Пра тое, што ў сонечным Буэнас-Айрасе нядаўна праходзіў саміт “Вялікай дваццаткі” — ведаюць многія. А напярэдадні значнай падзеі там была яшчэ адна, не менш важная, на мой погляд: культурны міні-форум. Прадстаўнікі розных народаў, што жывуць у Аргенціне, праз мастацтва ўвасобілі на сцэне актуальную для ўсіх ідэю “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення”. І калі ў “G-20” Беларусь па аб’ектыўных прычынах не прадстаўлена, то на культурнай імпрэзе мы такі занялі сваё пачэснае месца.
То перанясемся ў думках ва ўтульную канцэртную залу “Сірануш” Армянскага цэнтра культуры: там праходзіў другі Міжнародны фестываль мастацтваў “Сузор’е нацый”. (Жаночае імя Sіranush, пашыранае сярод армян свету, азначае: салодкая прыгажуня. — Рэд.). У фестывалі паўдзельнічалі артысты, якія прадстаўлялі Аргенціну, Арменію, Беларусь, Германію, Грэцыю, Індыю, Расію, Ліван і Японію. Як бачым, з усяго свету, з розных яго куткоў родавыя карані тых, хто жыве ў Аргенціне.
Гонар першым вітаць гасцей фестывалю выпаў сімфанічнаму аркестру Нацыянальнай жандармерыі Аргенціны. Музыканты парадавалі гледачоў канцэртам пад адкрытым небам, гучалі вядомыя творы аргенцінскіх кампазітараў. А крыху пазней, у глядзельнай зале, праходзіла яркая цырымонія прадстаўлення краін-удзельніц фестывалю. Артысты на фоне дзяржаўных сцягоў сваіх краін, што луналі на вялікім экране над сцэнай, творчымі нумарамі віталі гледачоў. Для нас, беларусаў, было вельмі прыемна, калі ад імя Спартыўнага й культурнага клуба суайчыннікаў “Владимир Маяковский” (г. Кільмес, правінцыя Буэнас-Айрас) менавіта беларускія ўдзельнікі прадставілі маляўнічы танцавальны нумар. А ў клуб, нагадаю, уваходзяць беларусы, рускія і ўкраінцы. (Клуб “Владимир Маяковский”, падказвае інтэрнэт, быў заснаваны ў 1951 годзе выхадцамі з Расіі, Беларусі ды Украіны. Мэты дзейнасці клуба: клопат пра суайчыннікаў, захаванне культурных традыцый, падтрыманне й развіццё кантактаў з гістарычнай радзімай. — Рэд.)
Яркія, каларытныя нумары былі прадстаўлены на культурным міні-форуме: традыцыйная “Калінка-малінка”, запальныя індыйскія танцы, па-ўсходняму вытанчаныя японскія... Гучалі, вядома ж, і меладычныя армянскія матывы. І было здорава, калі на іх фоне глядацкія авацыі сустрэлі песню “Полька беларуская” (музыка Ігара Лучанка, словы Леаніда Дранько-Майсюка). Яе цудоўна выканала таленавітая спявачка Дар’я Ісаковіч. Дарэчы, ёй не ўпершыню даводзіцца прадстаўляць Беларусь на розных культурных імпрэзах далёка ад Бацькаўшчыны. У Аргенціне ж, на радзіме танга, прыемна было Дар’і знаёміць гледачоў з Беларуссю, выконваць песні на беларускай мове. А згоду на тое, каб праспяваць папулярную вясёлую кампазіцыю, пад якую кожнаму хочацца танчыць, Дар’я папытала ў Анатоля Ярмоленкі — і знакаміты спявак, кіраўнік ансамбля “Сябры” зямлячцы ў тым, вядома ж, не адмовіў.
У той вечар на сцэне і ў зале панавала атмасфера поўнага ўзаемаразумення. Прадстаўнікі розных культур здолелі ў вянок сяброўства прынесці свае непаўторныя фарбы. І — сцерці межы, якія падзяляюць краіны. Так, гэта не быў саміт G-20, і не было на фестывалі “Сузор’е нацый” гарачых баталій палітыкаў. Аднак тут, за акіянам, сярод прадстаўнікоў іншых краін і беларусы зноў выказалі — на мове музыкі, танцаў, спеваў — сваё памкненне жыць у міры й гармоніі.
Павел Міронаў, Першы сакратар Амбасады Беларусі ў Аргенціне, Буэнас-Айрас
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[2] https://zviazda.by/be/tags/argencina