Гэтымі днямі Беларускі саюз журналістаў святкуе 60-годдзе. Словы ўдзячнасці за шматгадовую прафесійную працу, узнагароды і кветкі, абдымкі і прывітанні старых сяброў, згадкі пра самыя складаныя часы і гонар за поспехі адно аднаго — вось толькі невялікія штрыхі да святкавання.
З юбілеем творчы саюз павіншаваў Аляксандр Лукашэнка. Віншаванне зачытаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Жаўняк.
На ўрачыстасці, якая адбывалася ў актавай зале Дома прэсы, не раз згадваліся складаныя часы, калі, здаралася, газеты выходзілі з рызыкай для жыцця тых, хто іх рабіў. Пра гэта нагадаў і міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч:
— Можна згадаць імя Уладзіміра Амельянюка, Міхаіла Барашкава ды многіх іншых рэдактараў, якія выпускалі газеты падпольна. А ўсяго ў нашай краіне ў час Вялікай Айчыннай вайны выходзіла 162 газеты — гэта ўнікальны факт. Наш супольны грамадскі творчы саюз — гэта арганізацыя, якая павінна кансалідаваць нас з усімі калегамі. А яшчэ, самае галоўнае — кансалідаваць вопыт грамадства ў дасягненні тых высокіх задач, якія павінны быць скіраваны на гуманітарнае развіццё нашай краіны, на той прагрэс, да якога імкнёмся, на ідэі міралюбства, якія прагучалі на самых розных мінскіх пляцоўках і былі пацверджаны не толькі словамі, але і канкрэтнымі дзеяннямі.
Старшыня Беларускага саюза журналістаў Анатоль Лемяшонак (на фота) адзначыў:
— Для нас гэта прыгожая дата. На сённяшні дзень у Беларускім саюзе журналістаў 2268 сяброў. Гэта — моцная армія, эліта беларускай журналістыкі.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nina-shcharbachevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/medyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-sayuz-zhurnalistau