Прадстаўленне пасла на афіцыйных цырымоніях пачынаецца са слоў: «Яго правасхадзіцельства». Некаторыя думаюць, што людзі такога рангу проста не могуць ведаць, колькі каштуе хлеб ці жэтон у метро. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім выдатна дасведчаны аб усіх баках жыцця ў краіне знаходжання. Стэрэатып пра тое, што дыпламаты — гэта людзі, зашпіленыя на ўсе гузікі, таксама не пра яго. Ігар Юр'евіч — вельмі адкрыты чалавек, таму і атрымалася ў нас размова, якую прынята называць «без гальштукаў».
— Як вы ўспрынялі прызначэнне ў Беларусь і ці бывалі раней у нашай краіне?
— Прызначэнне было некалькі нечаканым, улічваючы мой мінулы досвед працы, меркаваў, што гэта будзе больш заходні кірунак. Але думкі адмаўляцца не было, у нас гэта не прынята. Думаў, што гэта і нядрэнна, у нас і беларусаў падобны менталітэт. Была і такая думка: тут не дорага жыць. Аднак пажыўшы тут два-тры месяцы, я зразумеў, што і менталітэт у нас розны, і пражыванне ў краіне не з танных. Ва ўсякім выпадку, жывучы ў Лондане, мы трацілі амаль столькі ж.
У Беларусі я праходзіў тэрміновую ваенную службу ў Печах. У войску экскурсій у горад нам асабліва не ладзілі, таму магу толькі сказаць, што камары і балоты з тых часоў не змяніліся.
Гэта нават цікава: у Беларусі пачалося маё дарослае жыццё, сюды ж я атрымаў прызначэнне на адну з самых высокіх пасад у сістэме МЗС.
— Ваша рэзідэнцыя знаходзіцца непасрэдна ў будынку Пасольства. Гэта зручна ці наадварот, цяжка: фактычна 24 гадзіны на працы?
— Па-добраму, спачатку трэба было б будаваць рэзідэнцыю пасла, а потым канцылярыю. Але гэты будынак узводзілі ў пачатку 2000-х, тады яшчэ не зусім адышлі ад савецкіх традыцый будаўніцтва пасольскіх комплексаў. У іх прадугледжана наяўнасць некалькіх кватэр для гасцей, вось адну з іх і займаю я з сям'ёй. У прынцыпе, мяне такі варыянт задавальняе — зручна і службе бяспекі менш клопатаў. Дзе б пасол не жыў, ён усё роўна 24 гадзіны на працы.
— У 2014 годзе ў адпаведнасці з указам № 420 «Аб знаходжанні грамадзян Украіны ў Рэспубліцы Беларусь» грамадзяне, якія пражывалі на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей, атрымалі магчымасць спрошчанага атрымання дазволу на пражыванне ў Беларусі, а таксама шэраг сацыяльных гарантый. Да вас звяртаюцца суайчыннікі?
— Часта паўтараю: калі б у той сітуацыі Беларусь дапамагла нават аднаму чалавеку, мы ўдзячныя. Тры гады я раблю запыты ў беларускае МУС і ўдакладняю колькасць грамадзян Украіны, якія скарысталіся магчымасцямі, прадстаўленымі гэтым указам. Гэта дакладныя лічбы: у Беларусі ўсе замежнікі улічаныя. Па апошніх дадзеных, такіх людзей у Беларусі каля 40 тысяч. Дзіўна, але з гэтай катэгорыі ніхто ні разу не звярнуўся ў пасольства. Значыць, у іх усё добра. Яшчэ год таму іх было 45 тысяч. Гэта не значыць, што ўсе яны вярнуліся ва Украіну. Хтосьці атрымаў грамадзянства Беларусі, таму што многія ехалі сюды да сваякоў. Але ёсць і тэндэнцыя на ад'езд: пасля мінскіх пагадненняў сітуацыя на ўсходзе адносна стабілізавалася. Акрамя гэтага, цяпер украінцам не патрэбныя візы ў краіны ЕС, спрошчана працэдура працаўладкавання, таму людзі і ў той бок глядзяць.
— Якое ваша ўражанне ад наведвання беларускіх прадпрыемстваў?
