Улёткі, плакаты, паведамленні Саўінфармбюро, падпольныя газеты знаходзілі сваіх чытачоў па ўсёй акупаванай Беларусі, нягледзячы ні на якія захады гітлераўскіх улад, часта літаральна ў іх пад носам. Працавала ў гэтай інфармацыйнай вайне абсалютна ўсё: свежыя зводкі з фронту, красамоўныя лічбы партызанскіх аперацый, хвосткія карыкатуры. Але не меншае ўздзеянне на чытачоў аказвалі і літаратурныя творы. Разумеючы сілу слова, практычна ўсе вядомыя беларускія паэты і пісьменнікі бралі самы непасрэдны ўдзел у падпольным друку, іх празаічныя і вершаваныя радкі, трапляючы ў самае сэрца, уздымалі суайчыннікаў на барацьбу з фашыстамі ніколькі не горш за прапагандысцкія прамовы з трыбун народных мітынгаў, а асабліва трапныя рыфмы і вобразы перадрукоўваліся шмат разоў у розных выданнях.
Многія з іх сталі ваеннымі карэспандэнтамі — як падлічылі гісторыкі, на фронце і ў партызанскіх атрадах знаходзілася больш за тысячу савецкіх пісьменнікаў, 417 з якіх загінулі. На баявых участках апынуліся і беларускія літаратары — з розных франтоў не вярнуліся Алесь Жаўрук, Змітрок Астапенка, Мікола Сурначоў, Аляксей Коршак, Леанід Гаўрылаў і многія, многія іншыя...
***
«Гомель штодзённа бамбяць фашысты, трэба выдаваць чарговы нумар, і я забываю пра бомбы», — пісаў адказны сакратар агітплаката «Раздавім фашысцкую гадзіну» паэт Анатоль Астрэйка. Сатырычнае выданне, якое ў час Вялікай Айчыннай вайны стала без перабольшання мастацкай і літаратурнай з'явай, пачало выходзіць ужо ў ліпені 1941-га і працягвала да мая 1945 года: спачатку ў Гомелі, потым у Маскве, у друкарні газеты «Известия», а з пачаткам вызвалення Беларусі — у Навабеліцы і зноў у Гомелі. Чытачы знаходзілі тут творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Кандрата Крапівы, які з 1943 года стаў рэдактарам выдання, Петруся Броўкі, Васіля Віткі і многіх іншых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, а таксама мастакоў. Толькі за ліпень было надрукавана 13 нумароў агітплаката, цягам года ўбачылі свет каля трох дзясяткаў нумароў, а ў красавіку 1945-га агульная колькасць выпускаў перасягнула лічбу 140!
Вось урывак з верша Петруся Броўкі, што быў змешчаны ў другім нумары газеты-плаката і без усякіх «але» прадказваў немінучы зыход вайны:
«Мы вынесем боль маўкліва,
А банды загінуць прымусім,
Наш сонечны край прамяністы
Не знішчыць раз'юшаным псам.
Для нас наліваюцца нівы,
Красуюць сады Беларусі —
Дрыжыце, падлюгі-фашысты,
Мы вас пахаваем там!»
Пятрусь Броўка, як і многія іншыя літаратары, уплятаў у радкі не толькі агульны боль мільёнаў беларусаў, але і свой уласны, бо бязлітасныя жорны вайны перамалолі і яго блізкіх людзей. Маці паэта Алена Сцяпанаўна трапіла ў канцэнтрацыйны лагер у Асвенціме, дзе была завядзёнка: штодня выстройваць вязняў у шарэнгу і расстрэльваць кожнага 11-га. У адзін дзень Алена Сцяпанаўна аказалася дзясятай, а за ёй стаяла дзяўчынка — не раздумваючы, жанчына адштурхнула тую і заняла яе месца, а на здзіўленне іншых зняволеных спакойна сказала, што сваё пажыла, а дзіцяці яшчэ трэба жыць. Пятрусь Броўка пазней, у 1947 годзе, пабываў у Асвенціме і прысвяціў памяці самага дарагога чалавека паэму «Голас сэрца».
***
У лютым 1942 года ЦК КП(б)Б мабілізаваў беларускіх журналістаў і пісьменнікаў для выдання газет на роднай мове, дзеля чаго быў сфарміраваны асобны эшалон-друкарня на чале з журналістам, літаратарам Міколам Вішнеўскім (да вайны ён, дарэчы, працаваў у «Звяздзе», а потым у вілейскай абласной
«Сялянскай газеце»). Гэтая друкарня ў сакавіку — лістападзе 1942-га выдавала на Калінінскім фронце газету «За свабодную Беларусь» і сатырычны лісток «Партызанская дубінка».
