Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава з цеплынёй паразмаўляла з дзецьмі, якія расказалі ёй аб сваіх патаемных жаданнях. Пасля навагодняга паказу, уручаючы салодкія падарункі, Наталля Качанава пажадала хлопчыкам і дзяўчынкам расці здаровымі, прыгожымі і разумнымі.
У гутарцы з журналістамі яна сказала, што такія цудоўныя дзеці, а ў дзіцячым доме іх цяпер 65, павінны былі б адзначаць гэта свята з сем'ямі. Аднак жыццё распарадзілася інакш. Таты і матулі большасці выхаванцаў пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Цяпер аб іх клапоцяцца выхавальнікі. «Я ўдзячна людзям, якія працуюць у гэтым дзіцячым доме з малымі, аддаюць ім часцінку свайго сэрца, цяпла, любові. Таму што ўсе яны — нашы дзеці. І наша акцыя менавіта так і называецца», — падкрэсліла яна.
Наталля Качанава ўручыла дырэктару дзіцячага дома сертыфікат на набыццё абсталявання для кухні, а таксама сродкаў навучання. Падарунак для дзіцячага дома вельмі каштоўны. Прадукты харчавання для некаторых выхаванцаў па стане здароўя трэба спецыяльна апрацоўваць.
Навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» стартавала ў Беларусі 10 снежня і прадоўжыцца па 11 студзеня. У Беларусі яна стала ўжо добрай традыцыяй. Наталля Качанава прызналася, што яе кожны раз перапаўняюць асаблівыя пачуцці. «Напярэдадні Новага года мы прыходзім у дзіцячыя дашкольныя ўстановы, школы, бачым усмешкі дзяцей, як яны радуюцца ў чаканні свята, сустрэчы з казачнымі героямі. Для кожнага дарослага гэта асаблівыя пачуцці», — дадала яна.
Галоўная мэта акцыі — не пакінуць без увагі ніводнае дзіця. Навагоднія святы, паказы і ранішнікі праходзяць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Кіраўнікі дзяржорганаў і прадпрыемстваў, лідары грамадскіх аб'яднанняў наведваюць сацыяльна значныя аб'екты і віншуюць дзяцей, дораць ім камп'ютарную тэхніку, цацкі, спартыўны інвентар, ласункі. Асаблівая ўвага ўдзяляецца дзецям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, выхаванцам школ-інтэрнатаў.
Паводле БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kachanava