Пра андронны калайдар і не толькі
Адметны атрымаўся лістападаўскі нумар «Полымя». Літаратурную празаічную частку складаюць творы, на прыкладзе якіх праілюстраваны гэты феномен сучаснасці — сеціратура.
Нататкі Віктара Шніпа «Заўтра была адліга — 5» (дзённікавы раман паэта) і Уладзіміра Сцяпана «Сапраўдны час» (Запісы 2005—2018 гг.) мелі месца на старонках Facebook. Пісьменнікі, актыўныя карыстальнікі сацыяльнай сеткі, пастаянна абнаўляюць уласныя «профілі», папаўняючы іх экспрэсіўнымі ўражаннямі і філасофскімі развагамі як адносна падзей, што адбываюцца ў свеце альбо ў іх жыцці, так і аддаленых у часе, датычных далёкага, і не вельмі, мінулага.
Гэтыя нататкі першапачаткова не прызначаліся для друку — занатоўваліся ў першую чаргу для ўласнай гісторыі. Твор В. Шніпа — лагічны працяг «дзённікавых раманаў», якія перамясціліся з сеціўнай прасторы на старонкі кніг: «Заўтра была адліга» і «Трава бясконцасці» (Мастацкая літаратура, 2015 і 2018). Нататкі У. Сцяпана ўяўляюць сабой невялікія абразкі. Назіранні за жыццём, у якіх пазнаеш навакольны свет, здольнасць аўтара бачыць у штодзённасці патаемныя сэнсы і сувязі, глыбокае пранікненне па-за вонкавыя абалонкі звычайных рэчаў і — заўжды — пэўная нечаканасць у высновах робіць чытанне цікавым: «Ехаў у метро пяць прыпынкаў з жанчынамі-харысткамі з царквы, што на Нямізе. Усе ў хустках, доўгіх цёмных спадніцах. Пахла ад іх ладанам, воскам, мёдам і ветрам. Галасы прыгожыя, твары ружовашчокія. Усім тром за пяцьдзясят. Але здзівіла размова. Адна з іх, голасам мяккім (сапрана), расказвала таварышкам пра вялікі андронны калайдар, пра тое, як ён дзейнічае... Тры прыпынкі ішла гаворка пра паскарэнне, пучкі, кінетычную энергію і пратоны. Калі я выходзіў, то мне падалося, што пахне ад гэтых жанчын серай і карбідам».
Твор Тані Скарынкінай стылістычна і жанрава зусім іншы — гэта эсэ пад назвай «Касманаўты ў горадзе». Здавалася б, што можа быць агульнага ў звычайнай савецкай дзяўчынкі і першага касманаўта? Тым не менш аўтарка апавядае, як тэма космасу прайшла праз яе жыццё. Гэта вельмі глыбокія асабістыя ўспаміны, незвычайны досвед. Тэкст ілюструе і так званы рэчыўны доказ — фотаздымак касманаўтаў (сярод якіх і Юрый Гагарын) у нефармальных абставінах.
Завяршаюць раздзел навуковая публікацыя Ірыны Шаўляковай-Барзенкі «Беларуская сеціратура як унікальная з’ява актыўнай адсутнасці» і літаратуразнаўчы артыкул Арыны Гардзей «Феномен анлайн без СМС і рэгістрацыі».
У пачатку свайго даследавання І. Шаўлякова-Барзенка ставіць пытанне: «...калі найноўшая беларуская літаратура рухаецца не столькі ў агульнай плыні літаратурнага развіцця (сусветных жанрава-стылявых тэндэнцый), колькі насустрач ёй, то з чаго б роднай сеціратуры быць “як у людзей”?» На прыкладзе твораў Андруся Горвата «Радзіва “Прудок”», «відэавершаў» Валярыны Куставай, калектыўнай электроннай паэмы «Буслан і Жабміла», а таксама «паэтычна-геаграфічнага» інтэрнэт-праекта Мікіты Найдзёнава «Вершы без межаў» яна даследуе феномен і робіць выснову: «па стане на канец 2010-х гадоў беларускі літаратурны працэс у сеціве ёсць, а ўласна беларускай сеціратуры — няма»...
Зрэшты, хай чытач робіць самастойныя высновы: літаратуразнаўства — не тая навука, дзе ў даследаваннях дапушчальна раз і назаўсёды паставіць кропку...
Паэзію ў нумары прадстаўляюць Уладзімір Мазго, Валянцін Шведаў і Мікола Мятліцкі. Асноўная тэматыка вершаў — прызнанні ў любові да родных мясцін: «На планеце абсягаў нямала, / А радзіма — за ўсё даражэй, / Дзе матуля мяне калыхала / І да сэрца свайго прыхінала, / Каб рабіўся дабрэй і дужэй». (У. Мазго). Мікола Мятліцкі пашырае межы лірычных абсягаў. У яго вершы «Хемінгуэй» лучыцца ўласна-беларускае светаадчуванне з пераасэнсаваннем асобы сусветна вядомага творцы.
