Віцяблянка Паліна Ігнацьева-Крук выйграла ў знаўцаў "Што? Дзе? Калі?" 401 тысячу расійскіх рублёў, або 5820 даляраў. Фінал года выйшаў у эфір "Першага канала" ў ноч з 23 на 24 снежня.
Паліна задала пытанне аб англійскай карыкатуры XIX стагоддзя, прысвечанай Расіі. На ёй ёсць рускі мядзведзь, рускі казак, рускі мужык, рускі пасол і Аляксандр I. Знаўцы павінны былі здагадацца: як аўтар карыкатуры назваў цэнтральнага персанажа ў верхнім шэрагу?
Знаўцы адказалі "французскі салдат". Правільны адказ быў іншым "рускі мароз" (увага! спойлер! каб даведацца, вылучыце тэкст мышкай). Выйгрыш Паліны Ігнацьевай-Крук склаў 401 тысячы расійскіх рублёў, або 5820 даляраў.
У эфіры АНТ гульню знаўцаў супраць віцяблянкі і іншых тэлегледачоў можна будзе ўбачыць 30 снежня ў 23.15.
Пытанні Паліны Ігнацьева-Крук як мінімум восем разоў гулялі ў беларускім элітарным "Што? Дзе? Калі?". Чатыры разы яна выйгравала, а яшчэ чатыры разы - саступала знаўцам. У кастрычніку 2018 года яе пытанне выпала у 13 сектары расійскага тэлешоў і прынясло ёй перамогу.
Жыхарам паўночнага рэгіёну Беларусі ўвогуле шанцуе ў "Што? Дзе? Калі?". У студзені 2017 года віцяблянка Алеся Арцюхоўская выйграла ў знаўцаў амаль 7 тысяч даляраў, спытаўшы пра прадпрымальнікаў.
У снежня 2015 года палачанка Марына Варабей зарабіла ў інтэлектуальным клубе больш за 7 тысяч даляраў. Яна задала ім пытанне аб 10 правілах Альберта Эйнштэйна, якія навуковец рэкамендаваў выкарыстоўваць у паўсядзённым жыцці. Палачанка выйгравала ў гульні чатыры разы.
А віцяблянка Іна Лісава ў 2012 годзе выйграла супербліц у знаўцы клуба "Што? Дзе? Калі?" Аляксандра Друзя. Мэтр спатыкнуўся на пытанні: "Што азначае, калі акцёр Пекінскай оперы прысядае з лапаткай у руках, імітуючы вялікае напружанне?" - "Яму капае", - адказаў Друзь. А на самай справе гэта значыць, што герой плыве на лодцы. Прызам для Іны тады стала падарожжа на ледаколе на Паўночны полюс.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/shto-dze-kali