Увесь снежань (і крыху ў лістападзе) Выдавецкі дом “Звязда” прымаў гасцей у крамах сеткі “Белкніга”. Сучасныя беларускія аўтары, якія шмат пішуць для дзяцей, прадстаўлялі свае кнігі, жартавалі, фантазіравалі, прыдумвалі незвычайныя заданні – адным словам, уцягвалі малых у дзівосныя казачныя сусветы. І, што не менш важна, паказалі дзецям, што пісьменнікі – гэта не толькі сталыя сур’ёзныя дзядзечкі з фатаздымкаў у школьных падручніках!
Персанажы казак Кацярыны Хадасевіч-Лісавой “прыйшлі” на сустрэчу разам са сваёй “гаспадыняй”. Камячок Пухлік, які ведае сто мільёнаў казак (мы не правяралі, але Кацярына ўпэўнівае, што гэта дакладна так), загадкавая Сіняя падушка, якая хавае ў сабе самыя добрыя сны, нябачныя жыхары кожнай школы (і ў вашай такія былі!) Асік, Бэсік і Вэсік проста зачаравалі дзетак, што прыйшлі ў краму “КнігаПоліс” 29 лістапада.
У “Кнігах і кніжачках” таксама не было калі сумаваць: разам з пісьменніцай Інай Фраловай дзеці вучыліся адрозніваць аптымістаў ад песімістаў, вымаўляць скорагаворкі на хуткасць, падбіраць прыгожыя рыфмы, а яшчэ – не верыць у прыкметы. Бо, калі ў вас нешта пайшло не так, ніякія чорныя каты, перабягаючыя дарогу, у гэтым не вінаватыя, так што будзьце паблажлівыя, не сварыцеся на жывёлак! Што ж рабіць, каб па жыцці ўсё атрымлівалася? Быць шчырым у любой справе, а яшчэ – верыць у Пігласа! Так раіць нам мастачка і дзіцячая пісьменніца Надзя Бука. На прэзентацыі ў “Кнігах і кніжачках” дзецям настолькі спадабалася гэта казачная істота, што яны пыталіся ў Надзі Букі, ці можна патэлефанаваць Пігласу, каб ён прынёс натхненне.
Вось такія яны, нашы аўтары і героі кніг – добрыя, вясёлыя і крыху чароўныя. Хочаце сустрэцца з імі? Прыходзьце на прэзентацыі ў “Белкнігу” ў наступным годзе! Ці проста чытайце нашы кнігі.
Алена Карпенка
Фота Яны Сабінай
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] https://zviazda.by/be/tags/knigi