Наш чытач спадар Леў Дзіханаў цікавіцца розніцай паміж словамі «ігрок» і «гулец», спадарыня Ірына Раманава пытае, як правільна: па загаду ці па загадзе, «плыць супраць цячэння» ці «супраць плыні».
Як заўжды, на моўныя пытанні чытачоў адказваюць стыльрэдактары «Звязды» Алесь Саламевіч і Леў Глушыцкі.
1. Слова «ігрок» у нашай мове мае два значэнні: 'удзельнік якой-небудзь ігры (у значэнні 'гульня')' і 'музыкант'. У першым выпадку 'іграка' выцясняе гулец (той, хто гуляе — у футбол, шахматы, азартныя гульні...) Ігрок жа як сінонім гульца паступова губляе актуальнасць. Гэта звязана яшчэ і з уплывам «Руска-беларускага слоўніка», які рэкамендуе перакладаць рускае игрок толькі як гулец.
Увогуле ж у сучаснай літаратурнай мове ўсё больш замацоўваецца размежаванне: гуляць — у гульні, з цацкамі, на вяселлі або з дзяўчынай. Іграць — на музычных інструментах, ролю ў кіно, тэатры і г. д.
2. Правільны варыянт — па загадзе. Пэўны час у мове ў такіх канструкцыях сапраўды ўжываліся назоўнікі мужчынскага і ніякага роду з канчаткам -у (-ю). Але сёння такое ўжыванне ўжо не лічыцца нормай. Канчатак -у (-ю) у месным склоне (якога патрабуе ў такіх выпадках прыназоўнік па) могуць мець толькі назоўнікі на г, к, х (чэмпіянат па бодзібілдынгу) або словы, якія абазначаюць асоб і маюць асновы на г, к, х, зацвярдзелы або мяккі зычны (тры градусы па Цэльсію, сумавала па Цімоху).
3. Сёння некаторыя слоўнікі падаюць як дапушчальныя абодва варыянты: супраць цячэння і супраць плыні. Але перавагу, відаць, павінен мець першы. Найперш таму, што ў «Слоўніку фразеалагізмаў» І. Лепешава знаходзім выразы плысці (плыць) па цячэнні і плысці (плыць) супраць яго.
А вось плыць супраць плыні... Ці добра так пісаць і казаць? Бадай што, не. Варыянты, згаданыя ў «Беларускай фразеалогіі» Ф. Янкоўскага, ісці супраць (проці) вады і ісці за вадою — гучаць куды лепш.
У абарону слоў
Тое, што сатлела, спарахнела, згніло, у нашай мове называецца коратка тло (сінонімы — тлен, прах, попел). Вось прыклад ужывання гэтага слова з твора Максіма Гарэцкага «Меланхолія»: «Тады патрон, скончыўшы «танга з уласнымі дадаткамі», кідаў гармонік на збітую коўдру, хрустаў пальцамі, пазяхаў, пацягваўся, гаворачы: «Ат! усё, братку мой, тло на свеце», — і ішоў за стол».
Сёння ж часам (хутчэй за ўсё пад уплывам польскай мовы) слову тло дадаюць новае значэнне — 'фон': кажуць, напрыклад, пра яркія сполахі на тле чорнага неба. Згадзіцеся: ад першага значэння слова да таго, якое яму хочуць прыпісаць, як да неба. Да таго ж які сэнс — пры наяўнасці фону, калі ім карысталіся класікі нашай літаратуры, калі ён пададзены ў слоўніках нашай мовы, якія выходзілі ў першай траціне мінулага стагоддзя. Напрыклад, у «Падручным беларуска-польскім слоўніку» (1929) знаходзім: фон [fоn] — tłо.
Тут злева мы бачым слова, якое аўтар падаў у якасці свайго (з яго вымаўленнем, напісаным лацінкай), а справа — яго польскі адпаведнік. Высновы, якія можна з гэтага зрабіць, на нашу думку, відавочныя.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/tags/mouny-praktykum