Самая маладая школа ў Кобрыне — школа № 9 — адзначыла свой 25-гадовы юбілей. Яе гісторыя пачыналася ў 1993 годзе з 15 класаў пачатковай школы. А сёння гэта дзяржаўная ўстанова адукацыі, у якой навучаецца 1221 дзіця, ёсць профільныя класы эканамічнага кірунку, адкрытыя таксама інтэграваныя класы для навучання дзяцей з асаблівасцямі здароўя.
Да святкавання юбілею настаўнікі разам з вучнямі падрыхтавалі своеасаблівы агляд сваіх поспехаў і дасягненняў, які і прадставілі падчас урачыстасцяў удзельнікам і гасцям. Вядома, найгалоўнейшае багацце любой школы — яе выпускнікі. І сярод выпускнікоў дзявятай нямала тых, якімі можа ганарыцца не толькі навучальная ўстанова, але і родны горад. Найперш таму, што яны выраслі годнымі людзьмі, сталі прафесіяналамі сваёй справы. З 1130 выпускнікоў, якія правучыліся тут усе 11 гадоў, 25 увайшлі ў гісторыю ўстановы як медалісты. Многія выбралі прафесіі педагога і ўрача. Аляксандр Гелах стаў оперным спеваком, ён паспяховы саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета. Станіслаў Кузьміч і Максім Баярскі дасягнулі значных поспехаў у спорце.
На іх прыкладах выхоўваюцца цяперашнія вучні, якія нярэдка радуюць сваіх педагогаў перамогамі на алімпіядах ды творчымі поспехамі.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/my-razam-belarus