незалежных экспертаў. Гэта дакумент прамога дзеяння, прыняцце падзаконных актаў для рэалізацыі нормаў, закладзеных у праекце падатковага кодексу не запатрабуецца. Шэраг нормаў, якія раней рэгуляваліся рашэннем Прэзідэнта, уключаны ў Падатковы кодэкс, — сказала дэпутат Ніжэвіч.
Перагледжаны пытанні, звязаныя з інвестыцыйнымі вылікамі па падатках на прыбытак, па павышаючым каэфіцыенце на маёмасныя падаткі — з 2020 года каэфіцыент будзе не 2,5%, а 2%. Адмяняецца з 2019 года павышаючы каэфіцыент за неэфектыўнае выкарыстанне маёмасці.
Таксама дэпутаты расказалі аб працы ў накірунку развіцця прыцягальнага інвестыцыйнага клімату. Асноўным новаўвядзеннем закону аб інвестыцыях і прыватызацыі з’яўляецца дадатковая абарона правоў маёмасці інвестараў пры ўкладанні інвестыцый у эканоміку Рэспублікі Беларусь. Для гэтага вызначаны парадак кампенсацыі маёмасці ў выпадку нацыяналізацыі і рэквізіціі, вызначана працэдура замацавання ў інвестыцыйных дагаворах і пагадненнях магчымасці разгляду інвестыцыйных спрэчак у міжнародных судах.
Усяго на пасяджэнні разгледзілі звыш дзесяці законапраектаў у першым і другім чытанні — аб бюджэце на будучы год, аб пытаннях пітнога водазабеспячэння, рэгістры насельніцтва і забеспячэнні пагранічнай бяспекі. Акрамя таго, ратыфікавалі Пагадненні аб гандлёва-экнамічным супрацоўніцтве паміж ЕАЭС і КНР, часовае пагадненне, якое вядзе да стварэння зоны свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і Іранам.
Марыя ДАДАЛКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/palata-pradstaunikou
[4] https://zviazda.by/be/tags/padatkovy-kodeks