Сапраўдным падарункам сталася публікацыя ў рубрыцы «Галасы свету». Вершы паэта XVIII ст. Юзафа Бакі, які лічыцца «славянскім Джонам Донам», перастварыў па-беларуску Глеб Ганчароў. Пры жыцці паэта яго творы лічыліся вар’яцкімі і нават бязглуздымі, але прыём, якім ён упершыню скарыстаўся — плынь свядомасці, — сёння шырока распаўсюджаны. Творы Ю. Бакі глыбока рэлігійныя, сімвалічныя, поўныя прагі наблізіцца да Стваральніка:
Манна ў пустыні Ізраіль карміла,
Спеў вінаград на адгор’ях Карміла,
Аб залатога куміра без жалю
Ўшчэнт Маісей размажджэрыў скрыжалі,
І са скалы біў струменьчык пунсовы,
Быццам сачыліся раны Хрыстовы
Даўкай сікерай.
Яна БУДОВІЧ
Блукаючы ў пошуках сэнсаў
Творцы «Маладосці» звычайна імкнуцца да эксперыменту: са стылем, формай, кампазіцыяй… Чытач блукае ва ўсім гэтым у пошуках трывалай асновы, рацыянальных сэнсаў... Каб хоць нешта знайсці, неабходна пранікнуцца кожным словам, што, папраўдзе, вельмі цяжка. Але рэальна. Гэта пацвярджае лістападаўскі нумар.
Паэтычныя старонкі распачынае Андрэй Дуброва. Яго нізка вершаў «Віленская восень» напоўнена тонкім адчуваннем прыроды, асабліва яе адыходу да сну. Для многіх паэтычных асоб восень — гэта ледзь не новае жыццё, найлепшы час для існавання. Хаця ён глядзіць на яе яўна сумнымі вачыма. Нават туман у паэта — «густая брудная коўдра». Але аўтар не настроены песімістычна, і менавіта гэта не адштурхоўвае ад чытання, толькі надае падборцы лёгкі сумны настрой, які потым крыху асвятляецца творамі Насты Кудасавай. Яе «Нябачнае шво любові» ўвасабляе драматызм кахання, якое, здаецца, захінае сабой усё важнае і няважнае. У наступных радках заключана галоўная ідэя паэтычнай падборкі:
Так, бязлітасны час,
але жыць немагчыма інакш,
бо любоў ахінае сабой
свет няўрымслівы наш,
асвятляючы ўсё —
нават самую простую яву.
Нізка вершаў «Мора, памяць, гарады» Артура Камароўскага — подых страчанага кахання, хваравітага, недасказанага, незразумелага, нязведанага. Сэнсава няпростыя вершы можна чытаць бясконца і так і не здагадацца, што аўтар меў на ўвазе. Ці імкнуўся ён увогуле мець што-небудзь на ўвазе? Нават сама назва паэтычнай падборкі кажа пра нейкія важныя для лірычнага героя вобразы, якія быццам павінны скласціся ў адну карцінку. Але гэтага дасягнуць цяжка, бо радкі вершаў — нібы кошык, у якім і ўспаміны, і жаданні, і боль, і туга…
Падобная па настроі казка Сяргея Календы ў стылістыцы kidult «Ruda meitene no pludmales» (з латвійскай — «рудое дзяўчо з пляжа»). Сюжэт просты, няма вялікай інтрыгі, матывы не новыя, але твор цікавы сумяшчэннем несумяшчальнага. І абраны для сюжэта час, і неадпаведнасць завязкі і кульмінацыі, і адсутнасць дакладных сюжэтных ліній, і нешчаслівы канец робяць яго наватарскім.
У лістападаўскім нумары — творчы дэбют 18-цігадовай Міхаліны Бурвінай. «Урокі спачування» маюць яскрава акрэсленую праблематыку: стомленасць розуму яшчэ юных людзей, неразуменне адзін аднаго і як выснова — супрацьпастаўленне і барацьба. Такі выбар выкліканы роздумамі аб сучасных праблемах. Таму аўтар правакуе да разважанняў. Пытанне: ці ёсць у рэшце рэшт плён ад гэтых разважанняў?
Часам трэба глядзець на свет з гумарам, што зрабіла Алена Кісель у апавяданні «Пацешная міфалогія: гераічная Геракліяда». Міжволі адпачываеш ад сур’ёзных разваг папярэдніх творцаў, смеючыся з чарговага ладнага апісання «браканьерства» (менавіта так аўтар называе подзвігі Геракла). Такая вельмі цікавая, іранічная, дзесьці саркастычная сучасная рэч будзе даспадобы нават самаму патрабавальнаму чытачу.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Зразумець адмоўнага героя
Ніхто не любіць празмернага маралізатарства, нават калі ў гэтым ёсць патрэба. Асабліва не даруюць павучання людзям творчым. Наўпрост вывучаць і адлюстроўваюць рэальнасць, якой яны яе бачаць, здаецца, — вартая мэта пісьменніка. Адкрыта, шчыра, па-свойму праўдзіва да яе імкнуцца паэты і празаікі «Нёмана».