Таксама ў 1942-м у Маскве «Дзяржлітвыдат» выпусціў у свет зборнік «За Советскую Беларусь!» з творамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Міхася Лынькова, Петруся Броўкі, Пімена Панчанкі. Кузьмы Чорнага, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Кандрата Крапівы, Пятра Глебкі, Эдзі Агняцвет, Анатоля Астрэйкі і іншых.
— Не шкадуйце, хлопцы, пораху!
Куль гарачых і гранатаў.
Ўсе, каму свабода дорага,
Падымайцеся на ворагаў,
На катаў!
Пушча змрочная, высокая,
Недаступная паляна,
Будзь ты могільнікам ворагам,
Стань прыстанішчам для сокалаў —
Партызанаў,
— заклікаў Максім Танк. Ён сустрэў пачатак Вялікай Айчыннай на заходняй мяжы, у Беластоку, ці не апошнім цягніком выбраўся з акупаванай тэрыторыі і ўжо ў Саратаве запісаўся ў народнае апалчэнне. Але хутка паэта адклікалі ў Маскву і накіравалі разам з іншымі калегамі працаваць у франтавую газету «За Советскую Беларусь».
Адным з самых вядомых падчас вайны стаў сатырычны лісток «Партызанская дубінка», у аўтарскі калектыў якога ўваходзілі беларускія паэты і пісьменнікі, а таксама мастакі (як беларускія — Мікалай Гурло, Заір Азгур, так і знакамітае трыа Кукрыніксы).
«У лесе бабка немца стрэла
І тут-жа гоп і ўпала ніц.
— Не бойся, сып, старая, смела, —
Гукае ёй здалёку фрыц.
— Ты думаеш, мне страшна фрыца?
— Гаворыць бабка: — Зразумей,
Што мне ў цябе, паганы гіцаль,
Прылёгшы цэліцца зручней.
Пачуўся стрэл, і мёртвы фрыц
Упаў перад бабулькай ніц», — расказвае, напрыклад, у вершы «Кароткая размова» Язэп Касіла (псеўданім Пятра Глебкі).
У рамках праекта выходзілі таксама кніжкі нестандартнага фармату — велічынёй з дзіцячую далонь, якія лёгка змяшчаліся ў кішэню гімнасцёркі і раскрываліся, нібы гармонік. А вось змест іх, над якім працаваў, напрыклад, вядомы дзіцячы пісьменнік Янка Маўр, быў далёка не дзіцячы: правілы маскіроўкі на рознай мясцовасці, вядзенне штыкавога бою і г. д.
***
Янку Купалу вайна заспела ў Каўнасе. Літоўскія сябры дапамаглі па меры магчымасцяў як мага хутчэй вярнуцца ў Мінск — але паэт не знайшоў свайго дома, які згарэў разам з рукапісамі і архівамі... Неўзабаве Купала аказаўся ў сяле Печышчы пад Казанню, куды быў эвакуіраваны Саюз пісьменнікаў. Тут паэт жыў з лістапада 1941 да чэрвеня 1942 года, слухаў зводкі з фронту, перажываў, што ён так далёка ад Беларусі, а яшчэ шмат пісаў, як патрыятычныя вершы, так і публіцыстыку — артыкулы, заклікі да землякоў і ўсіх савецкіх людзей.
«Патомкі вялікіх салдат Суворава, патомкі народных палкоў Хмяльніцкага, патомкі бясстрашных паўстанцаў Каліноўскага, абараняйце сваю зямлю, змагайцеся так, як змагаліся вашы продкі, ніякай літасці ворагу!» — піша народны паэт у артыкуле «Паднялася Беларусь» («Красный флот», 22 ліпеня 1941 года). І гэта слова знаходзіла ў адрасатаў самы жывы і гарачы водгук. Нездарма невядомы слухач напісаў на радыёстанцыю «Савецкая Беларусь» аб магутным уздзеянні гэтай публіцыстыкі, якая «поплеч з самаю рознаю зброяй.... як жывы светач, як магутны асілак, які ва ўсім сваім жыцці бачыць перамогу, цвёрда верыць у яе, запальвае ўпэўненасць, веру ў яе ўсіх, хто да яе датыкаецца, хто яе адчувае поплеч, як таварыша». Акрамя вершаў і артыкулаў, Купала піша брашуру «Народ-мсцівец», якую самалётамі даставілі на акупаваную тэрыторыю Беларусі. Асобнымі ўлёткамі былі надрукаваныя артыкулы паэта «Не будзе беларус рабом нямецкіх баронаў», «Кліч да беларускага народа!», знакаміты верш-заклік «Беларускім партызанам».