— У Брэсце спадабаліся «Санта-Брэмар», «Савушкін прадукт». Уразіў «Вялікі камень», на маю думку, там адкрываюцца добрыя перспектывы: ільготныя ўмовы для бізнесу і, наколькі я ведаю, адзіная тэрыторыя, дзе можна купіць зямлю ў прыватную ўласнасць.
— СМІ пісалі пра тое, што па выніках І Форуму рэгіёнаў Украіны і Беларусі падпісана кантрактаў больш чым на 100 млн долараў. А якія нематэрыяльныя актывы ў гэтага мерапрыемства вы адзначылі б?
— Самым галоўным дасягненнем я лічу наладжванне кантактаў, калі кіраўнікі рэгіёнаў, прадстаўнікі дзелавой супольнасці пазнаёміліся, паглядзелі ў вочы адзін аднаму, спадзяюся, што і ў нефармальнай абстаноўцы пагутарылі. Прайшло крыху часу, але ведаю, што яны ўжо сазваніваюцца, значыць, наладжваецца праца. Адзінае, што мне хацелася б пашырыць геаграфію форуму, запрашаць гасцей не толькі з памежных рэгіёнаў, але і з усіх абласцей Украіны і Беларусі.
— Па некаторых дадзеных у гэтым годзе 269 тыс. беларусаў наведалі Украіну. Гэта шостае месца па колькасці турыстаў пасля Расіі, Польшчы, Чэхіі, Германіі і Нідэрландаў. Ці задаволеныя вы супрацоўніцтвам нашых краін у сферы турызму?
— Заўважаны рост у параўнанні з 2014 годам і нават з 2016-м. Людзі думалі, што да нас небяспечна ездзіць. Нейкія страшылкі перадаваліся з вуснаў у вусны. Але хочацца адзначыць, што агульная крымінагенная абстаноўка прыкладна аднолькавая ўсюды.
У тым, што павялічыўся паток турыстаў, заслуга і народнай дыпламатыі: хтосьці з'ездзіў, распавёў сябрам, суседзям, падзяліўся пазітыўнымі ўражаннямі.
Мы шукаем шляхі, каб неяк скараціць час праходжання мяжы. Самы ўдалы варыянт, на маю думку, гэта арганізацыя сумеснага кантролю пагранічных і мытных службаў дзвюх краін. Дарэчы, яны і зараз вельмі добра супрацоўнічаюць. У выпадку сур'ёзнага інцыдэнту на чыімсьці баку, неадкладна інфармуецца іншы бок, у рэжыме анлайн складаецца сумесны пратакол.
Што тычыцца паляпшэння інфраструктуры, то тут мы знаходзім разуменне з органамі мясцовай улады. Гэтым летам, калі быў вельмі вялікі паток людзей праз пункт пропуску Новая Гута, літаральна за тры дні абсталявалі кафэ, іншыя аб'екты.
Беларусы ездзяць ва Украіну на адпачынак і на шопінг. Нашы часцей за ўсё едуць наведваць сваякоў і з дзелавымі мэтамі. Дарэчы, беларусы могуць знаходзіцца ва Ўкраіне без рэгістрацыі 90 дзён, а вось украінцы ў Беларусі толькі 30.
— Спадар Пасол, з 2014 года вядуцца перамовы аб трансляцыі ў Беларусі ўкраінскага тэлеканала, на якой яны стадыі цяпер?
— Мы даўно гатовыя да падпісання дакументаў. Гэтае пытанне на кантролі ў прэзідэнтаў абедзвюх краін, пра гэта Пётр Парашэнка казаў і падчас візіту ў Гомель, так што тэлеканалу быць. Што тычыцца кантэнту, то гэта будзе культурна-пазнавальны канал, з невялікімі інфармацыйнымі блокамі. Ва Украіне, нагадаю, даўно вяшчае «Беларусь 24».
— Якія адметнасці паспелі ўбачыць у нашай краіне?
— Напэўна, у дыпламатаў, якія прыбываюць у Беларусь, ужо стала традыцыяй першы выхадны праводзіць у Міры і Нясвіжы. Я таксама туды паехаў. Радзівілы — частка нашай агульнай гісторыі. Спадзяюся, калі-небудзь з'явіцца інтэрнацыянальны маршрут па радзівілаўскіх месцах: Беларусь-Польшча-Літва-Украіна. Падабаюцца абласныя цэнтры, асабліва Гомель. І нават палац Паскевічаў, мабыць, гатовы паставіць перад Нясвіжскім. Калі еду дамоў, у Літву ці Польшчу стараюся звярнуць з галоўнай дарогі і паглядзець што-небудзь цікавае ў малых населеных пунктах.