Глеб Ганчароў запрашае ў гістарычную вандроўку. Чытача, бясспрэчна, зацікавіць выбраны час і заінтрыгуе сюжэт: пачатак XIX стагоддзя ў Расійскай імперыі, калі ўказам цара ўсе яўрэі павінны былі ўзяць сабе прозвішчы. Аповесць «Пад зоркай Хабар» (пераклад з беларускай мовы аўтара), пачатак якой быў надрукаваны ў мінулым нумары, можна назваць гратэскнай. Некаторыя героі нібы сышлі са старонак твораў Салтыкова-Шчыдрына, у аповесці сустракаецца толькі некалькі станоўчых персанажаў, якія не з’яўляюцца галоўнымі і, нядзіўна, пакутуюць ад сваіх добрых якасцяў. Але назіраць абсалютна за ўсімі героямі даволі цікава. Як вынік, аповесць атрымалася адметная, але, на жаль, не ўсе сюжэтныя лініі раскрыты да канца. Да таго ж, хоць сатырычны стыль апавядання патрабуе яркіх і маляўнічых лексічных сродкаў выразнасці (у адсутнасці якіх нельга ўпікнуць аўтара), усё ж такі часам пісьменнік не ведае ў іх меры.
Прыродзе дэструктыўнага шляху прысвечана і аповесць Ірыны Шатыронак «Жыць будзем потым». Як і ў мінулым творы, пры наяўнасці шматлікіх персанажаў галоўны герой адмоўны — злодзей. На працягу ўсяго твора бачны змены ў яго ўнутраным свеце, але ўсё ж не заўсёды гэта выглядае натуральна, таму і няма дакладнага разумення матывацыі ўчынкаў. Вялікую ролю ў тэксце адыграў прыём устаўкі сноў, які выводзіць сітуацыі і герояў на новы ўзровень, што вельмі да месца. Пытанне выклікае мова аповесці. Незразумела, ці яна наўпрост недапрацаваная ці не вельмі чытэльныя сказы пабудаваны так знарок.
А вось мова апавяданняў Кацярыны Мядзведзевай — простая, лаканічная і прыемная (чаго не хапае сучаснай літаратуры). Першы з расповедаў «Табе я месца ўступаю» напоўнены вечнымі філасафічнымі думкамі аб дарозе жыцця. «Жизнь — это долгая дорога от одной потери к другой, от одной проблемы к следующей, а счастье — лишь короткие передышки между трудностями и заботами...» І ці існуе ўвогуле шчасце? Галоўны герой не спыняе час (а ў яго ёсць гэтая неверагодная магчымасць), бо пражыў шчаслівае жыццё, хоць яно было напоўнена не толькі радасцю, як і любое іншае… Другі твор К. Мядзведзевай — «Ключ ад елачнага куфра» — даволі наіўны, больш падобны да дзіцячай казкі, але часам і гэтага не хапае даросламу чытачу.
Зусім іншая танальнасць — у паэзіі лістападаўскага нумара «Нёмана». Ад большасці вершаў — пачуццё безвыходнасці ды суму. У паэтычнай падборцы «І смагаю душа знемагае» Георгія Кісялёва асноўны матыў — пошукі: праўдзівасці, духоўнасці, творчага пачатку. Моцна адчуваецца досвед, калі чалавек ужо знайшоў сябе, але шукае значэнне, вартасць свайго існавання. Адзін з найцікавейшых аспектаў у вершах аўтара, — сутыкненне лёсаў, бо па-сапраўднаму ўвесь іх уплыў яскрава вызначаецца толькі ў сталым узросце. Вобразы Бога і д’ябла нярэдкія ў творах аўтара, яны заўсёды спрачаюцца за чалавечую душу. Што гэта? Узрост, які, па меркаванні лірычнага героя, несумненна прымусіць задумацца над такімі няпростымі пытаннямі сусвету? Ці прага да духоўнасці ў творчасці і жыцці? Бясконцая і несупынная рэфлексія?
Матывы паэтычнай падборкі Марыі Антанас «Неадлюбленае, непражытае» (пераклад з беларускай мовы аўтара) — зварот да самага любага, далёкага, роднага, блізкага. Душа шукае спакою ў трывозе, кахання — у некаханні, моцы — у бяссіллі...
Завяршаецца нумар радкамі пра зачараванасць восенню. Паэты Уладзімір Грыгор’еў, Алена Шчарбакова, Ірына Карнаухава, Ніна Дзюкава адкрываюць новую старонку, усё яшчэ развітваючыся з летам. Найбольшай шчырасцю, лаканічнасцю і прастатой вылучаюцца невялічкія вершы Ніны Дзюкавай, праз якія мінулая восень падаецца не шэрай, а па-сапраўднаму цёплай і натхняльнай.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/krytyka