Якуб Колас з жніўня 1942-га да 1 лістапада 1943-га жыў у Ташкенце, куды была пераведзена Акадэмія навук БССР, і актыўна супрацоўнічаў у гэты час з газетамі «Правда Востока», «Кзыл Узбекістан», «Фрунзевец». «Я ганаруся ўсведамленнем таго, што і я ўнёс сваю сціплую лепту на справу абароны Радзімы, супрацоўнічаючы ў «Фрунзевце». Няхай жа наша газетнае слова і слова мастака-пісьменніка б'юць, як востры меч, як трапная куля снайпера-чырвонаармейца, двуногіх фашысцкіх звяроў...» — пісаў Колас у адным з артыкулаў летам 1943 года. Усяго ж за гэты перыяд у названых газетах выйшла каля сотні вершаў, апавяданняў і артыкулаў беларускага песняра. Многія з іх даходзілі нават у дрымучыя партызанскія лясы — з дапамогай радыёстанцыі «Савецкая Беларусь», на якой прагучалі артыкулы «Злачынцы суда не мінуць», «Славяне борются», «Роднаму беларускаму народу», а таксама многія вершы і заклікі, якія таксама часта перадрукоўваліся ва ўлётках і брашурах.
***
Кузьма Чорны, які вымушаны быў пакінуць Мінск, дайшоў разам з бежанцамі да Крычава, дзе развітаўся з сям'ёй і рушыў у ваенкамат. 10 ліпеня 1941-га ён уступіў у шэрагі Чырвонай Арміі, але праз некалькі дзён быў пераведзены ў Клімавічы ў групу друку і стаў супрацоўнікам агітплаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», з рэдакцыяй якога пераязджаў то ў Гомель, то ў Чэбаксары, то ў Казань і, нарэшце, у Маскву. Тут ён працуе ў рэдакцыі часопіса «Беларусь» і практычна штодня піша па артыкуле, у тым ліку пад псеўданімамі Ігнат Булава з-пад Турава, Сымон Чарпакевіч, Максім Альшанік і іншымі. Сатырычныя фельетоны Чорнага ў 1942 годзе выйшлі таксама асобным зборнікам «Кат у белай манішцы».
Калі на Вялікай зямлі спатрэбілася перакінуць аднаго-двух беларускіх пісьменнікаў за лінію фронту, Чорны вызваўся добраахвотнікам. Але з-за хворага сэрца рэйд яму забаранілі, а на акупаваную тэрыторыю прабраліся паэты Антон Бялевіч і Анатоль Астрэйка. Астрэйка, дарэчы, бываў у глыбокім тыле ворага двойчы: першы раз, напрыклад, пераапрануўся ў форму нямецкага афіцэра, а другі, у 1943-м, разам з калегам быў закінуты на парашутах. Тут ён пісаў патрыятычныя заклікі і суцэльны комікс у вершах «Прыгоды дзеда Дубняка Міхеда», тут, у партызанскіх лясах, нарадзілася ўнікальная з'ява ваеннага часу — зборнік пад зусім мірнай, на першы погляд, назвай «Слуцкі пояс». Ён быў выдадзены асобным накладам у друкарні падпольнай газеты «Народны мсцівец» (орган падпольнага Слуцкага райкама партыі) і дадаткова аздоблены мастакамі-партызанамі
С. Залатым і С. Бяляевым. І гэта пры тым, што газетную паперу партызаны займелі, толькі адбіўшы яе ў ворага, друкарскія клішэ рабілі з бярозавых цурак, а замест фарбы выкарыстоўвалі гуталін ды сажу!
...У 2015-м да юбілею Перамогі Нацыянальная бібліятэка Беларусі падрыхтавала вялікі віртуальны праект «Памяць палаючых гадоў», які прадстаўляў у тым ліку перыёдыку, лістоўкі і рукапісныя матэрыялы, насценгазеты, плакаты, лісты, тэксты песень, што былі створаныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Збор атрымаўся надзвычай маштабны, але нават ён, адзначаюць бібліятэкары, не прэтэндуе на ўсю паўнату звестак па ваеннай тэме. Не можам прэтэндаваць на яе і мы. Хоць значная колькасць інфармацыі была перададзеная ў Беларусь у першыя пасляваенныя гады, з фондаў Дзяржаўнай бібліятэкі і асабістых архіваў пісьменнікаў, аднак невядомыя раней рукапісы, асобнікі падпольных выданняў могуць быць знойдзеныя і цяпер.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/partyzanskiya-gazety
[4] https://zviazda.by/be/tags/75-goddze-vyzvalennya-belarusi