У Беларусі ёсць некалькі значных для нас месцаў. Адно з іх Касута, невялікая вёска ў Вілейскім раёне, у якой нарадзіўся гетман Піліп Орлік. Зараз там ёсць мемарыяльны знак. Хацелася б паставіць помнік Орліку ў Мінску, мы вядзем перамовы ў гэтым кірунку.
У аграгарадку Доўск на Гомельшчыне знаходзіцца адзіны ў Беларусі помнік, прысвечаны Галадамору. Калісьці яго ўсталявалі па ініцыятыве сям'і украінцаў, якую беларусы выратавалі ад галоднай смерці. Такі народны помнік дарагога варты. У нас двайны рахунак да сталінізму: рэпрэсіі і Галадамор. Таму для мяне было вельмі важна пакласці кветкі ў Курапатах — у знак салідарнасці ўкраінскага народа з беларускім, які таксама пацярпеў ад сталінскіх рэпрэсій. Такі мемарыял, я лічу, павінен быць у кожнай постсавецкай краіне.
9 мая традыцыйна наведваем месцы, звязаныя з украінцамі, якія загінулі ў баях Другой сусветнай вайны — былі ў Барысаве, Мар'інай Горцы і іншых знакавых месцах.
— Вы сказалі, што Беларусь дарагая краіна. Чаму вы прыйшлі да такой высновы?
— Напрыклад, у Лондане на зніжцы касцюм каштуе танней, чым у Мінску на Нямізе. У рэстаранах высокія кошты. На днях прыязджаў прыяцель, і мы паехалі вячэраць у рэстаран бізнес-класа. Увечары перад выхадным днём там былі занятыя ўсяго тры столікі, адзін з іх наш. Ва Украіне людзі значна больш актыўна ходзяць ва ўстановы, і кошты ў нас суадносныя з заробкамі. Жонка наракае, што на базары ў вас не таргуюцца, усё як у краме: разлік да капейкі, ніякіх акругленняў у бок пакупніка. Рознага роду паслугі таксама дарагія. І даволі прыкметна выраслі цэны за час майго знаходжання ў Беларусі.
— Як праводзіце вольны час?
— Яго зусім няшмат, за паўтара года ўдалося аднавіць працу Пасольства (амаль два гады ўкраінскую дыпмісію узначальваў часовы павераны — Аўт.), спадзяюся, з'явіцца час і на тэатры. Мне надта цікавыя драматычныя і перш за ўсё збіраюся наведаць Купалаўскі. Галоўны дырыжор Вялікага тэатра Беларусі заслужаны артыст Украіны Віктар Пласкіна запрашае мяне на ўсе спектаклі, калі прыязджае выступаць саліст Львоўскай оперы Міхаіл Малафій, але давялося пабываць там толькі тры разы. Люблю пешыя і вандроўкі на ровары.
— За 22 гады працы ў сістэме МЗС Украіны, больш за 14 — вы ў замежных камандзіроўках. Гэта не стомна для сям'і?
— Гэта дадзенасць і выдатная магчымасць убачыць свет. Праўда, некалькі праблематычна для дзяцей. У кожнай краіне свая сістэма навучання. Мае сыны вучыліся па амерыканскай сістэме. Але з такім атэстатам не паступіш ва ўкраінскі ВНУ. Я нават пісаў на гэты конт лісты ў Міністэрства адукацыі. Цяпер старэйшы сын вучыцца ў Бруселі. А малодшы з намі ў Мінску, яму 14 гадоў. Ён вучыцца ў міжнароднай школе, каб не «кідацца» з адной адукацыйнай сістэмы ў іншую. Хутка адаптаваўся, вельмі захапляецца айці, удзельнічае ў хакатонах, у Мінску ў яго шмат сяброў-аднадумцаў, у тым ліку студэнтаў беларускіх ВНУ.
Аксана ЯНОЎСКАЯ
Фота Андрэя САЗОНАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/aksana-yanouskaya
[2] https://zviazda.by/be/author/andrey-sazonau
[3] https://zviazda.by/be/palityka
[4] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[5] https://zviazda.by/be/tags/ukraina